Шклоўская раённая выбарчая камісія паабяцала апублікаваць дадзеныя аб судзімасцях кандыдатаў

2014 2014-03-08T22:04:39+0300 2014-03-08T22:04:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/chynounikkk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 7 сакавіка атрымаў адразу два адказы на сваю скаргу ў пракуратуру Шклоўскага раёна – з пракуратуры і раённай выбарчай камісіі.

Пракурор Шклоўскага раёна Дзмітрый Лянчэўскі паведаміў Рыгору Кастусёву, што яго заява накіраваная для разгляду ў Шклоўскую раённую выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў Шклоўскага раённага Савета 27 склікання.

У адказе з Шклоўскай раённай выбарчай камісіі за подпісам яе старшыні А. Гурынава паведамляецца, што “у адпаведнасці з артыкулам 68 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь рашэннем Шклоўскай раённай выбарчай камісіі ад 20.02.2014 №6-108 вызначаны спосаб інфармавання выбаршчыкаў аб даходах і маёмасці кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў – у агульных плакатах з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты.

Звесткі аб судзімасці кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў будуць апублікаваны ў раённай газеце “Ударны фронт” ад 12.03.2014 №20.

Пытанне знаходжання на пасадзе старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Паўловіча М. В. не з’яўляецца кампетэнцыяй Шклоўскай раённай выбарчай камісіі”.

“Безумоўна, я чакаў, што нейкі канкрэтны адказ наконт парушэнняў выбарчага заканадаўства будзе і з пракуратуры Шклоўскага раёна, аднак яны вырашылі “перавесці стрэлкі” на раённую выбарчую камісію, - кажа Рыгор Кастусёў. – Не сакрэт, што ўжо на працягу шэрагу гадоў пракуратура ўсяляк ухіляецца ад разгляду скаргаў наконт парушэнняў выбарчага заканадаўства.

Добра ўжо тое, што ўдалося прымусіць раённую камісію апублікаваць дадзеныя пра судзімасці кандыдатаў у дэпутаты ў раённай газеце. Я абавязкова пракантралюю, як раённая камісія выканае свае абяцанні на гэты конт.

Улады самі змянілі выбарчае заканадаўства, аднак чамусьці не хочуць публікаваць дадзеныя пра судзімасці кандыдатаў у дэпутаты, падобная сітуацыя не толькі ў Шклове, а і па ўсей Беларусі. Такога масавага вылучэння раней асуджаных кандыдатаў у дэпутаты ад улады раней не было, вось яны і вымушаны гэта неяк прыхоўваць. І мае дзеянні скіраваны на тое, каб на прыкладзе Шклова паказаць гэтую праблему грамадству.

Не хочуць шклоўскія ўлады агалошваць і даходы кандыдатаў у дэпутаты, каб не выклікаць перадузятага стаўлення ў людзей. Не сакрэт, што большасць кандыдатаў у дэпутаты – гэта начальнікі і чыноўнікі розных рангаў, і даходы ў іх нашмат большыя, чым у простых грамадзян. Таму іх і прыхоўваюць, не друкуючы ў раённай газеце, бо перадвыбарчыя плакаты пабачыць не так шмат людзей, ды і дадзеныя ў іх будуць па кандыдатах па адной выбарчай акрузе, а не па ўсіх “слугах народа”.

Па словах Рыгора Кастусёва, ён пакуль думае над тым, ці абскарджваць дзеянні Шклоўскай раённай выбарчай камісіі далей.

Нагадаем, што 28 лютага Рыгор Кастусёў падаў заяву ў пракуратуру Шклоўскага раёна з патрабаваннем звярнуць увагу на парушэнні выбарчага заканадаўства пры апублікаванні звестак пра кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага райсавета ў раённай газеце “Ударны фронт”.

Шклоўская раёнка праігнаравала беларускае выбарчае заканадаўства і не ўказала ўзровень прыбыткаў кандыдатаў у дэпутаты за мінулы год, а таксама наяўнасць у іх судовых пакаранняў. У прыватнасці, была не ўказана судзімасць у цяперашняга старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Паўловіча, таксама як і яго заробак.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international