Перавагі вольнага слова над казённым

2007 2007-06-04T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пераможная ракіроўка

Свежае апытанне, зладжанае сацыёлагамі НІСЭПД, дало вынік, бясспрэчна прыемны для незалежнай медыя-супольнасці. За мінулыя паўгода рэзка вырас індэкс даверу недзяржаўнай прэсе. Яшчэ болей: паводле гэтага паказчыку незалежныя СМІ апярэдзілі дзяржаўныя.

Аўтары даследавання вызначаюць гэты індэкс як "суадносіны рознасці колькасці тых, хто давярае, і тых, хто не давярае, да колькасці тых, хто адказаў на пытанне". Аматараў навуковых нюансаў можна адрасаваць да сайту НІСЭПД, на якім змешчаны матэрыял. Астатнім патлумачым папулярна: калі гэты індэкс з плюсам, то людзей, што давяраюць, болей, і наадварот.

Дык вось, летась у лістападзе незалежная прэса мусіла задавальняцца паказчыкам -0,076, а вось сёлета ў траўні займела +0,152. Дзяржаўныя ж мэдыі заўважна спаўзлі: з +0,207 да +0,114. Яшчэ некалькі цікавых лічбаў: давяраюць незалежным СМІ 50,6% апытаных, не давяраюць — 35,5%. У дзяржаўнай прэсы — адпаведна 51,0% і 39,7% (як бачым, стаўленне да яе болей палярызаванае).

Гэтую, са слоў сацыёлягаў, "ракіроўку індэксаў" варта разглядаць у болей шырокім кантэксце. Рэч у тым, што даследчыкі рэгулярна замерваюць адпаведныя паказчыкі не толькі ў медыйнай сферы. Дык вось, яны робяць выснову, што "галоўная асаблівасць дынамікі індэксаў даверу дзяржаўным і грамадскім інстытутам за апошнія паўгода палягае ў росце гэтага паказчыка ў грамадскіх інстытутаў і падзенні — у дзяржаўных".

Аўтары даследавання лічыць гэта наўпроставым наступствам "нафтагазавай вайны". І прыводзяць свежы прыклад, калі афіцыёз фактычна прамаўчаў наконт нядаўняга падпісання дамовы з "Газпромам" аб продажы пакету акцыяў "Белтрансгазу". "Уражанне такое, нібыта дзяржаўныя СМІ набралі ў рот вады, а гаворка ж ідзе не аб продажы камерцыйнага шапіка, а аб частцы беларускага "фамільнага срэбра"!", — іранізуюць сацыёлагі. Яны нагадваюць: год таму 82% беларусаў выказвалі меркаванне, што прадаваць газатранстпартную сістэму не варта ні пры якіх абставінах. "Вось і даводзіцца "народнай" уладзе ўтойваць ад народу свае ўчынкі", — робяць выснову адмыслоўцы НІСЭПД.

Такім чынам, усё проста. Пакуль дабрабыт рос дзякуючы танным энерганосьбітам, значная частка грамады была схільная паверыць у казку пра беларускі цуд. Ці, ва ўсякім разе, не адчувала раздражнення ад прапагандысцкай рыторыкі. Калі ж грымнула "нафтагазавая вайна", а потым сталі вылазіць бокам яе наступствы — папаўзлі ўгору камунальныя тарыфы, цэны, сталі скасоўвацца льготы і г.д. — як на далоні выявілася няшчырасць і бездапаможнасьць падпарадкаваных кіроўным вярхам медыяў.

Прапаганду хістала з боку у бок: ад інтэграцыйнай рыторыкі да праклёнаў на адрас расейскіх вярхоў, ад бадзёрых рапартаў, што эканоміка вытрымала ўдар, да заяваў, што без адбірання льготаў у інвалідаў ды чарнобыльцаў нашыя фінансы ляснуцца... А самыя нявыгадныя рэчы, што сведчаць пра фіяска ранейшых абяцанняў, наверсе палічылі за лепшае і ўвогуле ахутаць маўчаннем.

Людзі ж пацягнуліся да праўды. І аказалася, што менавіта незалежныя СМІ — выкінутыя з шапікаў і каталогаў, выціснутыя ў эміграцыю і віртуальны абсяг — засталіся адзінымі крыніцамі поўнай інфармацыі і ўсебаковага аналізу хвалюючых грамадства праблемаў.

Вядома, дынаміка згаданага рэйтынгу не ёсць падставай для эйфарыі. Бо самыя балючыя праблемы недзяржаўнай прэсы так і не вырашаны. У прыватнасці, рэпрэсаваныя некалі выданні так і не з'явіліся ў падпісных каталогах. То бок умовы дзейнасці незалежных і дзяржаўных медыяў па-ранейшаму няроўныя.

Ну а тое, што нават ва ўмовах дыскрымінацыі адбылася пераможная для незалежных СМІ ракіроўка, лішні раз даводзіць перавагі вольнага слова над казённым.

Алесь УЛАДАМІРСКІ, спецыяльна для www.baj.by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства