Баранавічы: Неверагодна, але забарона пікета прызнана судом незаконнай

2014 2014-03-06T00:33:30+0300 2014-03-06T00:33:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gryk-malej-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

5 сакавіка суддзя суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы Вольга Апановіч праводзіла паўторнае судовае пасяджэнне, на якім разглядалася скарга Рыгора Грыка на неправамоцныя дзеянні гарадскіх чыноўнікаў, якія незаконна адмовілі прафсаюзнаму актывісту ў правядзенні пікета. Намеснік старшыні райвыканкама Дз. Касцюкевіч вырашыў, што лозунг масавага мерапрыемства “Дзеянні ўлады і законы РБ – пад грамадзянскі кантроль” парушае арт. 10 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, што стала галоўнай прычынай забароны масавага мерапрыемства.

Грамадскі прадстаўнік Рыгора Грыка ў судзе праваабаронца Уладзімір Малей патлумачыў суду, што згодна арт.10 Закона “Аб масавых мерапрыемствах” пікет можа быць забаронены, калі яго мэтаю з’яўляецца ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці. Праваабаронца прасіў прадстаўнікоў гарвыканкама Паўла Кыткіна і Таццяну Чылік патлумачыць прысутным у судзе людзям: чаму лозунг “Дзеянні ўлады і законы РБ – пад грамадзянскі кантроль”, на думку супрацоўнікаў гарвыканкама, прапагандуе вайну і экстрэмізм?

Спачатку Павел Кыткін заявіў суду, што, на яго думку, згаданы лозунг масавага мерапрыемства не парушае арт. 10 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Але ён так і не змог адказаць суддзі Вользе Апановіч на пытанне: чаму ж гарвыканкам забараніў тады пікет прафсаюзнаму актывісту Рыгору Грыку, спаслаўшыся на парушэнне менавіта арт. 10? Супрацоўніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Таццяна Чылік паведаміла суду, што лозунг пікета “Дзеянні ўлады і законы РБ – пад грамадзянскі кантроль” мог бы выклікасць незадаволенасць грамадзян, а неаб’ектыўная крытыка гарадскіх уладаў можа прывесці да дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі, а гэта значыць да экстрэмізму і вайны. Вось так!!!

– Які ж гэта экстрэмізм, калі мы неаднаразова збіралі подпісы жыхароў горада супраць росту коштаў на жыццё і паслугі, гандлю няякаснымі спіртнымі напоямі, за павышэнне заробкаў і пенсій, добраўпарадкаванне гарадскіх паркаў і дарог, за змены выбарчага заканадаўства, будаўніцтва магазіна на праспекце Машэрава і вуліцы Гаевай, разліковага цэнтра каля прыпынка па вул. Фабрычная і г.д. Аднак мясцовыя чыноўнікі не спяшаюцца выконваць пажаданні людзей. Таму сваім пікетам я хацеў звярнуць увагу нашых грамадзян, што чыноўнікі горада недастаткова і несваечасова рэагуюць на звароты і прапановы людзей. Але мне чарговы раз незаконна забаранілі правядзенне пікета, нягледзячы на тое, што я не толькі заключыў дамовы з паліклінікай, ЖКГ і міліцыяй, але і выканаў усе патрабаванні закону аб масавых мерапрыемствах, – паведаміў суду Рыгор Грык.

У выніку суддзя Вольга Апановіч прызнала рашэнне намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча ад 15.01.2014г. аб адмове Рыгору Грыку ў правядзенні пікета 26 студзеня 2014г. у заяўленым месцы незаконным і абавязала гарвыканкам выплаціць заяўніку дзяржаўную пошліну ў памеры 130 тыс. рублёў.

 

Фота: праваабаронца Уладзімір Малей і прафсаюзны актывіст Рыгор Грык у судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international