Грамадскі кантроль за дзейнасцю пенітэнцыярных установаў: абмежаванні ў заканадаўстве

2014 2014-02-20T15:22:33+0300 2014-02-20T15:23:55+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kantrol-grafika.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Крымінальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны кантроль і ўдзел грамадскіх аб'яднанняў у працы органаў і ўстановаў, якiя выконваюць пакаранне i iншыя меры крымінальнай адказнасці (арт.21 УВК).

На падставе i ў парадку, прадугледжаных заканадаўствам, грамадскія аб'яднанні могуць ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю органаў і ўстановаў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці.

Кодэксам прадугледжана яшчэ адна спецыфічная форма ўдзелу грамадскіх аб'яднанняў у працыорганаў і ўстановаў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці: грамадскія аб'яднанні бяруць удзел у выпраўленні асуджаных, а таксама аказваюць садзейнічанне ў працы органам і ўстановам, што выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці.

У выпраўленні асуджаных, а таксама ў ажыццяўленні грамадскага кантролю за дзейнасцю органаў і ўстановаў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, удзельнічаюць назіральныя камісіі пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, а ў дачыненні да непаўналетніх асуджаных - і камісіі па справах непаўналетніх. Парадак дзейнасці назіральных камісій і камісій па справах непаўналетніх вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Што азначае ўключаная ў тэкст нормы Крымінальна-выканаўчага кодэкса, якая дае грамадскім аб'яднанням права кантролю за дзейнасцю пенітэнцыярных установаў, агаворка: «на падставах і ў парадку, прадугледжаных заканадаўствам»?

Парадак ажыццяўлення міжнароднымі, рэспубліканскімі і мясцовымі грамадскімі аб'яднаннямі (далей - грамадскія аб'яднанні) кантролю за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, а таксама парадак удзелу грамадскіх аб'яднанняў у працы такіх органаў і ўстаноў устаноўлены Палажэннем аб парадку ажыццяўлення грамадскімі аб'яднаннямі кантролю за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 15.09.2006 № 1220. Названым Палажэннем прадугледжана, што кантроль грамадскіх аб'яднанняў (грамадскі кантроль) за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, ажыццяўляецца шляхам удзелу прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў у складзе грамадскіх назіральных камісій (ГНК). Правам ажыццяўлення грамадскага кантролю за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, валодаюць толькі сябры камісій.

Гэта азначае, на думку ўрада, што самі па сабе грамадскія аб'яднанні, у тым ліку тыя, статуты якіх прама прадугледжваюць абарону правоў іншых асобаў, або праваабаронцы ў асабістай якасці не з'яўляюцца суб'ектамі грамадскага кантролю.

У адпаведнасці з Палажэннем, сістэму ГНК утвараюць:

рэспубліканская грамадская назіральная камісія пры Міністэрстве юстыцыі, якая фармуецца з прадстаўнікоў міжнародных, рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў і ажыццяўляе сваю дзейнасць на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

абласныя і Мінская гарадская грамадскія назіральныя камісіі пры галоўных упраўленнях юстыцыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, сфармаваныя з прадстаўнікоў мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, арганізацыйных структур міжнародных і рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў, ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь.

Сябрамі камісіі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі ўзросту 25 гадоў, якія з'яўляюцца прадстаўнікамі зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку грамадскіх аб'яднанняў, статутнай мэтай або напрамкам дзейнасці якіх з'яўляецца абарона правоў грамадзянаў, у тым ліку садзейнічанне абароне правоў асуджаных да пакаранняў і іншых мераў крымінальнай адказнасці, і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Прадстаўнікі не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку аб'яднанняў, ініцыятыў і групаў грамадзянаў, а таксама некамерцыйных арганізацый, створаных і зарэгістраваных у форме фондаў і ўстаноў, у склад ГНК не ўключаюцца.

Камісіі ўтвараюцца ў складзе ад трох да адзінаццаці сябраў. Сябрам камісіі выдаюцца пасведчанні ў парадку, устаноўленым Міністэрствам юстыцыі.

Кандыдатура сябра камісіі вылучаецца кіруючым органам грамадскага аб'яднання.

Грамадскае аб'яднанне, якое вылучыла кандыдатуру сябра камісіі, накіроўвае ў Міністэрства юстыцыі (галоўнае ўпраўленне юстыцыі абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта) прапанову аб зацвярджэнні дадзенай кандыдатуры і прадстаўляе для зацвярджэння характарыстыку і асабісты ліст кандыдата ў сябры камісіі па форме, што зацвярджаецца гэтым Мiнiстэрствам.

Гэта азначае, што фармаванне грамадскай структуры для ажыццяўлення грамадскага кантролю знаходзіцца цалкам у вядзенні органа выканаўчай улады.

Міністэрства юстыцыі (галоўнае ўпраўленне юстыцыі абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта) у тэрмін, які не перавышае трыццаці каляндарных дзён, разглядае прапанову грамадскага аб'яднання і прымае рашэнне пра зацвярджэнне кандыдатуры сябра камісіі альбо пра адхіленне прапанаванай кандыдатуры.

Палажэнне не прадугледжвае вызначанага парадку адбору сябраў ГНК з ліку кандыдатаў, роўна як не прадугледжвае крытэраў, паводле якіх прэтэндэнты ў сябры ГНК уключаюцца ў яе склад. Устаноўлены толькі фармальныя падставы для адмовы: сябрамі камісій не могуць быць асобы, якія маюць нязнятую або непагашаную судзімасць альбо прызнаныя па рашэнні суда недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымi, а таксама суддзі і адвакаты.

Парадак утварэння Рэспубліканскай ГНК, абласных, Мінскай гарадской ГНК, парадак арганізацыі іх дзейнасці вызначаны Інструкцыяй аб парадку ўтварэння і дзейнасці грамадскіх назіральных камісій, зацверджанай Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 15.12.2006 № 85.

Персанальны склад Рэспубліканскай камісіі зацвярджаецца загадам Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Персанальны склад абласной, Мiнскай гарадской камiсiй зацвярджаецца загадам начальніка ўпраўлення юстыцыі адпаведна абласнога, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Камісію ўзначальвае старшыня, абраны камісіяй з ліку яе сябраў па ўзгадненні з Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь або з упраўленнямі юстыцыі абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.

Камісія правамоцная прымаць рашэннi пры наяўнасцi на паседжанні больш за палову яе сябраў. Рашэнні прымаюцца простай большасцю галасоў. Пры роўнасці галасоў прымаецца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня камісіі.

Ход паседжання камісіі, а таксама прынятыя камісіяй рашэнні афармляюцца пратаколам, да якога могуць прыкладацца прапановы, заключэнні камісіі, якія носяць рэкамендацыйны характар. Пратакол паседжання Рэспубліканскай камісіі накіроўваецца разам з прыкладаннямі Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрству ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Пратакол паседжання абласной, Мiнскай гарадской камiсiй разам з прыкладаннямі накіроўваецца ва ўпраўленне юстыцыі і ўпраўленне ўнутраных спраў адпаведнага абласнога, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і пры неабходнасці ў Рэспубліканскую камісію.

 

Ці можна кантроль ГНК лічыць эфектыўным?

Важная тая акалічнасць, што сфера кантролю ГНК абмежаваная папраўчымі ўстановамі адкрытага тыпу, арыштнымі дамамі, папраўчымі ўстановамі, крымінальна-выканаўчымі інспекцыямі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў. Кантроль следчых ізалятараў абмежаваны кантролем у дачыненні да асуджаных да пазбаўлення волі, пакінутых у следчых ізалятарах для выканання работ па гаспадарчым абслугоўванні. Такім чынам, кантроль выканання правоў у ізалятарах і іншых месцах несвабоды не ўваходзіць у кампетэнцыю ГНК.

У адпаведнасці з Палажэннем, для наведвання ўстановы камісія звяртаецца з адпаведнай пісьмовай просьбай на імя начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў па вобласці, па г. Мінску і Мінскай вобласці, дзе ўказвае мэту наведвання і колькасць сябраў камісіі, якія будуць удзельнічаць у наведванні.

Для наведвання крымінальна-выканаўчай інспекцыі тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў камісія звяртаецца з пісьмовай просьбай на імя начальніка галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама або ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.

Пасля атрымання дазволу на наведванне ўстановы або дадзенай крымінальна-выканаўчай інспекцыі камісія папярэдне інфармуе начальніка ўстановы пра дату і час наведвання, а пры наведванні крымінальна-выканаўчай інспекцыі - начальніка тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў.

Непасрэдны доступ сябраў камісіі на ахоўную тэрыторыю папраўчых устаноў ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства ўнутраных спраў.

Такім чынам, наведванне пенітэнцыярных устаноў не можа лічыцца эфектыўным сродкам кантролю, паколькі яно ажыццяўляецца толькі з дазволу адпаведнага ўпраўлення ДВП у вядомы пенітэнцыярнай установе час і з вядомай мэтай.

Камісія, а таксама яе сябры маюць права:

пры наяўнасці дазволу наведваць памяшканні органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, пры ўмове захавання правілаў унутранага распарадку названых органаў і ўстаноў;

гутарыць з асобамі, якія ўтрымліваюцца ва ўстановах, за выключэннем асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, пры наяўнасці згоды названых асобаў;

звяртацца да начальніка ўстановы альбо яго намесніка, а таксама да іншых службовых асобаў дзяржаўных органаў, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца пытанні, звязаныя з забеспячэннем правоў і законных інтарэсаў асобаў, якія знаходзяцца ва ўстановах;

запытваць у адміністрацыі ўстановы звесткі і дакументы, неабходныя для правядзення грамадскага кантролю і падрыхтоўкі заключэнняў, за выключэннем матэрыялаў аператыўна-службовай дзейнасці, асабістых справаў асуджаных, іншых дакументаў, якія адносяцца да выканання пакаранняў і іншых мераў крымінальнай адказнасці ў дачыненні да канкрэтных асуджаных;

праводзіць анкетаванне асобаў, якiя ўтрымлiваюцца ва ўстановах, па форме, зацверджанай Міністэрствам юстыцыі па ўзгадненні з Міністэрствам унутраных спраў.

Варта звярнуць увагу на тое, што Палажэннем не прадугледжаная гутарка сябраў ГНК сам-насам (альбо ва ўмовах, калі супрацоўнікі ўстановы могуць бачыць, але не чуць гутарку) з асуджаным. Палажэннем таксама абмежаваны аб'ём звестак, якія прадстаўляюцца сябрам ГНК, і гэта азначае, што ім можа быць адмоўлена, напрыклад, у азнаямленні з матэрыяламі па дысцыплінарным спагнанні, якое аспрэчвае вязень.

Пры ажыццяўленні кантролю сябрам камісіі забараняецца:

перашкаджаць выкананню службовых абавязкаў супрацоўнікамі органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці;

знаёміцца ​​з матэрыяламі аператыўна-службовай дзейнасці, асабістымі справамі асуджаных, іншымі дакументамі, якія адносяцца да выканання пакаранняў і іншых мераў крымінальнай адказнасці ў дачыненні да канкрэтных асуджаных;

ажыццяўляць доступ да комплексу інжынерна-тэхнічных сродкаў забеспячэння аховы і нагляду за асуджанымі ў папраўчых установах;

перадаваць асуджаным, якія змяшчаюцца ў папраўчых установах, карэспандэнцыю, грашовыя сродкi i iншую маёмасць;

ажыццяўляць кіна-, фота-, відэаздымку і аўдыёзапіс;

прымаць ад асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, пісьмовыя звароты.

Дзве апошнія забароны спустошваюць магчымасці сябраў ГНК па кантролі за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці. Так, выявіўшы адпаведнае парушэнне, сябраГНК пазбаўлены магчымасці яго зафіксаваць на фота і відэа. Таксама, у выпадку атрымання сябрамі ГНК звестак аб катаваннях, жорсткім абыходжанні са зняволенымі, няма магчымасці зафіксаваць сляды збіцця, атрымаць ад зняволенага на месцы пісьмовыя сведчанні або тлумачэнні.

Нарэшце, у вязня няма магчымасці ўступаць у канфідэнцыйную перапіску з ГНК.

Гарантыі дзейнасці ГНК і грамадскіх аб'яднанняў, якія аказваюць садзейнічанне выпраўленчым установам, выкладзеныя ў Палажэнні, невялікія па аб'ёме і змесце: грамадскае аб'яднанне, якое вылучыла кандыдатуру сябра камісіі, мае права кампенсаваць сябру камісіі выдаткі, звязаныя з ажыццяўленнем яго дзейнасці; адміністрацыя органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, аказвае садзейнічанне камісіям у ажыццяўленні грамадскага кантролю.

У выпадку прадастаўлення замежнай дзяржаве, замежнай або міжнароднай арганізацыі, сродкам масавай інфармацыі заведама ілжывых звестак аб дзейнасці органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, па прадстаўленні начальнікаў УДВП або УУС, сябра камісіі можа быць выключаны з ГНК рашэннем міністра юстыцыі ці начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта.

 

Такім чынам, аб'ём правоў сябраў ГНК і забаронаў такі, што кантроль камісій з'яўляецца фармальным.

Інфармацыя аб дзейнасці ГНК рознага ўзроўню публікуецца на сайце Міністэрства юстыцыі. За 2013 была размешчана толькі абагульненая інфармацыя аб дзейнасці камісій.  

Абласныя ГНК ў 2013 годзе наведвалі: папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 1 г. Брэста, папраўчую ўстанову "Папраўчая калонія № 3" п. Віцьба, папраўчую ўстанову "Папраўчая калонія № 15" г. Магілёў, папраўчую ўстанову "Папраўчая калонія № 19" г. Магілёў, папраўчую ўстанову "Папраўчая калонія № 16” г. Горкі, папраўчую ўстанову "Турма № 8" г. Жодзіна, а таксама праведзена праверка працы "ўмоўна-выканаўчай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Гомеля" (правапіс крыніцы). Высновы ГНК па выніках наведванняў не апублікаваныя, але, падобна, чакаць аб'ектыўнасці ад "умоўна- грамадскіх" камісій пры правядзенні такога ж "ўмоўнага" кантролю не варта.

Камісіі падчас наведвання устаноў азнаёміліся з умовамі побыту асуджаных, арганізацыяй іх вольнага часу, працаўладкавання, медыка-санітарнага забеспячэння, а таксама былі арганізаваны прафілактычныя гутаркі з асуджанымі.

Прадстаўнікі Рэспубліканскай ГНК 19 жніўня 2013 г. наведалі Следчы ізалятар № 6 УДВП МУС Рэспублікі Беларусь (СІЗА г.Баранавічы) з мэтай праверкі выканання адміністрацыяй папраўчай установы правоў асуджаных.

Аб аб'ектыўнасці і выніковасці грамадскага кантролю можна меркаваць па высновах ГНК: "Падчас азнаямленчай гутаркі, якая адбылася з прадстаўнікамі адміністрацыі СІЗА, былі падрабязна абмеркаваныяпытанні функцыянавання ўстановы, ўмовы знаходжання спец.кантынгента і ўмовы адбыцця пакарання асуджанымі, умовы функцыянавання арыштнага дома, а таксама праведзены агляд СІЗА. Сябры камісіі наведалі памяшкання СІЗА, бібліятэку, кухню і іншыя аб'екты, размешчаныя на тэрыторыі СІЗА. Пры азнаямленні з працай ўстановы адбыліся гутаркі з асуджанымі і спец.кантынгентам. Скаргаў і нараканняў на працу адміністрацыі СІЗА, умовы размяшчэння не паступала. Камісія прыйшла да высновы, што ўмовы размяшчэння і харчавання адказваюць усім патрабаванням, што прад'яўляюцца да сістэмы выканання пакарання і папярэдняга зняволення», - паведамляе сайт Міністэрства юстыцыі. Між тым большасць апытаных зняволеных гэтага СІЗА адзначаюць агульныя для ўсіх СІЗА праблемы: перанаселенасць камераў, асабліва для асуджаных, якія чакаюць адпраўкі ў папраўчую ўстанову, або "транзітных" асуджаных, нізкая якасць харчавання, адсутнасць камфортнай тэмпературы, свежага паветра і нармальнага асвятлення.

Напружанай працу ГНК таксама не назавеш: за ўвесь 2013 7ГНК наведалі толькі 8 устаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці,з больш як 90 месцаў зняволення, не лічачы крымінальна-выканаўчыя інспекцыі ў кожным тэрытарыяльным падраздзяленні МУС, якія існуюць у Беларусі.

 

У якой жа форме прадугледжаны заканадаўствам удзел грамадскіх аб'яднанняў у працы органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці?

Суб'ектамі удзелу грамадскіх аб'яднанняў у дзейнасці органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, з'яўляюцца грамадскія назіральныя камісіі і зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку грамадскія аб'яднанні, што ўзгаднiлi мерапрыемствы па аказанні садзейнічання з адміністрацыяй органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці.

Удзел грамадскіх аб'яднанняў у дзейнасці органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, ажыццяўляецца толькі па пэўных напрамках і толькі ў пэўных формах. Такімі напрамкамі могуць быць толькі:

паляпшэнне ўмоў утрымання і медыка-санітарнага забеспячэння асуджаных, якія змяшчаюцца ва ўстановах;

удзел у арганізацыі працы, вольнага часу, навучання асуджаных;

удзел у маральным, прававым, культурным, сацыяльным, працоўным, фізічным выхаванні і развіцці асуджаных;

забеспячэнне свабоды сумлення і свабоды веравызнання асуджаных, якія змяшчаюцца ва ўстановах;

аказанне дапамогі асуджаным у падрыхтоўцы да вызвалення, вырашэнні пытанняў жыллёва-бытавога ўладкавання, працаўладкавання, медыцынскага абслугоўвання і сацыяльнага забеспячэння, сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі і адаптацыі;

умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці.

Формамі удзелу грамадскіх аб'яднанняў з'яўляюцца:

аказанне органам і ўстановам, што выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі;

фінансаванне праграм садзейнічання органам і ўстановам, што выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці;

іншыя формы, не забароненыя заканадаўчымі актамі.

На практыцы гэта азначае, што грамадскае аб'яднанне, якое хоча палепшыць умовы ўтрымання асуджаных, павінна не патрабаваць захавання іх правоў дзяржавай у асобе адпаведнай адміністрацыі, а даць спонсарскую дапамогу ці прафінансаваць праграму паляпшэння бытавых умоў зняволеных.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international