Павел Левінаў ініцыяваў дзве праверкі ў выбарчых камісіях

2014 2014-02-12T20:53:59+0300 2014-02-12T20:53:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/levinau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца звярнуўся ў пракуратуру і Следчы камітэт з заявамі пра парушэнні выбарчага заканадаўства віцебскай гарадской і акруговай выбарчымі камісіямі.

Паводле заявы Паўла Левінава, Следчы камітэт мусіць праверыць наяўнасць падстаў для завядзення супраць сяброў гарадскай выбарчай камісіі крымінальных спраў за перавышэнне ўлады і ўскладзеных паўнамоцтваў.

Праваабаронца распавёў, што Валянціна Казакоўская, старшыня гарадской выбарчай камісіі, дырэктар культурна-дзелавога цэнтру “Першамайскі”, ініцыявала дзеянні, не прадугледжаныя выбарчым заканадаўствам:

“Група грамадзян накіравала мяне назіральнікам у гарадскую выбарчую камісію 27 снежня мінулага года. І ўжо назаўтра сябры камісіі пачалі абыходзіць кватэры гэтых грамадзян, патрабуючы пісьмовых сведчанняў, ці вылучалі яны мяне ў назіральнікі. Я патэлефанаваў спадарыні Казакоўскай і спытаў, на якой падставе турбуюць людзей. Паводле яе слоў, яны вырашыла гэта зрабіць па ўласнай ініцыятыве і “на падставе кодэксу”. Які кодэкс і каторы артыкул меўся на ўвазе, старшыня камісіі патлумачыць не змагла. Пазней высветлілася, што рашэнне правесці несанкцыянаваную праверку был прынята супольна. Аднак ніводным заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана збіранне пісьмовых тлумачэнняў грамадзян, якія накіроўваюць назральніка ў выбарчую камісію. Я лічу, што гэта не толькі парушэнне дзеючага заканадаўства, але і супрацьзаконны ціск і запалохванне людзей, якія ўсяго толькі скарысталіся сваім правам. У заяве я напісаў, што ў дзеяннях сяброў гарадской выбарчай камісіі бачу падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы паводле артыкула 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў”.

Другая заява Паўла Левінава ў пракуратуру і ў Следчы камітэт тычыцца парушэнняў, заўважаных у працы акруговай выбарчай камісіі Будаўнічай выбарчай акругі №57. Як стала вядома праваабаронцу, у склад акруговай камісіі была вылучана спадарыня Кашалапава, старэйшая медсястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі №3. Паводле дакументаў, яе вылучыў пацоўны калектыў падчас сходу, дзе старшынёй была абрана Л.Новікава, галоўурач паліклінікі. Пратакол падпісала менавіта спадарыня Новікава, падкрэслівае віцебскі праваабаронца:

“Згодна з гэтым пратаколам, на сходзе працоўнага калектыва прысутнічалі 263 чалавекі, і праводзіўся ён у актавай зале паліклінікі. Гэта якраз тая паліклініка, якая абслугоўвае мой раён, і мне там неаднаразова даводзілася бываць. У адзін са сваіх візітаў туды я вырашыў зірнуць, што за актавая зала ў гэтай установе. Знайшоў і пераканаўся: пры ўсім жаданні там могуць змясціцца не больш за 120 чалавек. Там 72 крэслы, яшчэ 5 месцаў у прэзідыюме, і ў праходах, стоячы, маглі б паўдзельнічаць у сходзе яшчэ чалавек 40. Але ж не 263 чалавекі! Паколькі пратакол падпісаны старшынёй сходу Новікавай і сакратаром Вераб’ёвай, я напісаў у заяве, што ёсць падставы менавіта іх падазраваць у фальсіфікацыі пратакола сходу па вылучэнні ў акруговую выбарчую камісію медсястры Кашалапавай. Няхай цяпер следчыя высвятляюць, якім чынам актавая зала паліклінікі пабольшала ўдвая, каб размясціць удзельнікаў сходу!”

Такім чынам, цяпер, адначасова з праверкай дакументаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты гарадская і акруговая камісія мусяць праходзіць уласныя праверкі кампетэнтнымі органамі. Павел Левінаў лічыць, што за кожнае парушэнне падчас выбарчай кампаніі адказныя мусяць быць пакараныя згодна з заканадаўствам.

Верагодна, менавіта па гэтай прычыне – каб не прыцягваць увагі да парушэнняў – яго не ўключылі ні ў адну выбарчую камісію, кажа віцебскі праваабаронца. Ён спрабаваў вылучыцца і ў абласную, і ў гарадскую, і ў акруговую выбарчую камісіі, аднак яго не ўключылі нават ва ўчастковую.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international