Шклоў: пра судзімасць старшыні райсавета ўпарта адмаўляюцца паведамляць выбаршчыкам

2014 2014-03-19T15:05:38+0300 2014-03-19T15:06:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shklou-paulovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 18 сакавіка атрымаў адказ з пракуратуры Шклоўскага раёна на сваю паўторную заяву, у якой ён зноў звяртаў увагу на парушэнні выбарчага заканадаўства ў Шклоўскім раёне, а таксама паўторна прасіў супрацоўнікаў пракуратуры Шклоўскага раёна патлумачыць, на якой падставе пасаду старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў займае Міхаіл Паўловіч, які мае судзімасць.

Пракурор Шклоўскага раёна Дзмітрый Лянчэўскі напісаў у дакуменце, які дасланы таксама і на адрас старшыні Шклоўскай раённай выбарчай камісіі А. Р. Гурынава: “Накіроўваю зварот Кастусёва Р. А. для разгляду, дачы адказу і тлумачэння парадку абскарджання адказу Шклоўскай раённай камісіі па выбарах дэпутатаў Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання”.

“Мне даслалі з пракуратуры чарговую адпіску, - распавядае Рыгор Кастусёў. – У шэрагу з іншымі ў сваёй заяве ў пракуратуру я задаваў канкрэтнае пытанне – на якой падставе займаў пасаду старшыні Шклоўскага райсавета Міхаіл Паўловіч, які на момант свайго прызначэння на гэту пасаду меў непагашаную судзімасць. Зразумела, што на гэта пытанне выбарчая камісія адказаць не можа, пра гэта мне канкрэтна напісаў у сваім адказе старшыня Шклоўскай раённай камісіі спадар Гурынаў “Пытанне знаходжання на пасадзе старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Паўловіча М. В. не з’яўляецца кампетэнцыяй Шклоўскай раённай выбарчай камісіі”.

Чаму пракуратура таксама не хоча адказваць на гэта пытанне, можна толькі здагадвацца. Магчыма, яе супрацоўнікі не вельмі хочуць задаваць непрыемныя пытанні высокім шклоўскім чыноўнікам”.

Па словах Рыгора Кастусёва, шклоўская раённая газета “Ударны фронт” так і не апублікавала інфармацыю пра судзімасці кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага райсавета. Няма такой інфармацыі і ў інфармацыйных матэрыялах пра кандыдатаў у дэпутаты, якія распаўсюджваюцца сярод выбаршчыкаў.

“Адзінае, што нам пакуль удалося дамагчыся, гэта тое, што інфармацыя пра судзімасць старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання і кандыдата ў дэпутаты гэтага ж райсавета 27 склікання Паўловіча ўсё ж з’явілася ў вывешанай на выбарчым участку інфармацыйнай улётцы пра кандыдата ў дэпутаты па Школьнай выбарчай акрузе №12 Міхаіла Віктаравіча Паўловіча, - кажа Рыгор Кастусёў. – Але ці шмат выбаршчыкаў глядзяць гэтыя ўлёткі на ўчастку, калі прыходзяць прагаласаваць?”

Цікава, што раней судзімы старшыня Шклоўскага райсавета Міхаіл Паўловіч акрамя іншага з’яўляецца яшчэ і членам Савета па ўзаемадзейнічанню органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international