Маці Аўтуховіча: «Сын апынуўся ў турме за тое, што пайшоў супраць сістэмы»

2014 2014-01-13T12:02:20+0300 2014-01-13T12:02:20+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/autukhovicz-mikalai.jpg
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч

7 студзеня Мікола Аўтуховіча сустрэў у турме чарговы дзень нараджэння. Яму споўніўся 51 год. Амаль дзесяць год ён не займаецца бізнэсам, але дагэтуль яго ведаюць як прадпрымальніка, які праз барацьбу з карупцыяй і несправядлівасцю апынуўся за кратамі. 

«З дзяцінства быў упартым»

Мікалай Аўтуховіч паходзіць з простай сям’і — бацька быў вайскоўцам, маці працавала спачатку на хлебазаводзе, пасля кухаркай у школе.

У Лідзіі Юльянаўны трагічны лёс. Бацьку забілі немцы — ягоны брат расказаў ім, што той носіць ежу партызанам. Дзядзьку арыштавалі і адправілі ў турму. Як выйшаў, ён з помсты забіў маці Лідзіі. Дзяўчынка сама тады ледзь выратавалася.

«У мяне было цяжкае жыццё, але я заўсёды на першае месца ставіла дзяцей. І лічу, што яны выраслі годнымі людзьмі», — пачынае свой аповед Лідзія Юльянаўна.

Пасля школы Мікола вучыўся на аўтамеханіка ў суседняй Вялікай Бераставіцы. Выдатнікам ніколі не быў, кажа маці, але вучыўся старанна, з дзяцінства быў упартым і мэтанакіраваным. Пасля вучэльні была служба ў ракетных войсках у Саратаве, школа прапаршчыкаў, а затым — Афганістан.

«Два гады там адмучыўся, — расказвае маці. — Дадому прыязджаў рэдка. Камандзіры адпускалі з умовай, каб вёз з сабой труны з салдатамі на радзіму. Дык яму нават ехаць не хацелася. Што можна патлумачыць бацькам, чыіх дзяцей забілі на вайне?»

Па вяртанні на радзіму Мікола задумаўся пра стварэнне сваёй фірмы, бо знайсці прыбытковую працу было складана. У 1990-я ў Ваўкавыску «стаялі» некалькі буйных заводаў, супрацоўнікі якіх жылі фактычна з продажу тавараў у Польшчу. 

Першае таксі

«Ён адрамантаваў былыя казармы. Гэта быў яго першы бізнэс — здача ў арэнду памяшканняў, — узгадвае маці палітвязня. — Пасля стаў купляць аўтамабілі. Але ўсе яго ведаюць праз таксі».

Для Ваўкавыска з’яўленне таксапарка стала вялікай падзеяй, бо вырашала праблему з грамадскім транспартам, які не пакрываў увесь горад. А таксі Аўтуховіча прыязджала хутка і ўжо прапаноўвала пасажырам зніжкі і падарункі.

У 2003-м выйшаў прэзідэнцкі ўказ, паводле якога прадпрымальнік не мог наймаць на працу больш за трох супрацоўнікаў. У фірме Аўтуховіча «Таксі 22222» тады працавала 60 чалавек. Іх давялося звольніць і адразу перавесці ў кампанію «Ніка-Транс», зарэгістраваную на жонку прадпрымальніка. Гэтыя дзве фірмы заключылі паміж сабой дамову на аказанне паслугаў. Пазней Аўтуховіча назавуць вынаходнікам схемы, якая дазваляла і атрымліваць прыбытак, і не парушаць закон. Аднак з 2004-га пачынаюцца масавыя праверкі абедзвюх кампаній. Падатковая інспекцыя настойвала на тым, што Аўтуховіч усё ж парушыў закон. 

Дэпутат ад народа

У неспакойны для Аўтуховіча 2004-ы ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах. Гэта была ідэя яго сяброў і калегаў.

У Ваўкавыску дагэтуль памятаюць агітацыйную кампанію — на кожным прыпынку віселі ўлёткі з праграмай кандыдата. Асноўнымі тэзісамі былі свабода прадпрымальніцкай дзейнасці, зніжэнне падатковай нагрузкі на бізнэс і скарачэнне дзяржаўнага рэгулявання.

Бізнэсовец карыстаўся даверам у выбаршчыкаў, і ўлады імкнуліся перашкодзіць агітацыі. Тады каманда Аўтуховіча стала ездзіць услед за праўладнай кандыдаткай, дырэктаркай мясцовай гімназіі Тамарай Навасад і гутарыць з электаратам адразу пасля яе сустрэч.

Папярэдні падлік галасоў паказаў, што на гарадскіх участках, дзе сядзелі назіральнікі, упэўнена перамог бізнэсоўца. Афіцыйныя вынікі аказаліся іншымі: Навасад налічылі 64%, а Аўтуховічу — толькі 28%. 

Кампрамат на падатковую

Тым часам у прадпрымальніка ішла сапраўдная вайна з падатковай інспекцыяй. Упартасць чыноўнікаў ён тлумачыў тым, што прадаставіў на іх у Камітэт па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю інфармацыю, якая сведчыла пра карумпаванасць структуры.

У дакументах былі звесткі і пра хабары, і пра незаконныя праверкі, і пра выкарыстанне службовых паўнамоцтваў. На старшыню падатковай Тамару Стасевіч і яе намесніцу Ганну Місько была заведзена крымінальная справа, але складу злачынства не выявілі.

Але яны працягваюць працу і да сёння. Стасевіч нядаўна павысілі да першага намесніка абласной падатковай інспекцыі, а Місько ўзначальвае інспекцыю па Ваўкавыску. Дарэчы, следчы ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Гродзеншчыне Мікалай Аліхвер, які давёў справу Аўтуховіча да суда, эміграваў у ЗША.

А самога Аўтуховіча ў 2006-м абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, а таксама ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. Яго асудзілі на 3,5 года пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. На волю ён выйшаў на пачатку 2008-га. 

Пяць гадоў за пяць патронаў

На волі прадпрымальнік знаходзіўся нядоўга — праз год яго ізноў затрымалі. Яму інкрымінавалі падрыхтоўку тэракта, а асудзілі на пяць год за захаванне пяці патронаў, зной-дзеных пры ператрусе. Яшчэ два месяцы дадалі за тое, што нібыта «не дасядзеў» па першым тэрміне.

Сам Аўтуховіч мяркуе, што яго пакаралі за барацьбу з мясцовымі карупцыянерамі.

Зараз прадпрымальніка ўтрымліваюць у гродзенскай турме як злоснага парушальніка рэжыму.

Летам маці мела спатканне з сынам — дзве гадзіны размаўлялі праз шкло. «Зразумела, што яму там вельмі цяжка, многія хваробы ўзмацніліся, з’явіліся новыя. Але вельмі яго падтрымліваюць людзі — каля 80 чалавек яму піша. Напэўна, у турме больш ніхто так шмат лістоў не атрымлівае. Усе ведаюць, што мой сын невінаваты, ён пакутуе за свае прынцыпы, за тое, што пайшоў супраць сістэмы», — кажа яна.

Да вызвалення Міколы Аўтуховіча застаецца тры месяцы.

Напішы палітвязню

230023 г.Гродна, вул. Кірава, 1, турма №1, Міколу Аўтуховічу

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international