Маці Аўтуховіча: Мікола трымаецца бадзёра і дзякуе за падтрымку

2014 2014-02-10T13:24:08+0300 2014-02-11T15:19:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/maci-autukhovicza.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лідзія Аўтуховіч

Лідзія Аўтуховіч

Лідзія Аўтуховіч распавяла пра ўмовы  ўтрымання яе сына ў Гродзенскай турме, а таксама пра моцную падтрымку з волі - лісты Міколу пішуць з самых аддаленых краінаў свету.

 

- Спадарыня Лідзія, скажыце, калі ласка, у апошніх лістах, ці скардзіцца Мікола на ўмовы ўтрымання ў турме?

 - Ён мала што можа напісаць у лістах пра сапраўдныя ўмовы ўтрымання. Што там скардзіцца? Калі кожнаму зразумела,  якія там умовы ў падвальным памяшканні – сцены тоўстыя, халодныя, не ацяпляюцца, днём гарыць святло – цемра такая.

 - Што чутно пра ягоны стан здароўя? Была інфармацыя, што яму не даюць зрабіць пратэзіраванне зубоў. Ці змянілася штосьці?

 -  Думаю, што зараз яму не даюць зрабіць зубы, бо ў яго выявілі высокі ўзровень цукру ў крыві. Вядома, ад такога ціску, перажывання здароўе ў яго падарвалася – і са зрокам у яго дрэнна, і са страўнікам. Харчаванне дрэннае, а пасылку даюць раз на год, 30 кг. Пры такіх умовах немагчыма падтрымліваць сваё здароўе. Але самае галоўнае, што ён застаўся жывы. Я малюся, каб дачакацца яго на волі, бо ў мяне самой здароўе слабое.

 -  А што можна сказаць пра ягоны агульны настрой? Можа, гэта адчуваецца неяк у лістах?

 - Ён у мяне чалавек каменны – стрыманы, моцны. У лістах стараецца падбадзёрваць, нават жартаваць. Ён проста сам сябе пераканаў, што мусіць годна вытрымаць гэтае выпрабаванне. Яму вельмі моцна дапамагае падтрымка людзей з волі, якія пішуць яму лісты.

 - Дарэчы, ці шмат ён лістуецца?

 - Яму пішуць больш за 80 чалавек з усіх куткоў свету – Беларусь, Расія, Україна, ЗША, Канада, нават з Паўднёвай Карэі! Ён усім стараецца адказаць, часам мне піша: “Прабач, мама. Няма часу доўга пісаць, яшчэ на шмат лістоў трэба адказаць!” Людзі моцна яго падтрымліваюць, моляцца за яго, незалежна ад веравызнання – і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты. Мне, бывае, тэлефануюць і кажуць: “Мы молімся за яго, бо ведаем, ён ні ў чым невінаваты, ён добры чалавек”. Гэта моцна дапамагае і нам, родным, і самому Міколу.  

***
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў 2 месяцы нібыта за захоўванне патронаў. Сам Аўтуховіч мяркуе, што яго пакаралі за барацьбу з мясцовымі карупцыянерамі. Палітвязня ўтрымліваюць у Гродзенскай турме як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму. Чакаецца, што вызваленне Аўтуховіча адбудзецца сёлета, 8 красавіка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international