Дэпутаты не змаглі патлумачыць, чаму адмянілі льготы былым вязням канцлагераў

2007 2007-05-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Права на бясплатныя лекі, зубныя пратэзы і праезд у грамадскім транспарце згубілі былыя вязні фашысцкіх канцлагераў. Цяпер яны маюць права толькі на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне на аснове частковай аплаты ў залежнасці ад прыбыткаў.

Год таму ў Беларусі заставалася 55 з паловай тысяч былых вязняў канцлагераў. Сёння гэтая лічба яшчэ меншая. Многія з іх увогуле не карыстаюцца льготамі — жывуць у вёсках, нікуды не ездзяць (нават у лякарні).

Еўрарадыё паспрабавала адшукаць адказ на пытанне, якая карысць дзяржаве адмяняць гэтым людзям ільготы, калі яна такім чынам не выйграе шмат? І навошта забіраць ільготы ў тых нешматлікіх былых вязняў, якім гэтыя льготы патрэбныя?

Льготы, якія існавалі, не вельмі дапамагалі былому вязню Анастасіі Фёдараўне Ігнатовіч. Але гэта, акрамя нямецкіх грашовых выплатаў, была хоць нейкая падтрымка. Гісторыю сваёй мамы распавядае дачка Анастасіі Ігнатовіч Ніна: “Прыйшлі немцы, усю вёску выгналі і пагналі ў балота, як пасля аказалася - лагер пад Азарычамі. Абнеслі гэтае балота калючым дротам. А вакол замініравалі. Без вады, без ежы туды загналі. І толькі на другі ці на трэці дзень прывезлі хлеб. І хлеб з машыны кідалі ім з усёй моцы. Камусьці бывала разбівалі твар, і зубы выбівалі”.

Якой жа логікай кіраваліся дэпутаты, прымаўшы праект закону, у якім удзельнікам вайны льготы пакінулі, а былым вязням адмянілі? Валерый Лектараў, член камісіі па працы і сацыяльнай абароне, напрыклад, лічыць змены, якія адбыліся датычна былых вязняў, лагічнымі: “Я ведаю вязня, які нават не ведае, у якім лагеры быў. А ён атрымаў і датацыі пэўныя, і ўсё астатняе…Калі ў чалавека не будзе хапаць па пражытковым мінімуме, як сёння - 60% бюджэту пражытковага мінімуму, ці нешта іншае, то будзе градацыя і рэальная дапамога ў выглядзе грошай”.

Астатнія дэпутаты наўпрост адмаўляліся каментаваць рашэнне адмяняць грошы, нягледзячы на тое, што галасавалі за прыняцце законапраекта. Ганна Бурава, да прыкладу, сказала наступнае: “Як я магу вам тлумачыць, калі ў мяне камісія па жыллёвай палітыцы? Ёсць камісія профільная, званіце туды. Гэта нават неэтычна лічыцца, калі дэпутат няпрофільнай камісіі дае нейкія тлумачэнні па пытанні законапраекта не сваёй камісіі”.

Еўрапейскае радыё пазваніла кіраўніку камісіі па працы і сацыяльнай абароне Сяргею Камянецкаму. Аднак, як аказалася, зноў не па адрасе: “Гэта не мне, не ў мой адрас. Гэта, калі ласка, распрацоўшчыку. Распрацоўшчык - Савет міністраў”.

Некаторыя дэпутаты, магчыма, увогуле ўпершыню ад Еўрарадыё даведаліся, што былых вязняў канцлагераў пазбавілі льготаў. Кіраўнік галоўнага ўпраўлення комплекснага аналізу і каардынацыі Міністэрства працы Яўген Каспяровіч адкаментаваў факт надзвычай лаканічна: “Так, атрымліваецца, адмянілі”.

Дэпутаты не маглі патлумачыць Еўрапейскаму радыё прычынаў адмены льготаў былым вязням фашысцкіх канцлагераў, накіроўвалі нас ад аднаго да другога. Міністэрства працы параіла звярнуцца да кіраўніка камісіі па працы і сацыяльнай абароне Сяргея Камянецкага, які таксама накіраваў нас у іншыя інстанцыі.

Складваецца ўражанне, што Палата прадстаўнікоў нічога сама не вырашала. Гэтай думкі прытрымліваецца і былы спікер парламента Мечыслаў Грыб: “Гэты праект лабіраваў прэзідэнт. Ён прасіў разглядзець праект у першую чаргу без усякіх пытанняў. Гэта гаворыць пра тое, што ніякага парламенту ў нас няма”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства