viasna on patreon

Правапарушэнняў няма, але ў кампенсацыі судовых выдаткаў адмаўляецца

2014 2014-01-20T19:26:08+0300 2014-01-20T19:26:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vusik-buhel-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валерый Вусік і Барыс Бухель

Валерый Вусік і Барыс Бухель

Напрыканцы мінулага тыдня жыхар вёскі Лебедзянка Бялыніцкага раёна Валерый Вусік накіраваў касацыйную скаргу ў калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда. Ён просіць адмяніць, як незаконнае, рашэнне суда Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці ад 11.12.2013г. і, не накіроўваючы справу на новы разгляд, спагнаць з казны РБ і/альбо казны адпаведнай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі на яго карысць расходы, панесеныя ім у сувязі з вядзеннем адміністрацыйнага працэса, у памеры 2 507 720 рублёў, у тым ліку: аплату паслуг адваката ў памеры 1 800 000 рублёў, транспартныя выдаткі ў памеры 86 000 рублёў і індэксацыю выдаткаў у памеры 621 720 рублёў.

Нагадаем, што 16 верасня 2013 года суддзя суда Бялыніцкага раёна Аксана Загорская пастанавіла спыніць адміністрацыйную справу ў адносінах Валерыя Вусіка згодна п.2 ч.1 арт.9.6 ПВКаАП – за адсутнасцю ў яго дзеяннях адміністрацыйнага правапарушэння, адхіліўшы складзеныя міліцэйскія пратаколы. У судзе былі разгляджаны два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеныя яшчэ ў лютым гэтага года ўчастковым інспектарам Сяргеем Карыткіным, быццам бы за паклёп з боку Валерыя Вусіка на былога старшыню СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова ў змешчаным у газеце “Магілёўскі Выбар” і на інтэрнэт-сайце Zapraudu.info артыкуле “Што змянілася за апошнія некалькі гадоў у СВК “Лебедзянка”, і за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”.

Па выніках разгляду гэтай адміністрацыйнай справы Валерый Вусік і падаў пазоў аб кампенсацыі панесеных судовых выдаткаў.

На працягу некалькіх дзён у снежні 2013 года ў судзе Бялыніцкага раёна праходзіў разгляд пазова грамадзянскага актывіста Валерыя Вусіка да Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і Бялыніцкага РАУС аб вяртанні дзяржпошлін і аплаты паслуг адваката па адміністрацыйнай справе, а таксама індэксацыі панесеных расходаў. Пазоў Валерыя Вусіка разглядала старшыня суда Бялыніцкага раёна Валянціна Паўлава. Пасля працяглага разбіральніцтва Валянціна Паўлава адмовіла Валерыю Вусіку ў задавальненні пазова, спаслаўшыся на ўзнікшую прававую калізію.

Неабходна адзначыць, што днямі грамадскі актывіст атрымаў апавяшчэнне з суда Бялыніцкага раёна, у якім паведамляецца, што Валерыю Вусіку будуць вернутыя грошы за аплату двух дзяржпошлін у памеры 400 000 рублёў.

Па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, ёсць вялікія спадзяванні на тое, што абласны суд прыме рашэнне на карысць Валерыя Вусіка.

“Панесеныя Вусікам судовыя выдаткі павінны быць кампенсаваныя, пра гэта ясна кажа артыкул 13-1 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (Пакрыццё шкоды, прычыненай фізічнай альбо юрыдычнай асобе незаконнымі дзеяннямі суда, органа, які вядзе адміністрацыйны працэс), - выказвае меркаванне Барыс Бухель. - Рашэнне старшыні суда Бялыніцкага раёна Валянціны Паўлавай ад 11.12.2013 года судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда павінна адмяніць і прыняць рашэнне кампенсаваць яму судовыя выдаткі, бо не віна Вусіка, што не састыкаваныя розныя прававыя акты. Мы спадзяёмся на справядлівае рашэнне суда”.

Цікава, што зараз новы кіраўнік СВК “Лебедзянка” (а пасля Пятра Бялова, у паклёпе на якога абвінавачваўся Валерый Вусік, у сельгаскааператыве змяніўся ўжо другі старшыня) асабіста папрасіў Валерыя Дзямідавіча дапамагчы яму разабрацца са справамі ў гаспадарцы, бо яе эканамічны стан сапраўды жахлівы. Шасцідзесяці сямі гадовы ветэрэн сельгасвытворчасці адгукнуўся на просьбу новага кіраўніка і зараз працуе галоўным заатэхнікам СВК “Лебедзянка”. Па словах Валерыя Вусіка, зараз у працаўнікоў кааператыва адна надзея – што СВК “Лебедзянка” далучаць да нейкай больш моцнай гаспадаркі, бо самастойна вырашыць свае праблемы кааператыў не ў стане.

Незразумела толькі, што ж хацелі даказаць бялыніцкія ўлады і слаўныя супрацоўнікі мясцовай міліцыі, якія ніяк не хацелі пагадзіцца з тым, што эканоміка СВК “Лебедзянка” дыхае на ладан і пераследавалі грамадскага актывіста за яго крытычны выступ у газеце “Магілёўскі Выбар”.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства