viasna on patreon

Суд наконт аршанскага пікета па праблеме маста цягнецца другі месяц

2014 2014-02-04T14:46:03+0300 2014-02-04T14:46:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/orsha-most-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мясцовыя актывісты Юры Нагорны і Яўген Анішчанка спрабуюць аспрэчыць забарону на акцыю, якая планавалася яшчэ 30 кастрычніка. Цяпер яны хочуць правесці такі самы пікет 29 сакавіка, бо праблема аварыйнага мосту цераз Днепр па-ранейшаму актуальная.

Аварыйны мост з дзіркамі, па якім забаронены рух транспарту, але вымушаны хадзіць мінакі – адна з самых галоўных праблем Оршы. Таму актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Яўген Анішчанка і актывіст Руху "За свабоду" Юры Нагорны яшчэ ў кастрычніку мінулага года падалі заяўку на пікет па гэтай праблеме ў Аршанскі райвыканкам.

Але акцыю не дазволілі, бо заяўнікі не змаглі заключыць дамовы на абслугоўванне акцыі з міліцыяй, медыкамі і камунальным прадпрыемствам "Спецаўтабаза". Дамовы на дзяжурства медыкаў і міліцыянтаў, а таксама наконт прыборкі тэрыторыі пасля масавых акцый патрабуюцца ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкаму. І вось цяпер у судзе аршанскія актывісты змагаюцца за тое, каб адказныя структуры таксама выконвалі рашэнне ўладаў. Бо інакш скарыстацца правам на правядзенне масавых мерапрыемстваў проста немагчыма, гаворыць Юры Нагорны:

"З райаддзела міліцыі і з цэнтральнай паліклінікі нам адказалі, што дамовы будуць заключаць толькі калі нам дазволяць акцыю. А з камунальнага прадпрыемства "Спецаўтабаза" мы ўвогуле не атрымалі аніякага адказу. Прадстаўнікоў гэтых структур мы і выклікалі ў суд. Бо спачатку мы спрабавалі судзіцца з райвыканкамам па факце адмовы, але на працэсе высветлілася, што ўлады фармальна маюць рацыю, забараняючы пікет. А вось змусіць медыкаў, міліцыянтаў і камунальнікаў да заключэння дамоваў перспектыва ёсць".

Судовы працэс паводле скаргі аршанскіх актывістаў распачаўся яшчэ 17 снежня мінулага года. Яўген Анішчанка і Юры Нагорны патрабуюць, каб камунальнікі, райаддзел міліцыі і паліклініка пагадзіліся на заключэнне дамоў. Разбор акалічнасцяў зацягнуўся, кажа спадар Нагорны:

"Праблемы паўстаюць адна за адной: спачатку мы не змаглі знайсці ў Оршы адваката, каб ён быў згодны бараніць нашы інтарэсы. Давялося наймаць абаронцу ў Віцебску. Потым пачаліся складанасці з прадстаўнікамі адказных службаў. Так, юрысты з міліцыі і паліклінікі ў адзін голас гавораць, што ў іх нават няма прэйскуранту на паслугі паводле замоваў прыватных асоб. Пры гэтым падкрэсліваюць, што паслугі насельніцтву – гэта не асноўны від дзейнасці міліцыі і медыкаў. Прадпрыемства "Спецаўтабаза", як высветлілася, таксама не мае прэйскуранта на прыборку тэрыторыі па замове прыватных асоб. Вывезці смецце з двара – калі ласка, а вось прыбраць пасля акцыі – нібыта ніяк!

У такім выпадку незразумела, навошта ў рашэнні гарвыканкаму пералічаны гэтыя службы, з якімі арганізатары мусяць заключаць дамовы, калі самі службы не ў стане гэта зрабіць? Выглядае, што рашэнне пра парадак арганізацыі масавых акцый проста недасканалае, але ж на яго спасылаюцца, калі нам адмаўляюць!"

Наступнае, і апошняе, як мяркуюць аршанскія актывісты, судовае пасяджэнне прызначана на 12 лютага. З часу запланаванага ў кастрычніку пікета прайшло амаль паўгода! Аднак праблема аварыйнага моста па-ранейшаму актуальная: ён зачынены на рамонт, але тэрміны рамонту – неакрэсленыя, што са сродкамі на гэты рамонт – таксама невядома, а мінакі мусяць хадзіць па мосце з дзіркамі, што з'яўляецца небяспечным для жыцця. І таму Юры Нагорны і Яўген Анішчанка хочуць арганізаваць і правесці пікет па гэтай праблеме хаця б 29 сакавіка, у належным парадку заключыўшы дамовы. А да таго яны плануюць уздымаць гэту вострую праблему падчас выбарчай кампаніі: Яўген Анішчанка вырашыў балатавацца ў Аршанскі райсавет, а Юры Нагорны працуе ў ініцыятыўнай групе аднаго з патэнцыйных кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў Аршаншчыны.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства