viasna on patreon

Салігорск: Новая паліклініка пакуль толькі ў планах

2014 2014-01-20T17:40:00+0300 2014-01-20T17:40:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sal-baner-paliklinika-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пад ціскам салігорскай грамадскасці ўлады пачалі больш актыўна клапаціцца аб праве грамадзян на даступнае медыцынскае абслугоўванне, але гаворкі пра хуткае будаўніцтва так неабходнай жыхарам сталіцы шахцёраў новай паліклінікі пакуль няма. Пра гэта паведаміў мясцовы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка, які атрымаў адпаведны адказ ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Таісы Данілевіч.

Пасля звароту салігорцаў спадарыня Данілевіч накіравала дэпутацкі запыт ў Міністэрства аховы здароўя. З міністэрскага адказу вынікае, што ўладамі “робіцца ўсё магчымае па аптымізацыі дзейнасці існуючай амбулаторна-паліклінічнай службы ў мэтах паляпшэння даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі насельніцтву Салігорска і Салігорскага раёна”. Акрамя ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы заяўлена аб дасягненні стоадсоткавай укамплектаванасці сярэднімі медыцынскімі работнікамі, а дактарамі - на 88%. Дагэтуль забяспечаннасць лекарамі складала ўсяго траціну ад нормы. У раённай паліклініцы замест двух былі сфармаваны тры тэрапеўтычныя аддзяленні, што дазволіла паменшыць сярэднюю колькасць пацыентаў на адным участку. Сярод іншага адчынены дадатковы даўрачэбны кабінет ды кабінет для пярвічных пацыентаў з траўмамі.

Па ранейшаму ў 2014 годзе плануецца завяршыць рэканструкцыю былога будынку ЖЭС №5 пад філіял Салігорскай раённай паліклінікі. Гэткі захад мусіць знізіць колькасць наведванняў пацыентаў у раённую паліклініку. Што датычыць з’яўлення новай паліклінікі, дык дэпутат Таіса Данілевіч абмежавалася адно толькі згадкай аб гіпатэтычных планах яе будаўніцтва ў мікрараёне №18 у адпаведнасці з генеральным планам забудовы Салігорска. Пакуль жа адзіным афіцыйна агучаным тэрмінам скрайняга з’яўлення ў сталіцы шахцёраў новай паліклінікі з’яўляецца 2025 год. Пра гэта яшчэ ў верасні мінулага году паведаміла старшыня Салігорскага раённга Савета дэпутатаў Лідзія Клішэвіч.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства