Валянцін Стэфановіч: Была б палітычная воля – палітзняволеныя заўтра былі б на свабодзе

2014 2014-03-31T09:19:17+0300 2014-03-31T09:19:17+0300 be

Ці могуць вызваліць палітвязня Алеся Бяляцкага ў сувязі з амністыяй і апошнімі заявамі Лукашэнкі? Пра гэта наш карэспандэнт гутарыць з праваабаронцам Валянцінам Стэфановічам.

Нагадаем, што 21 студзеня 2014 падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі буйных беларускіх СМІ, афіцыйны лідар заявіў, што быццам бы не чуў, што прадстаўнікі грамадскасці даўно кампенсавалі шкоду, якую, як вызначыў суд, нібыта нанёс дзяржаве праваабаронца Бяляцкі.

«Гэта сур'ёзны аргумент, - дадаў Лукашэнка. - Тут справа не ў палітыцы і не ў пазіцыі самога Бяляцкага. Клянуся вам, я яго не ведаў і не ведаю». Па яго словах, калі інфармацыя пацвердзіцца, павінна быць разгледжанае пытанне пра ўжыванне да Бяляцкага амністыі.

Валянцін Стэфановіч: Закона аб амністыі яшчэ няма, таму сёння разважаць пра нешта можна толькі тэарэтычна. Але ж дакладна вядома, што амністыя не распаўсюджваецца на злосных парушальнікаў рэжыма, а Алесь знаходзіцца менавіта ў такім статусе.

РР: Лукашэнка заявіў, што будзе разгледжана пытанне пра ўжыванне да Бяляцкага амністыі. Магчыма, такая заява нейкім чынам паўплывае на вызваленне праваабаронцы?

Валянцін Стэфановіч: Цытату трэба чытаць цалкам. Бо пазней Лукашэнка сказаў, што будуць амніставаць не асобаў, а катэгорыі. І, калі Бяляцкі будзе падпадаць пад катэгорыю, то яго вызваляць. Не – значыцца не. Паўтаруся, зараз, калі Алеся зрабілі злосным парушальнікам, ён пад амністыю не трапляе. А ўвогуле, усё залежыць ад палітычнай волі ўладаў. Калі была б такая воля, то палітвязні маглі б аказацца на свабодзе ўжо заўтра.

РР: Можа чэмпіянат свету па хакеі, які праз месяц адбудзецца ў Менску, паскорыць выхад палітзняволеных на волю?

Валянцін Стэфановіч: Не думаю. І наогул, на мой погляд, у плане вызвалення палітвязняў гэты чэмпіянат занадта пераацанілі. Гэта далёка не Алімпіяда і не чэмпіянат свету па футболе – сапраўды грандыёзныя спартыўныя святы, на якія збіраецца мноства турыстаў і высокія дзяржаўныя кіраўнікі. Няўжо Лукашэнка разлічваў, што на хакейнае першынство ў Менск прыедуць Абама ці Меркель? Не, натуральна. Ды і не вельмі важна гэта для яго. Пуціна і Назарбаева будзе дастаткова… А чэмпіянат пройдзе ў любым выпадку, бо Міжнародная федэрацыя хакея заявіла, што яна супраць палітызацыі спорту.

РР: Ці дапамагло б Алесю Бяляцкаму ў такім выпадку напісанне прашэння аб памілаванні?

Валянцін Стэфановіч: Лукашэнка сказаў, што, калі будзе такая папера, то ён яе падпіша. Як я разумею – гэта адзіны магчымы варыянт, які ён дапускае пры вызваленні. Маўляў, гэта такі прапарцыйны адказ Захаду, які ціснуў санкцыямі. І фактычна гэта прынцыповая пазіцыя Лукашэнкі. Але ж пісаць прашэнне аб памілаванні не прымусіш. Чалавек сам вырашае, ніхто не мае праву яму нешта ўказваць. Гэта выключны выбар кожнага. І калі людзі лічаць напісанне прашэння прызнаннем сваёй віны, то значыць яны і пісаць нічога не будуць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international