Уладзімір Краўцоў правёў паказальную сустрэчу з выбаршчыкамі Хоцімску

2014 2014-03-16T18:15:35+0300 2014-03-16T18:15:35+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kraucou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Краўцоў

Уладзімір Краўцоў

14 сакавіка ў Хоцімску мясцовы грамадскі актывіст, экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валерый Каранкевіч сустрэўся са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Уладзімірам Краўцовым.

Па словах Валерыя Каранкевіча, яму перадалі запрашэнне Уладзіміра Краўцова завітаць да яго на прыём, менавіта 14 сакавіка дэпутат Палаты прадстаўнікоў ладзіў асабісты прыём грамадзян у Хоцімску.

“З Уладзімірам Краўцовым мы гутарылі больш за паўгадзіны, - распавядае Валерый Каранкевіч. – У прыватнасці, старшыню Гродзенскага аблвыканкама і дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад нашай выбарчай акругі цікавіла, чаму я пішу скаргі на тое, што ён сумяшчае працу ў органах выканаўчай і заканадаўчай улады ў розныя інстанцыі. Уладзімір Васільевіч пераконваў мяне, што ён пастаянна знаходзіцца ў курсе спраў сваіх выбаршчыкаў. Казаў, што я не ведаю ўсіх абставін, ён па-ранейшаму вядзе працу ў якасці дэпутата ў сваёй выбарчай акрузе на грамадскіх пачатках, карыстаецца паслугамі памочнікаў, якія дапамагаюць яму ў дэпутацкай дзейнасці. Падкрэсліў, што і гэту сваю сустрэчу з выбаршчыкамі ў Хоцімску ён праводзіць у асабісты час, выкарыстоўвае дні свайго адпачынку. Уладзімір Краўцоў таксама адзначыў, што, па меры магчымасцяў, ён будзе вырашаць пытанні сваіх выбаршчыкаў.

Я выказаў Уладзіміру Васільевічу сумнеў, што ён здолее належным чынам адначасова выконваць абавязкі старшыні Гродзенскага аблвыканкам і дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад нашай Крычаўскай выбарчай акругі. Для сябе я вырашыў, што пакуль буду назіраць, што атрымаецца з гэтага сумяшчэння дэпутацкіх і “губернатарскіх” абавязкаў у нашай выбарчай акрузе.

Таксама мы паразмаўлялі з Уладзімірам Краўцовым пра праблемы нашага Хоцімскага раёна, абмеркавалі пытанне выбараў у мясцовыя Саветы, наогул, закранулі некалькі розных тэмаў”, - кажа Валерый Каранкевіч.

Па інфармацыі нашага карэспандэнта, 14 сакавіка Уладзімір Краўцоў таксама правёў асабісты прыём грамадзян у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў у Крычаве.

Нагадаем, што Валерый Каранкевіч накіроўваў некалькі зваротаў на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі і старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з прапановамі аб спыненні паўнамоцтваў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Краўцова У. В. у сувязі з невыкананнем ім дэпутацкіх абавязкаў. Нейкага яснага абгрунтаванага адказу на свае прапановы Валерый Каранкевіч пакуль не змог атрымаць ні з Палаты прадстаўнікоў, ні з Цэнтрвыбаркаму.

Сам Валерый Каранкевіч, які з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, зараз зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдатам у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №12.

 

Валер Каранкевіч

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international