viasna on patreon

Выдавец газеты “Клімавіцкая інфа-панарама” скардзіцца з нагоды нядопуску на адміністрацыйны працэс

2014 2014-01-28T13:47:12+0300 2014-01-28T13:47:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arzancau-siargei-klimavichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Аржанцаў

Сяргей Аржанцаў

Выдавец маланакладнай газеты “Клімавіцкая інфа-панарама” Сяргей Аржанцаў 27 студзеня накіраваў скаргу на дзеянні службовай асобы адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў Магілёўскі аблвыканкам.

У сваёй скарзе незалежны журналіст просіць чыноўнікаў Магілёўскага аблвыканкама правесці расследванне і высветліць, ці правамерныя дзеянні старшыні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама Наталлі Асмалоўскай, якая не дазволіла Сяргею Аржанцаву прысутнічаць на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі.

У выпадку ўстанаўлення невыканання Наталляй Асмалоўскай патрабаванняў Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса Сяргей Аржанцаў просіць Магілёўскі аблвыканкам указаць ёй на недапушчальнасць падобных дзеянняў і даць яму пісьмовы адказ ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

Нагадаем, што Сяргею Аржанцаву 8 студзеня адмовілі ў праве прысутнічаць на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама. Прысутнасць журналіста чамусьці не спадабалася старшыні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама Наталлі Асмалоўскай. У гэты дзень на пасяджэнні камісіі павінны былі разглядацца некалькі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія зацікавілі выдаўца “Клімавіцкай інфа-панарамы”.

Сяргей Аржанцаў пакінуў адпаведны запіс пра гэтае парушэнне ў кнізе заўваг і прапаноў Клімавіцкага райвыканкама. Ён напісаў, што старшыня адміністрацыйнай камісіі Наталля Асмалоўская адмовіла яму ў праве прысутнічаць на пасяджэнні камісіі без тлумачэння прычын. Таксама Сяргей Аржанцаў выказаў жаданне атрымаць афіцыйны адказ, чаму былі парушаны яго грамадзянскія правы.

Днямі журналіст атрымаў адказ з Клімавіцкага райвыканкама на сваю скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў гэтай дзяржаўнай установы.

Цікава, што для атрымання афіцыйнага адказа актывісту давялося самому наведаць аддзел па зваротах грамадзян Клімавіцкага райвыканкама 24 студзеня. На яго пытанне, чаму ён да гэтага часу не атрымаў адказ на сваю скаргу, як таго патрабуе закон, чыноўнікі з аддзела сказалі яму, што даслалі яму ліст яшчэ 17 студзеня.

У сваім адказе за подпісам намесніка старшыні Клімавіцкага райвыканкама А. А. Ломанава райвыканкамаўскія чыноўнікі паведамілі Сяргею Аржанцаву, што ў сувязі з тым, што ён “не з’яўляўся ўдзельнікам адміністрацыйнага працэса, абараняючым свае альбо прадстаўляемыя правы і інтарэсы другіх асобаў, а таксама іншым удзельнікам працэса ў адпаведнасці з артыкулам 4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, старшыня адміністрацыйнай камісіі палічыў магчымасць удзелу ў адміністрацыйным працэсе па прызначаных для разгляду справах беспадстаўнай”.

Таксама намеснік старшыні райвыканкама піша, што “пры адмове ў задавальненні ўказаных патрабаванняў вашы правы і законныя інтарэсы не парушаны, такім чынам аднаўляць іх на законнай падставе не з’яўляецца магчымым”.

Сяргей Аржанцаў не пагадзіўся з адказам клімавіцкіх чыноўнікаў і выказаў сваё меркаванне на гэты конт.

“Калі пагадзіцца з такім адказам, то гэта прызнаць, што я сапраўды не меў права прысутнічаць на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі райвыканкама, - выказвае меркаванне Сяргей Аржанцаў. - Да таго ж фактычна гэта азначае, што ў будучым уваход туды мне забаронены. Але Працэсуальна-выканаўчы кодэкс РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях дэкларуе: “Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні разглядаецца адкрыта” (артыкул 2.14). Таму я не магу пагадзіцца з правамернасцю дзеянняў чыноўнікаў, якія парушылі мае правы як грамадзяніна і прадстаўніка журналісцкай супольнасці Беларусі”.

Сыходзячы з гэтага, выдавец газеты “Клімавіцкая інфа-панарама” і накіраваў скаргу ў Магілёўскім аблвыканкаме.

“На мой погляд, адказ за подпісам спадара Ломанава нельга лічыць юрыдычна абгрунтаваным. У адказе напісалі, што я не быў удзельнікам адміністрацыйнага працэсу. Нават дзіўна, што клімавіцкія чыноўнікі выкарысталі такія аргументы, якія не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Падобна на тое, што спаслацца ім няма на што. І зараз мне самому цікава, як паставяцца да іхняй аргументацыі ў Магілёве. Спадзяюся, што ў аблвыканкаме працуюць больш адукаваныя юрысты, якія лепей ведаюць заканадаўства”, - кажа Сяргей Аржанцаў.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што Сяргей Аржанцаў мае рацыю, і Магілёўскі аблвыканкам павінен адмяніць рашэнне клімавіцкіх чыноўнікаў як неабгрунтаванае.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства