viasna on patreon

Павал Севярынец: «Для мяне момантам ісціны будзе 28 траўня»

2007 2007-05-23T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Павел Севярынец спадзяецца, што ў самай блізкай будучыні ў Беларусі будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя. Пра гэта палітык заявіў 23 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску ў офісе Партыі БНФ, паведаміла Хартыя'97.

"Маё вызваленне пакінула дваякае ўражанне. Я выдатна разумею, што гэтае не вызваленне за "прыкладныя паводзіны" або за законапаслухмянасць", – адзначыў ён. На думку Севярынца, яго вызваленне, а таксама вызваленне палітыка Мікалая Статкевіча звязанае "найперш з пагрозай адмены гандлёвых прэферэнцый Еўразвяза ў дачыненні Беларусі". "Гэтая такая з`ява, як гандаль людзьмі, – настолькі ганебнае, наколькі яно асуджаецца афіцыйнай уладай. Маўляў, гандлююць нашымі дзяўчынамі на Захадзе. А тое, што бяруць у заложнікі сваіх уласных грамадзян, а пасля іх мяняюць або прадаюць", – заявіў П.Севярынец.

Ён адзначыў, што валодае інфармацыяй, паводле якой магчымае вызваленне і іншых палітвязняў. "Магчымае вызваленне ўсіх. Магчымае нават спыненне крымінальнай справы ў дачыненні моладзевых актывістаў, абвінавачваных у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І для мяне момантам ісціны будзе 28 траўня, пачатак суду над імі", – заявіў П.Севярынец.

"Калі гэты суд будзе спынены, а прысуд не будзе вынесены, то гэта будзе азначаць, што рэжым гатовы ісці на сур`ёзныя саступкі, але, на жаль, не свайму народу, а Захаду, які мае рычагі ціску", – адзначыў П.Севярынец.

Нагадаем, у траўні 2005 года суд Цэнтральнага раёна Менска абвінаваціў П.Севярынца ў арганізацыі 18–19 кастрычніка 2004 года ў сталіцы масавых выступаў супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму 2004 года. Палітыка прысудзілі да трох гадоў абмежавання свабоды, але пасля ў сувязі з амністыяй гэты тэрмін быў скарочаны на год. З жніўня 2005 года П.Севярынец адбываў пакаранне, працуючы ў лясгасе ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна Віцебскай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства