viasna on patreon

”Вольны горад” хоча вярнуць грошы, спагнаныя паводле рашэння суда

2014 2014-02-14T15:49:23+0300 2014-02-14T15:49:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volny-gorad-krych-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Уладзімір Кудраўцаў, выдавец незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад”, 12 лютага накіраваў у суд Крычаўскага раёна заяву аб пераглядзе рашэння суда Крычаўскага раёна ад 10 верасня 2013 года па наноў адкрытых акалічнасцях.

Уладзімір Кудраўцаў таксама просіць суд вярнуць яму 945 000 рублёў, спагнаных паводле рашэння суда Крычаўскага раёна ад 10 верасня 2013 года на карысць Чэрыкаўскай ПМК-280.

Выдавец газеты “Вольны горад” спадзяецца, што рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 10 верасня будзе перагледжана паводле артыкула 452 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса – згодна з ім, рашэнні, вызначэнні і пастановы, якія набылі законную сілу, могуць быць адмененыя па наноў адкрытых акалічнасцях. Падставамі для гэтага з’яўляецца, у тым ліку, адмена рашэння, прысуду, вызначэння альбо пастановы суда.

27 снежня 2013 года прэзідыум Магілёўскага абласнога суда прыняў рашэнне адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2013 і спыніць вытворчасць па справе.

Нагадаем, што 17 чэрвеня суддзя суда Крычаўскага раёна Аляксандр Курылін вынес рашэнне па зыску аб абароне дзелавой рэпутацыі з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” супраць незалежнай газеты “Вольны горад”. Суд прызнаў распаўсюджаныя ў газеце “Вольны горад” (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) у артыкуле “Прыгонныя” звесткі адносна КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” не адпаведнымі рэчаіснасці і абавязаў газету “Вольны горад” апублікаваць абвяржэнне.

Артыкул “Прыгонныя” быў напісаны пасля тэлефанавання ў рэдакцыю “Вольнага горада” жонкі працаўніка Чэрыкаўскай ПМК №280. Жанчына сцвярджала, што яе муж не можа атрымаць заробак ужо трэці месяц. Журналісты "Вольнага горада” параілі ёй звярнуцца па дапамогу ў Крычаўскую міжраённую інспекцыю па ахове працы.

Адміністрацыя ПМК № 280 убачыла ў артыкуле мэту “дыскрэдытаваць кіруючае звяно “Чэрыкаўскага ПМК-280” і раённую вертыкаль улады”.

10 верасня адбылося паседжанне суда Крычаўскага раёна, на якім суддзя суда Крычаўскага раёна Антаніна Качанава задаволіла зыск КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” і пастанавіла спагнаць з журналістаў “Вольнага горада” грошы ў памеры 945 000 рублёў на карысць ПМК на пакрыццё судовых выдаткаў і аплату паслуг адваката.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства