Замест пікету ў Дзень Канстытуцыі будзе судовы працэс

2014 2014-03-13T10:43:00+0300 2014-03-19T12:48:28+0300 be

12 сакавіка пенсіянеркі Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч абскардзілі ў судзе Бабруйскага раёну і горада Бабруйск дзеянні мясцовай выканаўчай улады, якая не дазволіла жанчынам правесці пікет у Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка.

 

Падчас пікета ў цэнтры Бабруйску пенсіянеркі меркавалі выкарыстаць плакаты наступнага зместу: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!”, “Чыноўнікі кіруюцца не Канстытуцыяй, а паняццямі”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.

 

Сваю адмову чыноўнікі матывавалі тым, што ўпраўленне ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама не ўзгадніла месца правядзення акцыі, а таксама нагадалі заяўнікам, што рашэннем мясцовых уладаў пастаянным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў у Бабруйску вызначаны стадыён па вуліцы Урыцкага. Трэба адзначыць, што чыноўнікі так і не назвалі прычыну, з якой месца правядзення пікетавання не было ўзгоднена.

 

На думку заяўнікаў, такой прычынай маглі стаць дрэннае надвор’е, дрэнны настрой чыноўнікаў ці сямейныя абставіны ў дзяржаўных службоўцаў. І гэтыя думкі не безпадстаўныя. Справа ў тым, што Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч планавалі правесці пікетаванне на Дзень правоў чалавека 10 снежня мінулага году, але ўлады ім адмовілі. Падчас судовага працэсу, на якім жыхаркі Бабруйску аспрэчвалі пазіцыю мясцовых чыноўнікаў, прадстаўнік гарвыканкама адной з прычын адмовы ў пікетаванні назваў дрэннае надвор’е.  

 

Разам з тым, у сваёй скарзе ў суд заяўнікі адзначаюць, што маюць права самі вызначаць месца правядзення акцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. А паколькі пікет з’яўляецца сродкам публічнага выказвання інтарэсаў альбо пратэсту грамадзян, акцыя страчвае ўсялякі сэнс, калі праводзіцца на ізаляванай тэрыторыі, лічаць жанчыны. Яны звярнулі ўвагу суду на тое, што пікет — не пікнік і адасабленне за агароджай стадыёну не прадугледжвае.
 

Нягледзячы на чарговую адмову уладаў на правядзене акцыі, пенсіянеркі працягваюць адстойваць сваё права на свабоду выказвання і 12 сакавіка зноў звярнуліся ў Бабруйскі гарвыканкам з заяўкай на пікет, які плануюць правесці 28 сакавіка.

 

Жыхар Мінску, пенсіянер Васіль Хацькоў 12 сакавіка таксама атрымаў адмову ад Мінскага гарвыканкама на пікет, падчас якога мужчына мяркаваў выкарыстаць плакаты наступнага зместу: “У Канстытуцыi правы i свабоды — на паперы, а мне яны патрэбныя у жыццi!” і “Дом знеслі (2009 год), метро пусцілі (2012 год), а кватэру даць забылі!”.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international