viasna on patreon

У барацьбе з беззаконнем грамадзянам неабходна падтрымка СМІ

2014 2014-01-29T18:58:26+0300 2014-01-29T18:58:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchura_ludmila.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура. Фота ПЦ "Вясна"

Людміла Кучура. Фота ПЦ "Вясна"

Гэта ў інтэрв'ю сайту ПЦ "Вясна" адзначыла Людміла Кучура, якая разам з сябрамі па няшчасці ўжо каля 10 гадоў абівае парогі дзяржаўных інстанцый. Ахвяры беззаконня з розных куткоў Беларусі аб'ядналіся ў пошуках справядлівасці, якая згубілася ў судова-следчых калідорах. Але сілы ў супрацьстаянні паміж імі і гэтай сістэмай відавочна не роўныя.

 

- Людміла Міхайлаўна, давайце пачнем з той жыццёвай сітуацыі, якая прымусіла Вас стаць на шлях праўдашукальніцтва.

 

- У 2004 годзе мой муж быў арыштаваны ў сувязі з забойствам дзяржінспектара камітэта па ахове жывёльнага і расліннага свету. Але хачу заўважыць, не на месцы забойства, а на наступны дзень - прыехалі да нас дадому, запрасілі мужа як сведку і там ужо арыштавалі. Было гэта ў вёсцы Масцішча Дзяржынскага раёна, дзе муж і яго сябры сабраліся на лецішчы аднаго з іх і вырашылі папаляваць. У гэты час дзяржінспектары Стаўбцоўскага раёна там нібыта праводзілі рэйд, але, як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, ніякага рэйду не было. Верагодна, гэта было браканьерства з боку гэтых дзяржінспектараў, у кампаніі з якімі былі службовыя асобы. Праўда, даказаць гэта немагчыма, бо ў нашай краіне яшчэ няма незалежнага суда і следства, натуральна, вядзецца па замове. Забойства гэта, як мы лічым, было выпадковасцю.

І вось за гэтае забойства прыцягнулі да адказнасці майго мужа. Уся яго «віна» ў тым, што апынуўся ў найбліжэйшым да месца забойства пасёлку, ды да таго ж сам паляўнічы і ў доме знайшлі зарэгістраваную стрэльбу. Натуральна, яго дачыненне да забойства не даказана. Матэрыялы справы кажуць пра адваротнае. І шмат цікавых абставінаў суправаджала гэтую справу.

Па-першае, месяц справа наогул была замарожана, следства не вялося - відавочна, абдумвалі, як усё зрабіць. Да ўсяго, у дзень затрымання мужа да яго ў ІЧУ Дзяржынска прыязджаў Нявыглас, які ў той час быў Дзяржсакратаром Савета бяспекі РБ, і прымушаў мужа ўзяць гэтае забойства на сябе. Казаў: возьмеш на сябе - будзе як забойства па неасцярожнасці, не возьмеш - будзе як наўмыснае, з пакараннем аж да пажыццёвага, а там можа быць і расстрэл. Казаў мужу, маўляў, падумай пра жонку і сына. Увогуле, пагрозы сыпаліся... Суд таксама праходзіў цікава. Уявіце, справа аб забойстве была разгледжана за чатыры дні. Сведкі былі выкліканыя толькі з аднаго боку - тыя ж дзяржінспектары, егеры, якія былі на гэтым паляванні. З нашага боку - нікога. Усе хадайніцтвы, якія мы заяўлялі, былі адхіленыя судом. Экспертызы, якая б даказвала, што гэты дзяржінспектар забіты з стрэльбы майго мужа, няма. Ужо пасля касацыі, калі я наняла адваката, мы выявілі, што вельмі шмат дакументаў з матэрыялаў справы знікла. І самае цікавае, што забойства было 11 снежня, а першая экспертыза, балістычная, была прызначаная на 10 студзеня, праз месяц пасля забойства. У нас ёсць судова-медыцынская экспертыза, якая ўстанавіла, што ён забіты ў спіну. І пра гэта нават у праграмах навінаў казаў следчы. У прысудзе суда - у грудзі. Гэта было зроблена для таго, каб з забітага (вядома, той чалавек быў ні ў чым не вінаваты) зрабіць героя. І зрабіць гэта мог толькі высокапастаўлены чалавек. Як стала зразумела потым, гэта зрабіў Нявыглас, і ён, дзяржсакратар Савета бяспекі, асабіста ездзіў у Стоўбцы ўзнагароджваць ўдаву загінулага. Усё гэта было падчас следства - гэта значыць, яшчэ да суду з мужа зрабілі злачынца. Гэтая ўзнагарода мела фатальную ролю. Зваротнай хадыўжо не было...

Таксама ў матэрыялах справы ёсць паказанні майго мужа на судзе. Яны вельмі важныя. І мы ўдзячныя таму сакратару, якая вяла гэтыя пратаколы судовых пасяджэнняў. Дык вось, на пытанне мужу "Вы ж казалі, што вы стралялі?" Ён адказаў, што казаў словамі службовых асобаў, якія яго пераконвалі, што гэта зрабіў ён. У пратаколах зафіксавана, што муж паўтараў гэта двойчы. Але вы думаеце, на гэта хто-небудзь звярнуў увагу...

Мужу далі васемнаццаць гадоў. Для нас гэта быў шок...

Калі ў 2009 годзе я звярнулася да Лукашэнкі з нагоды таго, што да гэтай справы мае дачыненне Генадзь Нявыглас, гінуць два нашыя сведкі - сябры мужа, з якімі ён быў тады на лецішчы. І абставіны іх смерці таксама дзіўныя: адзін нібыта днём наязджае на камень і разбіваецца - але ніхто гэтага не бачыў, а праз восем месяцаў другога ўтапілі ў возеры, хоць казалі, што ён патануў сам, але пад пазногцямі ў яго была зямля, была рана ля скроні... Я думаю, што ад іх пазбавіліся, а цяпер вось распраўляюцца з намі...  

 

- І адразу пасля вынясення прысуду Вы пачалі сваё шматгадовае хаджэнне па інстанцыях?

 

- Так. Вынеслі прысуд... Тут, дарэчы, таксама ёсць цікавы момант. Прысуд быў вынесены 23 чэрвеня - і праз тыдзень суддзя (гэта быў звычайны суддзя Мінскага абласнога суда Клешчанок) стаў суддзёй Вярхоўнага суда. Зразумела: замову выканаў. Цікава, што гэты Клешчанок сам з'яўляецца паляўнічым - ведае ўсе тонкасці, так бы мовіць.

Але, як вядома, свет не без добрых людзей. Адна мая добрая знаёмая, распытваючы усіх аб тым, як накіраваць зварот да прэзідэнта  каб ён да яго дайшоў, выпадкова знайшла чалавека, які пагадзіўся сустрэцца са мной і дапамагчы. Я з ім не была знаёмая, мы проста сустрэліся, я аддала яму паперы, свой ​​зварот да прэзідэнта, і мы разышліся, нават не абмяняўшыся тэлефонамі. Гэта было як раз пасля касацыі, мужа этапавалі ў Наваполацк, дзесьці ў дваццатых чыслах жніўня, а сёмага верасня да мужа ў калонію прыехалі са службы ўласнай бяспекі прэзідэнта па яго ўказанні. Яны сказалі мужу, што глядзелі справу і што там сам чорт не разбярэцца, так і сказалі. І паведамілі: у цябе будзе новы суд, даў каманду прэзідэнт. Затым наш ранейшы адвакат быў у Вярхоўным судзе на прыёме ў Калінковіча [Валерый Калінковіч - з 2005 года намеснік старшыні, старшыня судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь - рэд.], дзе гэта пацвердзілася. Але дагэтуль суда няма.

І вось я пачала хадзіць, пісаць скаргі. Наняла новага адваката і пайшла ў Вярхоўны суд запісаць яго на прыём да Сукалы [Валянцін Сукала - Старшыня Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь - рэд.]. Зразумела, у такія інстанцыі прыходзіць шмат людзей і ўсе расказваюць свае гісторыі. А я, будучы ўпэўненай у невінаватасці майго мужа, ніколі за ўсе гэтыя гады не баялася сказаць, што мой муж сядзіць за забойства. І вось такім чынам, у размовах ў Вярхоўным судзе, я пазнаёміліся з першымі пяццю чалавекамі. І калі я з адвакатам прыйшла на прыём, гэтыя жанчыны таксама прыйшлі, боў адзін час запісваліся, мы абмяняліся тэлефонамі і вырашылі стэлефанавацца. А па дарозе дадому я падумала, што вось ёсць у мяне тэлефоны пяці чалавек, чаму б ні напісаць калектыўны ліст прэзідэнту. І так з'явіўся наш першы калектыўны зварот. Тады супрацоўнікі ў Адміністрацыі прэзідэнта нас неяк сур'ёзна і не ўспрымалі, жартавалі нават, маўляў, прыйшлі нейкія. Але пасля жартаваць яны перасталі, я вам скажу.

А далей, калі прыходзіш на прыём у Адміністрацыю прэзідэнта, у Генеральную пракуратуру, у Вярхоўны суд, знаёмішся з новымі людзьмі. І ўсё гэта неяк разраслося. У турмах даведаліся многія, давалі сваякам мой тэлефон. Тэлефанавалі жанчыны, якія казалі, што мой тэлефон ім далі ў Вярхоўным судзе.

Такім вось чынам наша група ўтварылася, і да гэтага часу мы разам. Людзі, у якіх на працягу гэтых гадоў пытанні вырашыліся, усё роўна застаюцца з намі, падпісваюць усе нашы калектыўныя звароты ў розныя органы, міжнародныя арганізацыі і гэтак далей. Разумеюць, што трэба дапамагчы тым, хто калісьці дапамог ім. Бо дзякуючы гэтай групе некаторыя асуджаныя апынуліся на волі.

 

- Можна вашу групу акрэсліць неяк - па колькасці, геаграфічна?

 

- Зараз нас чалавек 50, можа нават больш. Людзі сабраліся фактычна з усіх абласцей рэспублікі. І справы ў нас розныя - грамадзянскія, крымінальныя. Сярод нас ёсць тыя, у каго забілі, а злачынец не пакараны. Вядома, улады павінна быць вельмі сорамна. Уявіце, людзі, у якіх забілі дзяцей, заадно са мной, у якой муж сядзіць за забойства (калі абстрагавацца ад таго, што мой муж не вінаваты). Гэта пра што сведчыць? Гэта кажа пра недавер людзей уладзе, усёй гэтай сістэме - праваахоўнікам і іншым.

 

- Вы сказалі, што ёсць справы, па якіх удалося чагосьці дамагчыся...

 

- Так. Па-мойму, у 2010 годзе мы з розных гарадоў Беларусі давалі тэлеграмы (і заўсёды даём) у дзень, калі прэзідэнт звяртаецца з пасланнем да народа і парламента. І гэтыя нашыя тэлеграмы былі перададзеныя ў генпракуратуру, пасля чаго яна пачала выносіць пратэсты. На жаль, пратэсты, вынесеныя па грамадзянскіх справах, суд не задаволіў. Ды і па крымінальных - не па ўсіх, але некаторыя магу назваць.

Па справе Аляксандра Бабенкі, хлопца з горада Барысава, якога яшчэ ў непаўналетнім узросце пасадзілі ў турму за забойства, якога ён не здзяйсняў. Як непаўнагадоваму яму далі дзевяць гадоў, шэсць гадоў ён адседзеў. І вось мама пасля многіх гадоў барацьбы дамаглася вызвалення сына. У Ваўкавыску хлопец быў асуджаны на восем гадоў за наркотыкі, адседзеў чатыры гады, яго апраўдалі.

Ёсць справа Аляксандра Буд-Гусаіма, які ў 1999 годзе быў асуджаны да пажыццёвага зняволення нібыта за забойства егера. (Вось справа майго мужа спісана з справы Буд-Гусаіма. У нас з ім адна Мінская абласная пракуратура і Мінскі абласны суд.) Ён быў затрыманы супрацоўнікамі Салігорскага РАУС, і пры допытах, якія праходзілі ў адсутнасць адваката, пад катаваннямі яго прымусілі даць «прызнальныя паказанні». Але на самай справе, як потым даказала яго адвакат, Буд-Гусаім у дзень забойства не паляваў, са сваёй стрэльбы не страляў і ў месцы забойства егера не быў. Судовае следства па справе было павярхоўнае і паспешлівае, у агульнай складанасці доўжылася адзін працоўны дзень. Гэта значыць, пачалося 31 траўня ў 14.40 (у 14.20 яму далі 20 хвілін азнаёміцца ​​з матэрыяламі справы) і да 18.00, 1 чэрвеня - з 09.30 да 13.00. І прысуд - пажыццёвае! Усе гады, што Аляксандр Буд-Гусаім адбываў гэтае пакаранне, ён сам, яго жонка, адвакат не пераставалі пісаць ва ўсе інстанцыі. Але адказ быў адзін - усё законна. У 2010 годзе зварот яго жонкі ўсё ж было разгледжана ў Адміністрацыі прэзідэнта, пасля чаго генпракуратура вынесла пратэст. Вярхоўны суд адмяніў прысуд Менскага аблсуда аб пажыццёвым, дзеянні Буд-Гусаіма былі перакваліфікаваныя, яму прызначылі 20 гадоў ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, былі ўжытыя амністыі 2000-га, 2002-га, 2005-га гадоў, у выніку - 17 гадоў. І Аляксандр Буд-Гусаім у дадзены момант ужо знаходзіцца дома. Дарэчы, яму таксама быў адменены артыкул за браканьерства, і тут узнікае пытанне: дык за што трэба было яму забіваць егера?

У справе майго мужа стаіць пытанне: навошта трэба было забіваць дзяржінспектара? Бо чамусьці падчас следства і суду яго не прыцягнулі да адміністрацыйнага пакарання за браканьерства. Хоць да таго ў дзяржаўных СМІ пісалі, што ён браканьернічаў. Судом таксама не быў высветлены матыў, намер і мэта «забойства». Але па маіх зваротах ніколі ніякія пратэсты не выносіліся. Праўда, быў вынесены генпракуратурай адзін пратэст - пра тое, што ў нас, як апынулася, незаконна былі канфіскаваныя стрэльбы. Мы пра гэта ўвесь час пісалі ў скаргах, нам заўсёды адказвалі - законнае. І раптам, праз пяць з паловай гадоў, аказалася незаконна. Вярхоўны суд разгледзеў частку справы, якая адносіцца да пратэсту, хоць у такіх выпадках павінна разглядацца уся справа. У выніку дзяржава нам вярнула грошы, вядома, невялікія...

Але ёсць у нашай групе і справы, па якіх не ўдаецца дамагчыся выніку. У Ніны Цімафееўны Курнушка ў 2000-м годзе на паляванні быў забіты сын. Да гэтага часу забойца не пакараны. Бярэзінская пракуратура, якая расследавала справу, складу злачынства не знайшла. Усе гэтыя гады маці ходзіць па інстанцыях, а гэта генпракуратура, Адміністрацыя прэзідэнта і іншыя, і чыноўнікі запэўніваюць яе, што сын забіў сябе сам. Нягледзячы на тое, што праз сем гадоў намеснік генпракурора Прус вынес пастанову, у якой напісана, што сабранымі праверкай доказамі пацвярджаецца наяўнасць злачыннага замаху, інсцэніраванага пад няшчасны выпадак на паляванні. Але куды б знясіленая горам маці ні звярталася з гэтай пастановай, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ёй адмаўляюць.

У 2000-м годзе была згвалтаваная і забітая 16-гадовая дачка Мікалая Мікалаевіча Лебедзя з Салігорску. Усе гэтыя гады ён дамагаецца пакарання вінаватых, але яму ў гэтым таксама адмаўляюць. Хоць ён мае ўсе доказы і называе імёны злачынцаў. Гэтую справу расследавала Карэліцкая пракуратура.

Ёсць у нас справа Раміза Мамедава, якога ў 2004 годзе Гродзенскі абласны суд прыгаварыў да 24 гадоў за забойства стрыечнай сястры ў Лідзе. Ні суд, ні следства «не звярнулі» ўвагі на той факт, што ў дзень забойства Раміза не прыязджае ў гэты горад... Атрымалася так, што адзін з лістоў Галіны Мамедавай, маці Раміза, трапіў да Віктара Лукашэнкі, памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, і не застаўся па-за ўвагай. Ён даў указанне Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры прэзідэнце разгледзець гэтую справу. ААЦ зрабіў заключэнне, што Раміза агаварылі і ў дзень забойства яго не было ў Лідзе. Такое ж заключэнне зрабіў Васілевіч [Рыгор Васілевіч - у 2008-2011 гадах Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь - рэд.], які асабіста дапытваў двух нібыта сведак. А гэтыя сведкі... адзін з іх наркаман, які, як указана ў матэрыялах справы, нават даваў паказанні ў стане ап'янення, але менавіта на гэтых паказаннях суд і будаваў сваё абвінавачанне. Затым гэтую справу разглядала створаная ў прэзідэнцкай адміністрацыі рабочая група і таксама зрабіла заключэнне, што ўсё ў гэтай справе не так. На падставе даведкі гэтай рабочай групы Уладзімір Макей, тагачасны кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, накіраваў генпракурору ліст, у якім, у прыватнасці, гаворыцца, што ў якасці доказаў віны Мамедава пакладзены паказанні сведак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, прызнаныя ў далейшым ілжывымі, што не даследаваны паказанні ўсіх сведак, уключаючы тых, якія паказалі, што Раміз Мамедаў у момант здзяйснення злачынства знаходзіўся ў іншым населеным пункце. У гэтым лісце Макей просіць правесці праверку новых абcтавінаў у мэтах аднаўлення вытворчасці па крымінальнай справе. У ліпені 2011 года Вярхоўны суд адмяняе прысуд Гродзенскага аблсуда. Справа перадаецца пракурору для новага расследавання. І ў сакавіку 2013 года Гродзенскі аблсуд зноў прызнае Раміза Мамедава вінаватым у забойстве, прызначае яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 24 гады, і зноў прысуд заснаваны на сведкавых паказаньнях тых жа наркаманаў. Пасля абскарджання ў Вярхоўным судзе прысуд застаўся ў сіле. І вось як нам быць у такой сітуацыі!

Ёсць сярод нас былы суддзя і адвакат - Сяргей Ярашэвіч з Жлобіна. Ён прайшоў ужо 17 судовых інстанцый, але нічога не можа даказаць. Яго асудзілі за хуліганства, якога ён не здзяйсняў - нібыта збіў былога супрацоўніка МУС, якога раней абараняў у судзе па крымінальнай справе. Наогул, сітуацыя цікавая. І былі ў гэтай справе два “сведкі”. Пасля адзін з іх на судзе заявіў, што ён агаварыў Ярашэвіча, а другі напісаў яўку з павіннай у Гомельскую абласную пракуратуру. Але гэта нічога не дало. І вось, чалавек з 2005 года разам з намі абівае парогі. Дык калі былы суддзя і адвакат нічога не можа даказаць, уявіце, як цяжка нам, простым грамадзянам.

Так вось мы дзейнічалі. Але потым, напэўна, улада вырашыла, што ўжо шмат для нас зрабіла. І далей, колькі мы ні звяртаемся, з намі з усімі спынілі перапіску, не адказваюць...

 

- А што ці хто, на Ваш погляд, мог бы дапамагчы ў такіх «непрабіваемых» сітуацыях?

 

- Я лічу, вельмі важна, каб пра такія справы як мага больш распавядалі сродкі масавай інфармацыі. Вядома, улады спрабуюць не рэагаваць на артыкулы незалежных СМІ. Скажу нават, што не толькі незалежных. У 2007 годзе начальнік прававога аддзела газеты "Рэспубліка", даволі вядомы журналіст, напісаў артыкул пра майго мужа. Яго не далі надрукаваць у "Рэспубліцы", ён з'явіўся ў "Частномдетективе". Вядома, яму выказалі "фе" і Генеральная пракуратура, і Вярхоўны суд, але тым не менш. Усё, што там было выкладзена, праўда. Скажу, што рэакцыі ніякай не было - ніхто не заявіў аб неабходнасці нейкіх праверак. Так, улады не рэагуюць. Але пісаць пра гэта трэба.

Па-першае, усе грамадзяне павінны ведаць, што адбываецца ў іх краіне. Бо дзяржтэлебачанне, дзяржпрэса гавораць толькі пра дасягненні, якіх на самай справе няма. А як яшчэ нам даведацца праўду? Толькі праз незалежныя СМІ. Вядома, людзі чуюць – дзесьці хтосьці распавёў пра штосьці незаконнае. Але калі гэта будзе напісана і людзі будуць чытаць - гэта ўжо шмат значыць. І яшчэ скажу - гэта вельмі нязручна для ўладаў. Хоць яны і не рэагуюць, але ім вельмі нязручна. І калі, напрыклад, мае артыкулы з'яўляліся ў "Народнай волі" і я прыходзіла ў некаторыя інстанцыі, то нават чыноўнікі там казалі "малайчына, Людміла Міхайлаўна". Пытаюся, ну а "там" як? Вы ж самі разумееце іх рэакцыю, адказваюць. "Там" маўчаць. І гэтае іх маўчанне - толькі пацверджанне таму, што мы пішам праўду. Я думаю, што часы ўсё ж зменяцца. І на тыя справы, пра якія распавядалі СМІ, будуць звяртаць увагу, і, магчыма, яны яшчэ будуць перагледжаныя.

Ёсць, вядома, і адваротны бок.Чым больш мы пішам і надаём агалосцы гэтыя справы, тым большы прэсінг аказваецца на нашых блізкіх у месцах зняволення. Бо калі мы дамагаліся пераглядаў спраў, пра якія я распавяла, ішлі здзекі над гэтымі людзьмі. Памятаю, вельмі моцны ціск аказваўся на таго ж Аляксандра Бабенку. Былі здзекі над Рамізам Мамедавым, і калі пасля новага прысуду яго зноў прывезлі ў Івацэвічы, адразу з карантыну пасадзілі ў ШЫЗА, зараз, па-мойму, у ПКТ збіраліся пасадзіць. Падобна на тое, што яго рыхтуюць да турмы, як гэта зрабілі з маім мужам. Гэтыя і іншыя людзі перажылі ў калоніях многае. І калі ў справе майго мужа замяшаныя службовыя асобы, то ў іншых справах нічога падобнага няма - але абыходжанне з асуджанымі такое ж. Пра што гэта сведчыць? Калі гэта быў законны прысуд - чаго баяцца?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства