Саннікаў расказаў у АБСЭ пра пакуты беларускіх палітвязьняў

2014 2014-02-14T12:20:11+0300 2014-02-14T12:20:11+0300 be

Былы палітвязень, лідэр «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў выступіў на пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якое праходзіць 13–14 студзеня ў Вене.

Андрэя Саньнікава запрасілі на пасяджэньне разам з праваабаронцамі з Азэрбайджану, Казахстану, Турэччыны. Саньнікаў выступіў на паседжаньні Трэцяга камітэту ПА АБСЭ.

Дэбаты былі прысьвечаныя цяперашняй сытуацыі ва Ўкраіне, а таксама росту экстрэмізму, радыкалізму і ксэнафобіі ў рэгіёне АБСЭ, паведамляе прэсавая служба арганізацыі.

У сваім выступе Андрэй Саньнікаў апавёў пра сытуацыю з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі, пра палітвязьняў і ролю АБСЭ ў прасоўваньні свабоды і дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе. Свой выступ ён пачаў з падзякі за салідарнасьць і падтрымку:

«Два гады таму, калі я быў у турме, тут выступала мая сястра Ірына Багданава. Яна распавяла пра маю сытуацыю, пра ціск і катаваньні, якія я зазнаў. Пазьней гэта было аспрэчана афіцыйным прадстаўніком Беларусі. Таму сёньня я тут прысутнічаю, на шчасьце, асабіста, каб пацьвердзіць, што ўсё, што было сказана два гады таму, праўда.

Яны выкарыстоўвалі ўсялякую маю хваробу, каб прычыніць мне фізычныя пакуты. Яны выкарыстоўвалі ўсё, каб націснуць на мяне і маю сям’ю. Маю жонку арыштавалі разам са мной і зьбілі падчас мірнай дэманстрацыі на плошчы 19 сьнежня 2010 году. На працягу 16 месяцаў я прайшоў чатыры турмы, тры зь якіх двойчы, тры папраўчыя калёніі, восем этапаў. Гэта паказвае, што быў адмысловы плян, распрацаваны дыктатарам, каб ціснуць і катаваць палітычных зьняволеных».

Цяпер у Беларусі адзінаццаць палітычных вязьняў. Але тое, пра што я вам распавядаю, гэта толькі бачная частка вяршыні айсбэрга

Андрэй Саньнікаў зазначыў, што ў Беларусі за кратамі застаюцца палітвязьні:

«Цяпер у Беларусі адзінаццаць палітычных вязьняў. Але тое, пра што я вам распавядаю, гэта толькі бачная частка вяршыні айсбэрга, бо ў турме я сустрэў сотні людзей, якія знаходзяцца там з палітычных матываў, таму што яны змагаліся за свае правы на мясцовым узроўні. Яны ня так прыкметныя, як праваабаронцы або грамадзянскія актывісты, але за кратамі іх сотні».

Як паведамляе сайт «Хартыі-97», у дэбатах выступіў старшыня камісіі Савету рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецыЎладзімір Сянько, які заявіў, што ў Беларусі няма палітвязьняў, і назваў краіну «дэмакратыяй, якая разьвіваецца».

Андрэй Саньнікаў назваў гэтыя словы вялікай хлусьнёй:
«Трэба валодаць надзвычай багатай фантазіяй, каб назваць самую жорсткую дыктатуру ў Эўропе „дэмакратыяй, якая разьвіваецца“, як гэта зрабіў прадстаўнік рэжыму. Хачу сказаць, што пасьля разгону мірнай дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году пацярпела і АБСЭ: яе офіс у Менску быў закрыты».

Андрэй Саньнікаў пералічыў прозьвішчы 11 беларускіх палітычных зьняволеных і заклікаў: «Яны маюць патрэбу ў падтрымцы і павінны быць вызваленыя».

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international