Рабочая група Асамблеі НДА прыняла новых сябраў і акрэсьліла асноўныя кірункі працы

2014 2014-01-15T13:10:57+0300 2014-01-15T13:10:57+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

14 студзеня ў Менску адбылося паседжаньне Рабочай групы Асамблеі НДА. Адзінагалосным рашэньнем у склад асацыяцыі былі прынятыя тры новыя арганізацыі ды ініцыятывы. Такім чынам зараз Асамблея аб’ядноўвае больш за 300 НДА.

Акрамя гэтага Рабочая група даручыла Выканаўчаму бюро правесьці перагляд статусу некаторых лакальных арганізацыйных структураў і філіяў, якія зьяўляюцца сябрамі Асамблеі, але ўжо спынілі сваю дзейнасьць.

Другі пункт парадку дня закрануў апошнія падзеі вакол будаўніцтва беларускай АЭС і рэакцыю грамадзянскай супольнасьці. Шырокую дыскусію выклікала абмеркаваньне магчымых супольных дзеяньняў усяго трэцяга сэктару ў гэтай сфэры.

Сябры Рабочай групы Тацьцяна Новікава й Мікалай Уласевіч (удзельнікі агульнанацыянальнай Беларускай антыядзернай кампаніі) адзначылі, што ўзьвядзеньне станцыі адбываецца непразрыста, без грамадзкага кантролю й з парушэньнем нормаў айчынага й міжнароднага заканадаўства. Таму неабходна прыцягнуць шырокую ўвагу да гэтай праблемы, выкарыстоўваючы інфармацыйныя рэсурсы трэцяга сэктару й сябраў Асамблеі.

Нагадаем, на VII Кангрэсе Асамблеі НДА была прынятая Заява па сытуацыі вакол будаўніцтва беларускай АЭС з патрабаваньнем неадкладнага спыненьня ўсіх работ і рашэньняў, зьвязаных з праектам па будаўніцтве Астравецкай АЭС, у сувязі з  з парушэньнем нацыянальнага заканадаўства й міжнародных дамоўленасьцяў.

Старшыня Рабочай групы Сяргей Мацкевіч паведаміў, што бліжэйшым часам дыскусія будзе працягнутая з зацікаўленымі сябрамі НДА, экспэртамі ды праваабаронцамі для выпрацоўваньня канкрэтных крокаў.

У часе паседжаньня Рабочай групы працягнулася дыскусія з нагоды правядзеньня Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску. Сябры кіроўнага органу Асамблеі адзначылі, што неабходна працягваць казаць пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на міжнароднай арэне, у зьвязку з хакейным турнірам і інфармаваць замежных партнэраў, СМІ, палітыкаў ды аматараў хакея, якія плянуюць прыехаць у нашу краіну.

Адным з магчымых крокаў у гэтым кірунку можа стаць адмысловы зварот з заклікам да замежных спартовых дэлегацыяў байкатаваць чэмпіянат у Менску пакуль не будуць вызваленыя палітвязьні.

Сябры Рабочай групы былі праінфармаваныя пра магчымасьць правядзеньня тэматычных круглых сталоў у межах Асамблеі ў 2014 годзе, а таксама пра ўдзел у дасьледваньні грамадзкага сэктару Беларусі, цягам якога будуць апытаныя больш як 200 няўрадавых арганізацыяў.

Юрыст Выканаўчага бюро Юрый Чавусаў паведаміў, што ў 2014 годзе будуць працягнутыя юрыдычныя кансультацыі й дапамога па рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў.

Ён таксама распавёў пра пляны юрыдычнай службы Асамблеі НДА супольна з партнэрамі з Цэнтру прававой трансфармацыі ў бліжэйшы час правесьці шэраг мерапрыемстваў па падвышэньні юрыдычнай падрыхтоўкі юрыстаў і кіраўнікоў няўрадавых арганізацыяў, асабліва ў сьвятле ўступленьня ў сілу 20 лютага новай рэдакцыі закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”.

Паводле словаў Юрыя Чавусава, будуць праводзіцца навучаньні й стажыроўкі для юрыстаў у некамэрцыйнай дзейнасьці, арганізаваны абмен інфармацыяй і пазытыўным досьведам абароны інтарэсаў НДА, а таксама заплянаванае правядзеньне “грамадзкага аўдыту” – праверкі прававых, працоўных, бугальтэрскіх аспэктаў дзейнасьці НДА кваліфікаванымі спэцыялістамі з выпрацоўкай па выніках праверкі рэкамэндацыяў па выпраўленьні выяўленых хібаў у дзейнасьці.

Таксама Асамблея разам зь беларускімі й замежнымі партнэрамі працягне дзеяньні па прасоўваньні пазытыўных зьменаў у заканадаўства, датычнае свабоды асацыяцыяў і прававых умоваў дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў.

Асамблея НДА

Паседжанне Рабочай групы Асамблеі НДА.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international