viasna on patreon

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў зварот віцебскага ўрача Ігара Пастнова

2014 2014-04-08T15:26:28+0300 2014-04-08T15:26:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan-sciag.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля неаднаразовых выступаў з крытыкай мясцовых уладаў і стану медустаноў у Віцебскай вобласці ўрач Ігар Пастноў быў прымусова накіраваны на псіхіятрычнае лячэнне. Накіраванне было санкцыянавана судом Віцебскага раёна.

Ігар Пастноў лічыць, што прымусовае лячэнне ў закрытым аддзяленні абласнога пісхіятрычнага шпіталю – гэта помста за крытыку і адкрытую грамадзянскую пазіцыю. Прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ён лічыць расправай за вальнадумства і грамадзянскую пазіцыю. Паколькі ён сам урач-псіхіятар па спецыяльнасці, то выказвае сумнёвы і ў правільнасці псіхіятрычнага дыягназу, які яму паставілі. Прымусовае лячэнне ў медустанове працягвалася больш за месяц.

Зварот у КПЧ ААН віцебскі ўрач накіраваў у лютым гэтага года. Ён датычыць судовага рашэння наконт накіравання яго на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай клініцы. Ігар Пастноў лічыць, што падчас суда ў дачыненні да яго асобы было парушана адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Віцебскаму “урачу-праўдарубу”, якога гвалтам накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне не ўдалося абскардзіць рашэнне раённага суда, вынесенае суддзёй Тацянай Дзегцяровай. Ягоныя сведчанні пра тое, што ў судзе не прысутнічалі ні ён сам, ні адвакат, да паслуг якога адміністрацыя псіхіятрычнага шпіталю ўвогуле не дазволіла звярнуцца, не былі прынятыя ні Віцебскім абласным, ні Вярхоўным судом.

Падкрэсліваючы, што суды праігнаравалі ягонае права на незалежнае і аб’ектыўнае судовае разбіральніцтва, ён просіць Камітэт па правах чалавека ААН прыняць ягоны зварот да разгляду, прызнаць яго абгрунтаваным, а дзяржаву, Рэспубліку Беларусь, прызнаць парушальніцай шэрагу артыкулаў і пунктаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і абавязаць кампенсаваць судовыя выдаткі і маральную шкоду.

У адказе з КПЧ Ігару Пастнову паведамілі, што ягоны зварот ад 22 лютага 2014 году зарэгістраваны 21 сакавіка 2014 году. І што копія ягонага допісу даслана беларускаму ўраду. Ігару Пастнову будзе паведамлена, што беларускі бок адкажа КПЧ ААН, каб віцебскі ўрач меў магчымасць для адказу ці наступных каментароў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства