viasna on patreon

Топ-4 парушэньняў правоў чалавека ў 2013 годзе ад Тацяны Равякі

2014 2014-04-08T12:38:08+0300 2014-04-08T12:38:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/7228-raviaka-forum-311x207.jpeg
Таццяна Рэвяка.

Таццяна Рэвяка.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» выдаў чарговы агляд-хроніку «Сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2013 годзе».

Аўтар-складальнік 300-старонкавай кнігі Тацяна Равяка сказала ў інтэрвію Радыё Свабода, што 2013 год запомніцца кансэрвацыяй і ўмацаваньнем сыстэмы парушэньня правоў чалавека:

«Калі б яна была зроблена з жалеза, то ў 2013 годзе яна стала б іржавай».

«Вясна» выдае хронікі парушэньняў правоў чалавека з 1998 году. Прапусьцілі толькі 2011 год — вельмі цяжкі, у прыватнасьці і з-за арышту Алеся Бяляцкага. Але пасьля традыцыя выдаваць зборнікі аднавілася. І я лічу, што гэта вельмі важна — фіксаваць парушэньні. Жыцьцё праходзіць, падзеі забываюцца. Але мы такім чынам робім свой унёсак у гісторыю правоў чалавека«, — сказала Тацяна Равяка.

Праваабаронца падзялілася сваім топ-4 парушэньняў правоў чалавека, якія запомняцца ў 2013 годзе.

1. Палітычныя вязьні. «Тое, што яны ёсьць, гэта факт дыскрымінацыі людзей за іншадумства, за нязгоду з афіцыйнай палітыкай. Цягам 2013 году ў Беларусі было 11 чалавек, які адбывалі пакараньне з палітычных матываў».

2. Сьмяротнае пакараньне. «Яно робіць Беларусь чорнай дзіркай у Эўропе ў галіне правоў чалавека».

3. Адсутнасьць свабоды выказваньня. «Гэта закранае цэлы аспэкт парушэньняў правоў чалавека — выказваньне на старонках СМІ, дэманстрацыя нязгоды з выхадам на вуліцу, аб’яднаньне ў суполкі і арганізацыі».

4. Адміністрацыйныя прэвэнтыўныя арышты. «Цягам 2013 году ў Беларусі пад адміністрацыйны арышт трапілі 46 чалавек, некаторыя па 1 разу, а некаторыя — разоў 4–5. І тут несуцяшальная тэндэнцыя, таму што ўжо ў 2014 годзе такіх чалавек 31. А год практычна толькі пачаўся. Гэта значыць, што любая праява публічнай дзейнасьці цалкам душыцца дзяржавай. Асабліва абуральна, што людзей затрымліваюць прэвэнтыўна, толькі праз тое, што ўлады дапускаюць, што чалавек можа паўдзельнічаць у той ці іншай акцыі».

Сярод інфармацыі, прысьвечанай палітычным зьняволеным, у кнізе падрабязна апісваюцца парушэньні, зьдзейсьненыя ў дачыненьні да віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека і старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

«Алесь Бяляцкі — старшыня нашай арганізацыі, і зразумела, што калі мы рыхтавалі зборнік, было складана пазьбегнуць пэўнага суб’ектывізму. Але, зь іншага боку, на прыкладзе Алеся ў кнізе даецца карціна таго, што адбываецца зь іншымі палітвязьнямі. З Алесем сытуацыя ўнікальная ў тым пляне, што ён не палітык, у яго зусім іншы статус. За нашу гісторыю назіраньняў ні з кім не абыходзіліся так, як з Алесем. Ён у рэжыме поўнай ізаляцыі, яму забаронена размаўляць зь іншымі зьняволенымі, нельга нават вітацца. Атрымліваецца, што яго знаходжаньне ў калёніі ператворанае ў „ізаляцыю ў ізаляцыі“. Нягледзячы на гэта, ён вельмі шмат лістуецца, выдаў кнігу „Асьвечаныя Беларушчынай“», — распавяла Тацяна Равяка.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства