“Хронікі палітычнага тэрору” – сведчанні сваякоў расстраляных

2014 2014-03-24T15:57:08+0300 2014-03-24T16:03:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hroniki_palitteroru-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кніга “Хронікі палітычнага тэрору. Крупскі рэгіён. 1918-2008”

Кніга “Хронікі палітычнага тэрору. Крупскі рэгіён. 1918-2008”

Смяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Злачынствы камунізму не былі асуджаныя ў Беларусі, і сучасная ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных.

 

Людзям, расстраляным за свае погляды, прысвечаная кніга “Хронікі палітычнага тэрору. Крупскі рэгіён. 1918-2008”. Даведнік утрымлівае звесткі пра рэпрасаваных і расстраляных Крупскага і Халапеніцкага рэгіёну, а таксама тэксты Сяргея Дубаўца, напісаныя да 20-годдзя адкрыцця праўды пра Курапаты.

У кнізе шмат інфармацыі і фактаў з архіваў спецслужбаў, якія публікуюцца ўпершыню, а таксама шмат аўтэнтычных фотаздымкаў – гэта фота расстраляных людзей ды іх сем’яў. Аўтар-укладальнік – даследчык з Крупак Андрэй Аляхновіч, рэдактар Сяргей Дубавец.

Падчас працы над кнігаю даследчык Андрэй Аляхновіч сабраў унікальны матэрыял, у тым ліку - успамін Ірыны Ашкер пра тое, як яе маці бачыла выхад на расстрэл бацькі з брамы турмы ў Воршы. Гэта сапраўды рэдкае сведчанне, бо звычайна расстрэлы праходзілі таемна.     

 

Распавядае Ірына Ашкер:

“Гэта было на досвітку, гадзін можа ў чатыры… яны пачыналі забіраць з канца вуліцы – у іх быў спіс, па якім яны бралі. У нас адразу забралі бацьку і дзеда. Наступнай раніцай маці паехала ў Воршу папярэдзіць брата Рыгора. А пасля ўвечары каля нас спынілася машына, выйшлі, прывіталіся сказалі: “Пройдзем! Мы вас арыштоўваем”.  Так арыштавалі Сафію – бабцю і цётку Надзю.  Бабы ў плач… Баба ўзяла сабе ікону – у рушнік укруціла. Яны яе спынілі: «Она вам не нужна, оставьте её дома». І праз некалькі дзён мама зноў паехала ў Воршу – даведацца, што з імі ўсімі. Сала ўзяла, хлеба, жанчынам вопратку. Адзенне для жанчын у турме забралі, а для мужчын – нічога не ўзялі. Мама ездзіла ў Воршу з малодшай сястрой… Яны былі ва ўнутраным двары Аршанскай турмы і убачылі, як сталі выводзіць людзей – адчынілі браму, салдат паставілі з двух бакоў і сталі выводзіць людзей… як з хлева, рукі назад… у шэрым, рабым, хто у якім – ішлі мужчыны, сагнуўшы галовы. І яны бачылі гэта ўсё – маці і цётка. Бацька маці толькі рукой махнуў: “Мяне не чакай, едзь дамоў!” Маці страціла прытомнасць і не памятае, хто яе прывёз дадому. А цётка кажа: “Я пачала плакаць. А іх ўсіх сталі садзіць у машыны. Адна машына падыходзіць, другая… І ўсе людзі стаялі і глядзелі. Моўчкі. Ніхто ніводнага слова не сказаў. А за спінамі ў іх стаяла ахова з вінтоўкамі”. Сястра прывезла маці дамоў…”

 

Гэта ўспаміны Ірыны Ашкер, 1934 г.н., дачкі Міхаіла Ашкера, 1906 г.н., - арыштаванага ў 1937 г. і расстралянага 10.11.1937 у Оршы. Разам з ім у гэтую ж ноч расстралялі яго бацьку, маці, брата і сястру. Яшчэ аднаго брата расстралялі ў 1938 годе ў Маскве. (гл. Картатэка Сталіна)

            

У кнізе “Хронікі палітычнага тэрору. Крупскі рэгіён. 1918-2008”  змешчаныя кароткія звесткі пра лёс расстраляных і рэпрасаваных жыхароў Крупшчыны. Падаецца інфармацыя пра 2 253 рэпрасаваных. Укладальнікі кнігі асабліва дзякуюць “усім – пацярпелым ад рэпрэсій, а таксама іх родным”.

 

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі і звесткі з кнігі “Хронікі палітычнага тэрору. Крупскі рэгіён. 1918-2008”

 

Паліна Сцепаненка для кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

“Хронікі палітычнага тэрору” – сведчанні сваякоў расстраляных
Даследчык Андрэй Аляхновіч
Ілюстрацыя ў кнізе - “Вораг народу”, карціна мастака з Крупак Сяргея Варламава
Міхаіл Ашкер
Надзея Ашкер з сям’ёй

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international