Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў выказала занепакоенасць судовым рашэннем наконт сайта ПЦ “Вясна”

2014 2014-02-25T15:08:08+0300 2014-02-25T15:35:54+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/absiervatoryjapaabaroniepravaabaroncau-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

20 лютага 2014 г.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), атрымала новую інфармацыю і просіць вашага тэрміновага ўмяшання ў наступную сітуацыю ў Беларусі.

Новая інфармацыя:

Абсерваторыя была праінфармаваная пра пераслед Праваабарончага цэнтра "Вясна" і адмову ў задавальненні судом скаргі па справе аб унясенні сайта www.spring96.org у спіс рэсурсаў з абмежаваным доступам.

Паводле атрыманай інфармацыі, 18 лютага 2014 г. суд Цэнтральнага раёна г. Мінска разгледзеў скаргу, накіраваную намеснікам старшыні ПЦ “Вясна” сп. Валянцінам Стэфановічам на рашэнне Генеральнай пракуратуры аб абмежаванні доступу да сайта ПЦ "Вясна" www.spring96.org на той падставе, што “дзеянні ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”. Рашэнне было заснаванае на артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэкса, які забараняе арганізацыю або ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый.

Падчас слуханняў сп. Стэфановіч абараняў свае правы ў якасці аднаго з аўтараў сайта ПЦ “Вясна” і аспрэчваў незаконнае абмежаванне на распаўсюд інфармацыі. Ён сцвярджаў, што ў пракуратуры не было прычын дадаваць сайт у “чорны спіс”, паколькі матэрыялы, размешчаныя на ім, не парушаюць закон, а, наадварот, спрыяюць паляпшэнню прававой культуры ў Беларусі.

У выніку, суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пастанавіў, што сп. Валянцін Стэфановіч не валодае належнай правасуб’ектнасцю: паколькі ён не з’яўляецца ўладальнікам сайта www.spring96.org, ён не можа быць ахвярай унясення сайта у “чорныя спісы”. Сп. Стэфановіч можа накіраваць прыватную скаргу на працягу 10 дзён, але не можа абскардзіць рашэнне ў касацыйным парадку. Намеснік старшыні ПЦ «Вясна» заявіў, што мае намер накіраваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, як толькі ён вычарпае ўсе даступныя ўнутраныя сродкі прававой абароны.

Абсерваторыя выказвае занепакоенасць у сувязі з рашэннем суда Цэнтральнага раёна г. Мінска пра адхіленне скаргі сп. Валянціна Стэфановіча, якое цалкам легітымізуе ранейшае рашэнне Генеральнай пракуратуры пра ўнясенне сайта ПЦ “Вясна” ў “чорныя спісы”.

Абсерваторыя асуджае рашэнне суда як сродак пераследу праваабарончай дзейнасці ПЦ “Вясна” і абмежавання права на свабоду асацыяцыяў і выказвання меркавання ў Беларусі насуперак нормам міжнароднага права.

Даведачная інфармацыя:

16 снежня 2013 года сп. Валянцін Стэфановіч атрымаў паведамленне з Генеральнай пракуратуры Беларусі пра тое, што сайт ПЦ “Вясна” быў унесены ў спіс рэсурсаў з абмежаваным доступам па рашэнні таго ж органа ў жніўні 2011 года на той падставе, што “дзеянні ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”.

Да 16 снежня 2013 года ўлады адмаўляліся паведамляць ПЦ “Вясна” выканаўцу або падставу рашэння аб абмежаванні доступу грамадскасці да яго сайта. Сп. Стэфановіч звярнуўся ў Аператыўна-аналітычны цэнтр (орган пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па наглядзе ў сферы тэлекамунікацый і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Усе гэтыя органы альбо адмовіліся прадастаўляць якую-небудзь інфармацыю, перанакіроўвалі запыты сп. Стэфановіча ў іншыя месцы, або рэкамендавалі яму звяртацца ў іншыя дзяржаўныя ўстановы, адказныя за абмежаванне доступу да сайтаў.

Толькі пасля таго, як сп. Стэфановіч звярнуўся ва ўстановы, упаўнаважаныя прымаць такія рашэнні, ён атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры, у якім паведамлялася, што рашэнне аб унясенні сайта www.spring96.org у спіс рэсурсаў з абмежаваным доступам было прынятае ў жніўні 2011 года. Сярод іншых сайтаў у гэтым спісе былі рэсурсы, якія займаюцца распаўсюдам парнаграфіі, садзейнічаюць экстрэмісцкай дзейнасці або парушаюць аўтарскія правы, а таксама пяць апазіцыйных або незалежных сайтаў. Доступ да гэтых сайтаў заблакаваны ў дзяржаўных установах, установах адукацыі і культуры.

У жніўні 2007 года Камітэт ААН па правах чалавека заявіў, што рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад лістапада 2003 г. аб ліквідацыі ПЦ “Вясна” з’яўляецца парушэннем права на свабоду асацыяцый і заклікаў улады Беларусі перарэгістраваць “Вясну” і выплаціць ёй кампенсацыю ў адпаведнасці са сваімі абавязальніцтвамі ў межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Урад Беларусі да гэтага часу не выканаў гэтыя рэкамендацыі. Акрамя таго, ён некалькі разоў адмовіў у рэгістрацыі ПЦ “Вясна”, а таксама многім іншым арганізацыям.

Артыкул 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае падставы для абмежавання дзейнасці аб’яднанняў, калі яна накіраваная на змяненне канстытуцыйнага ладу ці прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай нянавісці. Бясспрэчна, дзейнасць ПЦ “Вясна” не падпадае ні пад адну з гэтых катэгорый.

Акрамя таго, згадка пра артыкул 193.1 КК у адказе Генеральнай пракуратуры з’яўляецца формай запалохвання ў дачыненні да ПЦ “Вясна”, які працягвае сваю законную і мірную дзейнасць, нягледзячы на пастаянны ціск. Абсерваторыя неаднаразова кваліфікавала артыкул 193.1, які прадугледжвае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацы, як норму, якая парушае як Канстытуцыю, так і міжнароднае права ў галіне правоў чалавека. У кастрычніку 2011 года Венецыянская камісія Савета Еўропы прыйшла да высновы, што артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса Беларусі парушае нормы міжнароднага права. Паводле Венецыянскай камісіі, свабода асацыяцый і выказвання меркавання маюць жыццёва важнае значэнне ў любой дэмакратычнай краіне і любыя абмежаванні на іх ажыццяўленне павінны быць добра абгрунтаваныя.

Прапанаваныя захады:

Калі ласка, напішыце беларускім уладам, заклікаючы іх:

і. Зняць усе абмежаванні супраць сайта ПЦ “Вясна” неадкладна і безумоўна, паколькі гэтыя абмежаванні з’яўляюцца адвольнымі і накіраванымі выключна на спыненне праваабарончай дзейнасці “Вясны” шляхам змяншэння яго прысутнасці ў Інтэрнэце і дыскрэдытацыі яго існавання і працы, далучаючы яго да распаўсюднікаў парнаграфіі і экстрэмістаў;

іі. Пакласці канец усялякай цэнзуры – у тым ліку друкаваных, аўдыё-, тэлевізійных і анлайн-матэрыялаў ПЦ “Вясна”, гэтак жа як і ўсіх іншых праваабаронцаў у Беларусі;

ііі. Адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

iv. Пакласці канец любым формам пераследу – у тым ліку на судовым узроўні – супраць усіх праваабаронцаў у Беларусі і забяспечыць ім пры любых абставінах магчымасць выконваць сваю працу без неапраўданых перашкодаў;

v. У больш агульным плане, прытрымлівацца палажэнняў Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах, прынятай Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 9 снежня 1998 г., у прыватнасці:

- артыкула 1, які абвяшчае, што кожны мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях,

- артыкула 6 (b) і (c), які абвяшчае, што кожны мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, як гэта прадугледжана дамовамі ў галіне правоў чалавека і іншымі прыдатнымі міжнароднымі дамовамі, свабодна публікаваць, перадаваць або распаўсюджваць сярод іншых думкі, інфармацыю і веды аб усіх правах чалавека і асноўных свабодах і [...] вывучаць, абмяркоўваць, складаць і мець думкі адносна захавання, як у заканадаўстве, так і на практыцы, усіх правоў чалавека і асноўных свабодаў і, выкарыстоўваючы гэтыя і іншыя адпаведныя сродкі, прыцягваць увагу грамадскасці да гэтых пытанняў,

- і артыкула 12.2, які прадугледжвае, што дзяржава прымае ўсе неабходныя меры для забеспячэння абароны, з дапамогай кампетэнтных органаў, кожнай асобы, індывідуальна і сумесна з іншымі, ад любога гвалту, пагроз, помсты, дыскрымінацыі (дэ факта або дэ юрэ), ціску або любога іншага адвольнага дзеяння ў сувязі з яго ці яе законным ажыццяўленнем правоў, згаданых у гэтай Дэкларацыі;

vi. Выконваць Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Першы Пратакол да яго, абодва з якіх былі ратыфікаваны Беларуссю, асабліва артыкул 22: “Кожны мае права на свабоду асацыяцый з іншымі, уключаючы права ствараць і ўступаць у прафсаюзы для абароны сваіх інтарэсаў”.

vii. Забяспечыць пры любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international