Магілёўская міліцыя зрывае акцыю “За добрыя дарогі”

2014 2014-03-13T16:00:08+0300 2014-03-13T16:00:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/palonnikau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілля Палоннікаў

Ілля Палоннікаў

На арганізатара традыцыйнай вясенняй акцыі аўтамабілістаў Іллю Палоннікава заведзена адміністрацыйная справа, а падчас агляду яго кватэры міліцыянтамі забраны на экспертызу два ноўтбукі.

Акцыю “За добрыя дарогі” аўтамабіліст Ілля Палоннікаў арганізоўваў праз групу ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”. Яе ён планаваў правесці ў красавіку бягучага года.

6 сакавіка ён разам з іншымі аўтамабілістамі раздаваў налепкі “Магілёў – горад без дарог”. Усе жадаючы магілёўцы маглі прыехаць да яго ў дамоўленае месца і атрымаць гэтыя налепкі. На раздачу ўлётак падаспелі і супрацоўнікі міліцыі.

“Калі ў мяне заставлася ўсяго 3-5 налепак, да нас падыйшлі міліцыянты і пачалі ўдакладняць, што тут адбываецца. Пасля перапісалі пашпартныя звесткі, а мне прапанавалі праехаць у РАУС, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за правядзенне несанкцыяванага мерапрыемства. Затым разам з двума міліцыянтамі я паехаў да дому, дзе яны правялі агляд маёй кватэры і забралі на экспертызу два ноўтбукі”, - кажа Ілля.

Хлопец адзначае, што ў прыватнай размове міліцыянты паведамілі, што час для правядзення акцыі выбраны не самы лепшы – зараз ідзе выбарчая кампанія. Калі яна скончыцца, то, з іх словаў, можна праводзіць якія заўгодна акцыі і мерапрыемствы.

Праваабронца Барыс Бухель кажа, што цяпер праваахоўнікі пачалі караць прэвентыўна арганізатараў акцый. На думку праваабронцы гэта супярэчыць Канстытуцыі і парушае правы грамадзян.

“Раней прэвентыўна можна было пакараць толькі за намер здзейсніць цяжкае злачынства. Цяпер заканадаўства стала больш рэпрэсіўным і караюць актывістаў нават за намер правесці любую акцыю, якая заклікае людзей да пэўнай актыўнасці”, - кажа Барыс Бухель.

Нагадаем, што вясной мінулага года ў Магілёве адбылася акцыя “За добрыя дарогі”. У ёй прынялі ўдзел каля дзясятка аўтамабіляў. Удзельнікі акцыі пад пільным наглядам ДАІ праехалі арганізаванай калонай па вуліцах Магілёва і каля спарткомплекса “Алімпіец” усталявалі сімвалічную каробку, куды кідалі сімвалічныя сумы грошай на рамонт магілёўскіх дарог.

Варта адзначыць, што па падліках спецыялістаў, каб прывесці магілёўскія дарогі ў добры выгляд з улікам існуючых тэмпаў рамонтных работ неабходна 300 гадоў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international