ЕС прызнае палітвязнямі толькі 6 з 11 беларускіх палітзняволеных

2014 2014-02-18T09:22:42+0300 2014-02-18T09:28:59+0300 be

Хто прыняў такое рашэнне, каго прызнаюць палітвязнямі і чаму ім не паведамлялі гэтую лічбу, для праваабаронцаў застаецца загадкай.

 

У Еўрасаюзе палітычнымі лічаць толькі 6 беларускіх вязняў. Такая лічба прагучала сёння падчас нефармальнай сустрэчы праваабаронцаў з амбасадарам адной з еўрапейскіх краін. Гэта лічба стала для іх нечаканасцю, прызнаецца прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч: “Ніхто канкрэтных лічбаў не называў ніколі – мы ўдзельнічалі ў розных сустрэчах калі нас прасілі прадставіць наш пункт гледжання на тыя ці іншыя справы, мы іх агучвалі і заўсёды казалі: “Мы лічым палітвязнямі 11 чалавек”. І тое, што зараз мы даведаліся пра шасцярых – гэта для нас новая інфармацыя”.

 

Праўда, пра тое, што падыходы ў беларускіх праваабаронцаў і еўрапейцаў да таго, каго прызнаваць палітвязнямі, а каго – не, розныя, было вядома даўно. Як і пра тое, што для ЕС лічба палітвязняў у Беларусі – не адзінаццаць. Таму, кажа Стэфановіч, ад таго, што інфармацыя наконт шасці прызнаных у ЕС праваабаронцам стала вядомая, нічога ў іх пазіцыі па гэтым пытанні не мяняе – вызваліць беларускія ўлады павінны ўсіх.

Іншая справа, што праваабаронцы не маюць дакладнай інфармацыі – хто гэтыя 6 “прызнаных”. Могуць толькі здагадвацца, прызнае кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак. Як не ведаюць праваабаронцы і прынцыпаў, па якіх менавіта гэтых вязняў у ЕС прызнаюць палітычнымі.

Алег Гулак: “Павінна быць паслядоўная пазіцыя, і мне цяжка зразумець, пакуль я не чуў тлумачэння, чаму яны адных лічаць так, а другіх – інакш? Вось чаму яны лічаць палітвязнямі менавіта 6 чалавек?”

Якая еўраструктура прыняла рашэнне лічыць палітычнымі менавіта такую колькасць беларускіх вязняў, таксама дакладна не вядома. Стэфановіч і Гулак выказваюць меркаванне, што гэта Савет міністраў ЕС. І кажуць, што будуць па-ранейшаму настойваць на тым, што палітычных за кратамі – адзінаццаць. Вось толькі магчымасцяў “прымусіць” Еўрасаюз прызнаць палітычнымі ўсіх вязняў праваабаронцы не могуць.

Вядома, што вызваленне палітвязняў – галоўнае патрабаванне ЕС да беларускіх уладаў. Без гэтага шанцаў на пачатак паляпшэння адносінаў няма. Але каб гэтыя шанцы з’явіліся дастаткова вызваліць 6, а не 11, як патрабуюць праваабаронцы, вязняў.  “Гіпатэтычна”, – удакладняюць Гулак і Стэфановіч.

А каб гэта гіпатэтычнасць стала рэальнасцю, іх калега, былая дэпутатка парламенту Людміла Гразнова выказваецца за тое, каб нашы палітвязні… напісалі прашэнне аб памілаванні!

Людміла Гразнова: “Мы можам выкарыстаць вопыт той жа Расіі, калі Хадаркоўскі атрымаў свабоду – напісаў прашэнне, але без прызнання віны. Гэта дазволіла разблытаць вузел праблем, вузел супярэчнасцяў і дазволіла захаваць твар усім: і ўладам, і грамадзянскай супольнасці”.

Такі крок, упэўнена Гразнова, дазволіць Беларусі пачаць рухацца ў бок Еўропы. Але галоўнае – аддаляцца ад імперскай Расіі. Але як прымусіць напісаць прашэнне тых, хто для сябе даўно вырашыў, што ні ў якім разе рабіць гэтага не будзе? Той жа экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч?

Людміла Гразнова: “Ён жа не жыве ў нейкім закутку без аніякай інфармацыі! Інфармацыя, якая да яго даходзіць, павінна мець такое адценне, такі сэнс: “Твой асабісты лёс – гэта, канешне, вельмі важна. Але ж лёс краіны яшчэ важней!”

Такім чынам, лічыць суразмоўца Еўрарадыё, даводзіць думку аб неабходнасці напісаць прашэнне да палітвязняў павінны іх сваякі падчас сустрэч, журналісты ў сваіх матэрыялах і тыя людзі, хто піша вязням.

З такой пазіцыяй катэгарычна не згодныя ўсе астатнія праваабаронцы. “Кожны прыняў сваё рашэнне: адны напісалі прашэнне і ўжо даўно выйшлі на волю, іншыя вырашылі для сябе іншае, і патрабаваць ад іх змяніць сваё рашэнне – амаральна”, – агучвае пазіцыю іншых Алег Гулак. І нагадвае, што калі была палітычная неабходнасць, то ўлады вызвалялі палітвязняў без усялякіх прашэнняў – так было і ў 2008, і ў 2011 гадах.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international