Бялыніцкія ўлады абяцаюць захаваць сярэднюю школу ў аграгарадку Вялікая Машчаніца

2014 2014-04-01T10:15:59+0300 2014-04-01T10:15:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mashchanica-shkola-shylda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напрыканцы сакавіка незалежны журналіст, жыхар аграгарадка Вялікая Машчаніца Барыс Вырвіч атрымаў адказ з на свой зварот да старшыні Бялыніцкага райвыканкама Мікалая Кадаценкі з патрабаваннем захаваць у Машчаніцы сярэднюю школу, якую мясцовыя ўлады без правядзення ўсялякага грамадскага абмеркавання збіраліся ператварыць у базавую.

У адказе за подпісам намесніка старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзеі Серыкавай паведамляецца, што “на ваш зварот у Бялыніцкі раённы выканаўчы камітэт па пытанні змены віду дзяржаўнай установы адукацыі “Машчаніцкая сярэдняя школа Бялыніцкага раёна” на базавую школу паведамляем, што змена віду школы, размешчанай у аграгарадку вялікая Машчаніца з сярэдняй на базавую, Бялыніцкім раённым выканаўчым камітэтам не разглядалася і не плануецца разглядаць ў 2014 годзе”.

Таксама Надзея Серыкава паведамляе, што дадзеная інфармацыя была даведзена да 35 бацькоў і 18 педагогаў 14 сакавіка на агульнашкольным бацькоўскім сходзе начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Бялыніцкага райвыканкама Шчацінка Лідзіяй Аляксандраўнай.

“Добра, што бялыніцкія раённыя ўлады вырашылі не пераўтвараць сярэднюю школу ў аграгарадку Вялікая Машчаніца ў базавую, - выказвае меркаванне Барыс Вырвіч. – На маю думку, гэтаму вельмі паспрыяла кансалідаваная пазіцыя на гэты конт бацькоў вучняў школы. Згодна маёй інфармацыі, гэтую пазіцыю бацькоў вучняў падтрымаў і старшыня Бялыніцкага райвыканкама Мікалай Кадаценка, таму нашы слаўныя чыноўнікі ад адукацыі вырашылі пакуль не ажыццяўляць сваю ініцыятыву па пераўтварэнні сярэдняй школы ў базавую.

Разам з тым, бацькі вучняў, якія зараз навучаюцца з дзевятым класе Машчаніцкай школы, па-ранейшаму вельмі занепакоеныя тым, ці будзе ў наступным навучальным годзе ў школе 10 клас. Дарэчы, адказу на калектыўны зварот у Магілёўскае абласное ўпраўленне адукацыі на гэты конт яны так пакуль і не атрымалі. Я асабіста магу пацвердзіць, што ніякай інфармацыі на гэты конт не агучыла на бацькоўскім сходзе 14 сакавіка ў Машчаніцкай СШ і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Бялыніцкага райвыканкама Лідзія Шчацінка. На сходзе Лідзія Аляксандраўна толькі паведаміла, што бацькоўскі сход сабраны як мера рэагавання на звароты бацькоў вучняў у органы выканаўчай улады, распавяла пра плённую працу аддзела адукацыі Бялыніцкага райвыканкама, аднак так і не адказала на галоўнае пытанне – ці будзе ў наступным навучальным годзе ў Машчаніцкай школе 10 клас і ці застанецца школа сярэдняй? Так што да Надзеі Серыкавай давялі не зусім дакладную інфармацыю, па старой журналісцкай звычцы, у мяне ёсць дыктафонны запіс гэтага сходу, таму я дакладна ведаю, што там казалі, а што не казалі”.

Нагадаем, што жыхары аграгарадка Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна 11 сакавіка накіравалі калектыўны зварот на імя начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. У сваім звароце жыхары аграгарадка патрабавалі ад упраўлення адукацыі захаваць у Машчаніцы сярэднюю школу, якую мясцовыя ўлады без правядзення ўсялякага грамадскага абмеркавання збіраюцца ператварыць у базавую.

Раней зварот на імя старшыні Бялыніцкага райвыканкама Мікалая Кадаценкі накіраваў мясцовы журналіст Барыс Вырвіч. У звароце ён папрасіў Бялыніцкі раённы выканаўчы камітэт не прымаць паспешлівых і неабдуманных рашэнняў, тым больш, што рашэнне аб ператварэнні Машчаніцкай СШ у базавую рыхтавалася без правядзення агульнага сходу бацькоў вучняў, якія навучаюцца ў школе, і правядзення грамадскага абмеркавання. У выпадку прыняцця рашэння Барыс Вырвіч папярэджваў Бялыніцкі райвыканкам, што ім, у строгай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, на падставе артыкула 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь” будзе ініцыявана правядзенне масавых мерапрыемстваў з мэтай публічнага выяўлення пратэсту (з выкарыстаннем плакатаў і транспарантаў) супраць кулуарнага ператварэння Машчаніцкай сярэдняй школы ў базавую без усялякага грамадскага абмеркавання.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international