Пад Гомелем знойдзеныя новыя Курапаты?

2007 2007-06-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лясным масіве пад Гомелем, на тэрыторыі Прыбыткоўскага сельсавета, салдаты 52 га спецыялізаванага пошукавага батальёна вядуць раскопкі на месцы масавага пахавання расстраляных людзей.

Як паведамілі БелаПАН вайскоўцы батальёна, інфармацыя аб пахаванні на гэтым месцы забітых у гады другой сусветнай вайны людзей паступіла ад мясцовых жыхароў. «Мы знайшлі ўжо больш за 20 астанкаў людзей, фрагменты абутку, адзення, — паведаміў БелаПАН адзін з вайскоўцаў, якія бяруць удзел у раскопках. — Плануецца, што ўзнімем на паверхню яшчэ 40 астанкаў. Сярод знаходак няма гільзаў — толькі кулі, што заселі ў чэрапах забітых. Хутчэй за ўсё, загінулыя — мірныя жыхары, расстраляныя фашыстамі ў гады вайны».

Камандзір пошукавага атрада Дзмітрый Бахановіч таксама паведаміў БелаПАН, што сярод знаходак няма куль, патронаў або гільзаў, як няма і нейкіх прадметаў, што сведчылі б аб прыналежнасці людзей да ваенных або мірных жыхароў. Пра тое, што людзі былі расстраляныя, гавораць кулявыя адтуліны ў чэрапах і грудных клетках. Паводле слоў Д.Бахановіча, па выніках судмедэкспертызы пракуратура Гомельскага раёна будзе выносіць рашэнне аб распачынанні або адмове ў распачынанні крымінальнай справы.

У сваю чаргу грамадскія актывісты Андрэй Мельнікаў і Канстанцін Жукоўскі, якія прыязджалі на месца раскопак да іх пачатку, паведамілі БелаПАН, што на месцы пахавання яны бачылі мноства гільзаў, як мяркуецца, ад савецкай зброі. Паводле іх слоў, тут маглі расстрэльваць мясцовых жыхароў у 1930 1940 х гадах супрацоўнікі НКУС. «Падобныя магілы былі ў Курапатах. Гэта не нямецкі стыль — закопваць людзей прыкладна па 20 чалавек у яму, як гэта зроблена тут, — зазначыў А.Мельнікаў. — Вядома, што ў лясах Навабеліцкага раёна вяліся расстрэлы ў сталінскія часы. Але афіцыйныя крыніцы ў 1990 х гадах сцвярджалі, што пахаваны там крымінальныя злачынцы, а не палітычныя. Камандзір пошукавага атрада сцвярджае, што гільзаў і куль у магілах не знаходзілі, але ўчора мы знялі на відэа і фота шмат гільзаў, што ляжалі каля раскопак. Можа, камусьці выгадна ўтаіць праўду і спісаць усё на немцаў?»

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international