Да грамадзянскай кампаніі «Выратуем Горадню» далучаюцца беларускія і замежныя мастакі

2007 2007-05-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У нядзелю 10 чэрвеня ў Горадні адбудзецца адкрыты мастацкі плэнэракцыя «Мастакі супраць разбурэння Гародні». Згоду ўзяць удзел у плэнэры ўжо выказалі больш за 20 айчынных мастакоў, сярод якіх Алесь Пушкін, Аляксей Марачкін, Міхал Анемпадыстаў. Мастакі пакінуць на палотнах выявы Старога гораду, гістарычныя будынкі, якія гарадзенскія ўлады вызначылі пад знос, паведаміла "Наша Ніва".

Менскі мастак Міхал Анемпадыстаў, камэнтуючы НН свой удзел у плэнэры, зазначыў, што даўно ўжо зьбіраўся ў Горадню. «Хочацца калі не зафіксаваць у выглядзе малюнку стары горад, то хоць пабачыць на свае вочы, што яшчэ засталося, пакуль не зруйнавалі».

Алесь Пушкін, мастак зь вёскі Бобр, плянуе ня толькі маляваць, але й зладзіць пэрфоманс. «Маляваць я буду ўдзень, а калі сьцямнее, зладжу невялікі пэрфоманс. Называцца ён будзе «Захаваньне». Сцэнар наступны: мастак у сярэднявечным строі побач са сьцяною, на якую падаецца сьвятло, робіць шаманскія рухі. Затым захоўвае ў зямлі камень, або аскепак, ці капсулу. Хутчэй за ўсё прывязу з Бабра аскепак гербу. Гэта будзе сымбалізаваць захаваньне для будучых пакаленьняў энэргетыкі Старой Горадні. У ідэале ўсё адбудзецца пад сьпевы Віктара Шалкевіча». Наша сіла, рэзюмуе сп. Пушкін, у тым, што творчыя людзі аб’ядналіся дзеля такой вартай справы.

Менскі мастак Аляксей Марачкін лічыць, што такім чынам мастакі падтрымаюць у першую чаргу моладзь, што бароніць старасьвеччыну Горадні. «Свой пратэст выкажам мастацкімі сродкамі», — зазначае сп. Марачкін. На яго думку, фармат клясычнага мастацкага плэнэру не зусім адпавядае заплянаванай акцыі ў Горадні: «Мы будзем працаваць адзін дзень, а не 34, але гэта ж будзе й незвычайны плэнэр». Мастак прыгадвае гісторыю, што здарылася зь ім у Гурзуфе ў 70я гады. Ён маляваў старыя вулкі, што вельмі захапілі яго сваёй непаўторнасьцю. Мінак зрабіў яму заўвагу, маўляў, што вы гэтую старызну малюеце, даўно ўжо яе трэба было зруйнаваць. На пытаньне, чаму ж дагэтуль не зруйнавалі, месьціч адказаў: «У 20я гады тут вядомыя расейскія мастакі малявалі, то пасьля гэтыя краявіды сталі гісторыяй і іх не даюць чапаць». Аляксей Марачкін упэўнены, што калі б не Напалеон Орда ды Язэп Драздовіч, сучасныя беларусы шмат бы чаго не пабачылі зь гістарычных помнікаў. «Калі б нашыя ўлады так шанавалі мастакоў, прыслухоўваліся да меркаваньня інтэлігенцыі, усё было б інакш» — мяркуе мастак.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international