Актывіста Партыі БНФ звольнілі з працы

2014 2014-01-22T14:46:46+0300 2014-01-22T14:46:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/partyja_bnf.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Рады Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шэвель з Лагойску звольнены з пасады сыстэмнага адміністратара замежнага прадпрыемства ТАА «Мінаўта». Сам актывіст зьвязвае непадаўжэньне працоўнага кантракту са сваёй палітычнай дзейнасьцю і ўспрымае яго, як праяву палітычна матываванага перасьледу.

 

Зьміцер Шэвель працаваў у «Мінаўта» трынаццаць год на пасадах наладчыка станкоў з праграмным кіраваньнем, кантрольнага майстра, начальніка вытворча-дыспэтчарскага бюро, мэнэджара па пэрсанале і сыстэмным адміністратарам. Парушэньняў дысцыпліны і нараканьняў па працы ад кіраўніцтва ня меў. Прадпрыемства займаецца вытворчасьцю аўтамабільных камплектавальных для Bosch ды іншых заходнеэўрапэйскіх вытворцаў.

Складанасьці на працы пачаліся ў актывіста Партыі БНФ ад лістапада 2013 году, калі наноў прызначаны дырэктар замежнага прадпрыемства ТАА “Мінаўта” Леа Штыс (грамадзянін Нямеччыны) паведаміў, што не плянуе падаўжаць кантракт з супрацоўнікам. Адначасова сп. Шэвелю было адмоўлена ў пераводзе на іншую пасаду, хоць само прадпрыемства адчувае недахоп работнікаў (у раённай газэце публікуюцца абвесткі пра шматлікія вакансіі).

Зьміцер Шэвель зьвязвае сваё звальненьне з палітычнай дзейнасьцю і ўспрымае яго як праяву палітычна матываванага перасьледу. Спробы зьвярнуцца да нямецкага холдынга «GM-Tec», у склад якога ўваходзіць беларускае прадпрыемства, не прывялі да перагляду рашэньня адміністрацыі. Інфармацыя пра палітычны ўціск на прадпрыемстве з нямецкім капіталам была таксама накіраваная ў нямецкую амбасаду ў Беларусі. Адначасова на прадпрыемстве ўзмацніўся ціск на іншых супрацоўнікаў. “Такім чынам замежны інвэстар спрабуе спадабацца мясцовай вэртыкалі, зачысьціўшы працоўны калектыў ад грамадзка-актыўных асобаў”, – адзначае актывіст Партыі БНФ.

Сп. Шэвель удзельнічаў ва ўсіх выбарчых і палітычных кампаніях, што ладзіліся ў Лагойску ад 2001 году: зьбіраў подпісы за кандыдатаў у прэзыдэнты Домаша, Мілінкевіча, Кастусёва, вылучаўся кандыдатам у дэпутаты мясцовага савета ў 2003 і 2010 гадах (набраў па афіцыйных зьвестках, адпаведна, 26% і 24% галасоў), быў назіральнікам на выбарах, неаднаразова быў затрыманы і пакараны штрафам за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту ў 2011 годзе. На апошніх парлямэнцкіх выбарах 2012 году быў кандыдатам ад Партыі БНФ і згодна з рашэньнем партыі зьняў сваю кандыдатуру ў знак пратэсту супраць несправядлівых умоваў выбарчай кампаніі і наяўнасьці ў краіне палітвязьняў.

У 2004 годзе на актывіста ўжо аказваўся ціск з боку адміністрацыі ТАА “Мінаўта” з прычыны ягонага ўдзелу у парлямэнцкай кампаніі. Тады пад пагрозай звальненьня ён быў вымушаны зьняць сваю кандыдатуру з выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

У гэтым годзе Зьміцер Шэвель прымае ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Ягонай ініцыятыўнай групе па вылучэньні ў абласны савет было адмоўлена ў рэгістрацыі, аднак актывсіт плянуе быць вылучаным шляхам партыйнага вылучэньня ад Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ.

Нагадаем, што мінулым летам  быў звольнены сябра Сойма Партыі БНФ доктар Іван Шэга, які працаваў траўматолягам ў Слонімскай раённай бальніцы.

Партыя БНФ плянуе паведаміць пра палітычна матываваны ўціск на сяброў партыі па месцы працы Спэцыяльнаму дакладчыку ААН па правах чалавека ў Беларусі сп. Міклашу Харашці.

 

Прэс-служба Партыі БНФ

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international