viasna on patreon

Праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі распачала кампанію па збору подпісаў супраць увядзеньня гэтых санкцыяў

2007 2007-05-25T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За месяц да разгляду пытаньня аб скасаваньні гандлёвых прэфэрэнцыяў з боку Эўразьвязу праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі распачала кампанію па збору подпісаў супраць увядзеньня гэтых санкцыяў.

Калі Эўразьвяз прыме адпаведнае рашэньне, то Беларусь згубіць каля 400 мільёнаў эўра. Першапачаткова чыноўнікі заплюшчвалі вочы на гэта й казалі, што дзеля бюджэту краіны гэта ня так значна. Але зараз відавочна, што ўлады ня ведаюць, што рабіць. На Ўсходзе справы ніяк не наладзяцца, а на Захадзе вось-вось скасуюць гандлёвыя прэфэрэнцыі.

Па ўсіх рэгіёнах разасланыя лісты з узорамі адпаведнай заявы. Застаецца толькі ўпісаць прозьвішча працоўнага ды паставіць подпіс.Незалежныя беларускія прафцэнтры толькі паціскаюць плячыма. Паводле міжнароднага сакратара Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алега Падалінскага, мэты гэтай акцыі незразумелыя.

— Цяжка сказаць, чым яны кіраваліся, калі прымалі гэтае рашэньне, — кажа Падалінскі. — Хутчэй за ўсё, гэтая ініцыятыва была разгорнутая ня без дапамогі Адміністрацыі прэзыдэнта. Але я ня думаю, што кампанія ФПБ адыграе нейкую значную ролю й паўплывае на прыняцьце рашэньня аб прыпыненьні гандлёвых прэфэрэнцыяў.

Як адзначыў Алег Падалінскі, подпісы, якія зьбірае ФПБ, не паўплываюць на Міжнародную арганізацыю працы, бо беларускія праўладныя прафсаюзы не зьяўляюцца міжнародна прызнанымі, а ўспрымаюцца на Захадзе часткай дзяржаўнага мэханізму.

— Таму як за савецкім часам яны праводзяць тыя акцыя, якія яны памятаюць, — дадае Падалінскі. — Напрыклад, робяць звароты да працоўных калектываў, падрыхтоўваюць нейкія мадэльныя лісты й звароты да міжнародных і нацыянальных прафцэнтраў, да ўрадаў замежных краінаў з заклікам не скасоўваць гандлёвыя прэфэрэнцыі.

Сытуацыя са зборам подпісаў даходзіць да абсурду. Гэтыя лісты прапануюць падпісаць нават актывістам незалежных прафсаюзаў, на якіх адміністрацыі прадпрыемстваў ціснуць увесь час і прымушаюць перайсьці ў ФПБ. І гэта пры тым, што менавіта парушэньні правоў незалежных прафсаюзаў сталі галоўным чыньнікам распачатку працэдуры скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў. Вось што пра акцыю Фэдэрацыі прафсаюзаў распавёў Рацыі старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу работнікаў прадпрыемства "Гродна Азот" Сяргей Антусевіч: "У маім выпадку гэта было так, што патэлефанаваў намесьнік старшыні абласной арганізацыі ФПБ і прапанаваў далучыцца да гэтай кампаніі. І нават хацеў перадаць нам гэтыя ўзорныя лісты, якія падрыхтавала фэдэрацыі. Я адказаў, што мы разгледзім гэтае пытаньне".

Прафсаюз работнікаў "Гродна Азот" сапраўды разгледзіў гэтую прапанову ФПБ і прыняў заяву, ў якой асудзіў паводзіны праўладных прафсаюзаў, а таксама заклікаў кіраўніцтва фэдэрацыі, калі яно сапраўды занепакоена магчымасьцю ўвядзеньня санкцыяў, лепей зьвярнуцца да беларускага ўраду, каб той выканаў патрабаваньні Міжнародай арганізацыі працы.

Падпісаць лісты ў абарону прэфэрэнцыяў ФПБ прапанавала і актывістам Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Але атрымала аналягічны адказ.

— Насамрэч нашаму ўраду ня трэба нічога рабіць, каб захаваць прэфэрэнцыі. Трэба проста выправіць недарэчнасьці ў заканадаўстве, — паведаміў Рацыі старшыня гэтага прафсаюзу Васіль Леўчанкоў. — Напрыклад, у законе патрабуецца, каб кожная першасная прафсаюзная арганізацыя мела памяшканьне й юрыдычны адрас. Але дзеля стварэньня арганізацыі дастаткова 10 чалавек. Навошта ж ім здымаць офіс? І дзе ўзяць грошы, каб аплочваць арэнду? Гэта толькі адзін прыклад.

Сустаршыня прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў кажа пра тое, што дзеля прыпыненьня працэдуры скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў у Эўракамісіі няма ніякіх падставаў. Урад не зрабіў ніводнага кроку, каб выканаць хоць адно з патрабаваньняў Міжнароднай арганізацыі працы.

— Правы незалежных прафсаюзаў як парушаліся, так і парушаюцца, — кажа Бухвостаў. — А той новы закон аб дзейнасьці прафсаюзаў, які зараз спрабуе праз парлямэнт правесьці ўлада, ён замацоўвае тыя "рэформы", якія правёў Лукашэнка, падпарадкоўваючы прафсаюзы дзяржаве. Таму мы лічым, што ўрад ня выканаў рэкамэндацыяў МАП, і ўся адказнасьць за магчымае прыпыненьне гандлёвых прэфэрэнцыяў з 21 чэрвеня ляжа на ўлады.

Але нейкай радасьці ад магчымага скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў незалежныя прафсаюзы не адчуваюць, бо добра разумеюць, што гэта адаб’ецца на жыцьцёвым стане беларусаў. Зь іншага боку, паводле Алега Падалінскага, ўладам нішто не перашкаджала выканаць рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы і, як кажуць, спаць спакойна. Але гэта азначае распачатак дэмакратызацыі краіны па ўсім накірункам — ад свабоды стварэньня арганізацыяў да свабоды сумленьня й свабоды слова.

— Мне падаецца, — падкрэсьліў Падалінскі, — што ў нас ва ўладных структурах няма людзей, якія былі б зацікаўленыя ў правядзеньні дэмакратычных рэформаў і выхадзе краіны са становішча ізгоя, у якім Беларусь апынулася па ўласнаму жаданьню.

Таму замест сапраўднай работы беларускія ўлады й робяць імітацыю нейкіх дэмакратычных зьменаў. Але, на думку незалежных прафсаюзных лідэраў, зноў падмануць Эўропу ў кіраўніцтва Беларусі наўрад ці атрымаецца, паведаміла Радыё Рацыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства