Шклоўскі раён: злачыннасць расце

2014 2014-02-03T13:55:12+0300 2014-02-03T13:55:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zlachunnasc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па выніках 2013 года ў Шклоўскім раёне зафіксаваны рост агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў па ўсіх накірунках з 364 да 440. Крымінагеннае становішча ў Шклоўскім раёне ў 2013 годзе было дастаткова складаным, адзначаліся пэўныя негатыўныя тэндэнцыі ў дынаміцы і структуры злачыннасці, паведамляе ў раённай газеце “Ударны фронт” (№8 ад 29 студзеня 2014 года) начальнік Шклоўскага РАУС, палкоўнік міліцыі Аляксандр Піменаў.

Палкоўнік Піменаў адзначае, што з 17 да 30 узрасла колькасць злачынстваў, здзейсненых супраць чалавека, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іх колькасць наўмысных забойстваў у 2013 годзе ўзрасла з 1 да 4, цяжкіх цялесных пашкоджанняў – з 4 да 7.

Значна вырасла колькасць зарэгістравных хуліганстваў – з 1 да 8. Усе яны былі здзейсненыя асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. З 4 да 6 павялічылася колькасць здзейсненых рабаванняў.

Проста зашкальвае колькасць здзейсненых у 2013 годзе ў Шклоўскім раёне крымінальных правапарушэнняў у сферы эканомікі – у параўнанні з 2012 годам іх колькасць узрасла з 17 да 70.

Як адзначыў у той жа раённай газеце “Ударны фронт” (№9 ад 1 лютага 2014 года) пракурор Шклоўскага раёна Дзмітрый Лянчэўскі, “узровень злачыннасці ў раёне выклікае крайняю заклапочанасць”.

Пракурор Шклоўскага раёна звяртае ўвагу на тое, што вострай застаецца праблема п’янства. У стане алкагольнага ап’янення здзейснена 96 злачынстваў (у 2012 – 84) і больш за 1000 адміністрацыйных правапарушэнняў. Дзмітрый Лянчэўскі адзначае, што застаецца пасіўнай дзейнасць камісій па барацьбе з п’янствам на прадпрыемствах і ў арганізацыях Шклоўскага раёна. Пакідае жадаць лепшага дзейнасць Саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку, скіраваная на аздараўленне крымінагеннага стану ў раёне.

Актуальна ў Шклоўскім раёне праблема рэцыдыўнай злачыннасці. У 2013 годзе асобамі, якія мелі судзімасць, здзейснена 118 злачынстваў, значная колькасць з якіх прыходзіцца на тых, хто не мае пастаяннага месца працы альбо вучобы. Пракурор канстатуе, што “адной з прычын высокага ўзроўня рэцыдыўнай злачыннасці з’яўляецца адсутнасць кантролю за ладам жыцця грамадзянаў асацыяльных паводзін, непрыняццё суб’ектамі прафілактыкі мер па аказанню дапамогі ў працаўладкаванні і рэсацыялізацыі асобаў, якія вызваліся з папраўчых установаў”.

Неабходна адзначыць, што Шклоўскі раён лічыцца адным з лепшых па ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця ў Магілёўскай вобласці.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international