Суддзя зноў забараняў журналістам весці запіс у адкрытым судзе - каментар юрыста

2014 2014-03-04T17:00:49+0300 2014-03-04T17:00:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudy.jpg

3-га сакавіка падчас судовага працэсу над затрыманым каля амбасады Расіі ў Мінску Сяргеем Фінкевічам суддзя Цэнтральнага суда Мінска Аляксандр Якунчыхін забараніў журналістам весці аўдыёзапіс пасяджэння.

 

Суддзя зрабіў заўвагу журналістам пасля таго, як пабачыў у руках карэспандэнтаў дыктафоны. Аляксандр Якунчыхін заявіў, што аўдыёзапіс у працэсе можна весці толькі з яго дазволу, і што ў выпадку непадпарадкавання журналістаў могуць прыцягнуць да адказнасці.

Адметна, што ў канцы снежня на прэс-канферэнцыі намесніка старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерыя Калінковіча журналісты скардзіліся яму менавіта на такія выпадкі.

Сп. Калінковіч сказаў, што ведае пра гэта, і паабяцаў скарэктаваць падыходы. "Сёння і ў крымінальным, і ў грамадзянскім працэсе закон утрымлівае недвухсэнсоўныя палажэнні пра тое, што ў адкрытым судовым пасяджэнні пісьмовая і аўдыёфіксацыя працэсу дапускаецца без якіх-кольвек абмежаванняў", – зазначыў ён.

У хуткім часе на сайце Вярхоўнага суда з’явіўся тэкст пастановы Пленума ВС за подпісам старшыні Валянціна Сукалы “Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і распаўсюдзе інфармацыі пра дзейнасць судоў”. З дакумента вынікае, што ў адкрытых судовых пасяджэннях нельга забараніць журналістам весці аўдыёзапіс, прычым дазволу суддзі на вядзенне запісу пытацца не трэба.

Разгорнуты каментар гэтай сітуацыі прэс-служба ГА "БАЖ" атрымала ад юрыста Алега Агеева:

– Я лічу, што дадзеныя дзеянні суддзі даюць падставу казаць пра парушэнне як нацыянальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, так і міжнародных стандартаў права на справядлівы суд і права на доступ да інфармацыі.

У нашай краіне Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях (ПВКаАП) прадугледжвае, што справа аб адміністратыўным правапарушэнні павінна разглядацца адкрыта (ч. 1 арт. 2.14).

Ніякіх правоў суддзі на забарону аўдыёзапісу працэсу ПВКаАП не дае. Таксама не прадугледжана працэдура атрымання ад яго якога-кольвек дазволу на гэта.

Акрамя таго, Пленум Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь у снежні 2013 прыняў пастанову «Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і распаўсюдзе інфармацыі пра дзейнасць судоў».

Пунктам 5 дадзенай пастановы прадугледжана, што ў любога з прысутных у адкрытым судовым пасяджэнні ёсць магчымасць са свайго месца фіксаваць яго ход прадугледжанымі законам сродкамі і спосабамі. Таксама важна, што тыя, хто фіксуе ход судовага разбору шляхам гуказапісу, не абавязаныя паведамляць пра гэта суду і атрымліваць дазвол.

Абгрунтоўваючы сваю пазіцыю, Вярхоўны суд спасылаўся на нормы працэсуальных кодэксаў, якія рэгулююць разгляд грамадзянскіх і крымінальных спраў.

Працэс па справе аб адміністратыўным правапарушэнні гэтымі кодэксамі не рэгулюецца.

Разам з тым, правы прысутных у зале суда весці аўдыёзапіс ходу судовых працэсаў ніяк не абмяжоўваюцца ПВКаАП. Такім чынам, патрабаванне суддзі атрымліваць які-небудзь дазвол на выкарыстанне дыктафонаў у працэсе не прадугледжана дзеючымі нормамі права, і яго нельга прызнаць законным.

Мне здаецца, што ў гэтым выпадку вядзенне працэсу з парушэннем закона парушае і правы чалавека, працэс над якім праходзіць, і правы журналістаў, якім забаранілі законныя дзеянні.

Думаю, што забарону суддзі на вядзеннне аўдыёзапісу неабходна абскарджваць. Для гэтага ёсць прававыя механізмы, і юрысты БАЖ дапамогуць зацікаўленым бакам скласці скаргу на незаконныя дзеянні ў гэтай частцы вядзення працэсу.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international