Загадчыца юрыдычнага сектара Клімавіцкага райвыканкама ўразіла прафесійнай некампетэнтнасцю суд

2014 2014-02-06T13:53:55+0300 2014-02-06T13:53:55+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/klimavichy-vykankam-log.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Клімавіцкага раёна адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама і пастанавіў адправіць адміністрацыйную справу жыхаркі вёскі Домамерычы Алены Марчанкі на новы разгляд.

Разгляд скаргі Алены Марчанкі на пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама праходзіў у судзе Клімавіцкага раёна 5 лютага, пастанова суда была агалошаная ў 10-00 6 лютага.

Нагадаем, што процістаянне законапаслухмянай спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней.

Пастановай па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 08.01.2014 года адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама спадарыня Марчэнка была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.15.38 КаАП у выглядзе папярэджання за парушэнне ветэрынарных і ветэрынарна-санітарных правіл.

Алена Марчанка не пагадзілася з вынесенай пастановай і падала скаргу ў суд Клімавіцкага раёна. Таксама спадарыня Марчанка падала скаргу на дзеянні службовых асоб адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама на імя пракурора Клімавіцкага раёна. У скарзе яна звярнулася з просьбай правесці праверку дзейнасці адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў сувязі з тым, што пры разглядзе яе адміністрацыйнай справы былі дапушчаны парушэнні заканадаўства.

Праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў пры разглядзе справы ў судзе Клімавіцкага раёна, кажа, што ён часткова задаволены вынесенай у судзе пастановай.

“Я задаволены тым, што пастанова адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама адмененая з-за парушэння правоў Алены Марчанка пры разглядзе яе справы на паседжанні адміністрацыйнай камісіі, аднак мы будзем абскарджваць пастанову суда, бо ён накіраваў адміністрацыйную справу Алены Марчанкі на новы разгляд, а яна павінна быць спыненая, - выказвае меркаванне Барыс Бухель. – Пастанова суда Клімавіцкага раёна будзе выдадзеная на рукі Алене Марчанка заўтра, тады мы і займёмся яе абскарджваннем. Таксама мы будзем дабівацца ад пракуратуры разгляду скаргі Алены Марчанкі з просьбай правесці праверку дзейнасці адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў сувязі з тым, што пры разглядзе яе адміністрацыйнай справы былі дапушчаны парушэнні заканадаўства”.

Па словах Барыса Бухеля, пры разглядзе скаргі Алены Марчанкі ў судзе Клімавіцкага раёна высветлілася простая некампетэнтнасць адказнага сакратара адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама Святланы Бузы, якая да таго ж з’яўляецца загадчыцай юрыдычнага сектара Клімавіцкага райвыканкама.

“Падчас судовага паседжання спадарыня Буза доўгі час адмаўлялася адказваць, колькі ж чалавек уваходзіць у склад адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама і ці быў на яе паседжанні пры разглядзе адміністрацыйнай справы Алены Марчанкі кворум, - кажа Барыс Бухель. – І толькі пасля прамога пытання суддзі яна адказала, што на паседжанні было шэсць чалавек, усяго ж у склад камісіі ўваходзіць сем чальцоў, кворум быў. Высветлілася, што адказны сакратар камісіі і юрыст райвыканкама нават не ведае, што, згодна палажэння, у склад адміністрацыйнай камісіі райвыканкама павінна ўваходзіць ад 9 да 11 членаў. Пра што больш казаць”…

Алена Марчанка мае намер запісацца на прыём да старшыні Клімавіцкага райвыканкама, каб атрымаць на рукі завераную копію пастановы аб складзе адміністрацыйнай камісіі, а таксама падняць пытанне аб пакаранні старшыні і адказнага сакратара Адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама за парушэнні ў яе дзейнасці.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international