viasna on patreon

Людміла Кучура: «Кіраўніцтва калоніі вельмі спяшалася «закрыць» майго мужа»

2014 2014-01-09T16:56:51+0300 2014-01-29T18:56:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchura_ludmila.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура. Фота ПЦ "Вясна"

Людміла Кучура. Фота ПЦ "Вясна"

Асуджаны Пётр Кучура, які адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №15 і парушаў спакой адміністрацыі, баронячы свае правы, 30 снежня 2013 года пераведзены на тры гады строгага рэжыму ў магілёўскую турму № 4.

Як распавяла Людміла Кучура праваабаронцам з ПЦ "Вясна", суд над яе мужам праходзіў вельмі спешна і без лішніх тлумачэнняў.

Паводле яе слоў, адвакату, які 20 снежня наведаў калонію, каб азнаёміцца ​​з матэрыяламі справы Пятра Кучуры, пастановамі пра спагнанні ў дачыненні да яго, гэтыя матэрыялы яму не далі - маўляў, яны «для службовага карыстання». Зразумела, што самому асуджанаму ў азнаямленні з матэрыяламі таксама было адмоўлена. Пасля таго, як абодва напісалі заявы з просьбай азнаёміць іх з матэрыяламі справы, адвакату паведамілі, што пастановы яму дашлюць па пошце.

Апоўдні 23 снежняадвакат атрымаў факс з інфармацыяй пра тое, што ўжо 26 снежня адбудзецца суд. Гэта само па сабе з'яўляецца парушэннем, паколькі паводле закона паведаміць пра гэта павінны былі за пяць дзён да суда.

«Кіраўніцтва калоніі вельмі спяшалася «закрыць»майго мужа, - кажа Людміла Кучура. - Сам суд таксама праходзіў вельмі хутка. У хадайніцтве пра азнаямленне з матэрыяламі справы мужу было адмоўлена, сказалі «вам не абавязкова». А адвакату далі толькі перад судом пагартаць. Нават калі адвакат папрасіў азнаёміцца ​​з выпіскай з амбулаторнай карты, яму сказалі, што «гэта канфідэнцыйна». Што, вядома, выклікае смех. У выніку суд быў вельмі кароткі».

Суддзя задаволіў просьбу кіраўніцтва калоніі: Пятра Кучуруасудзілі да трох гадоў турмы строгага рэжыму. 30 снежняён быў пераведзены ў Магілёўскую турму № 4.

З турмы Людміла Кучура атрымала ліст, у якім яе праінфармавалі пра ўмовы ўтрымання мужа: адно спатканне ў год і адна бандэроль у два кілаграмы.

«Яны стварылі чалавеку, які з'яўляецца інвалідам па захворванні сэрца, жудасныя ўмовы. Самі разумееце, з такім захворваннем трэба як мага больш знаходзіцца на свежым паветры і каб харчаванне было больш-менш. Але зараз я мужу ўжо не змагу перадаць ні мёд, ні сухафрукты, курагу і разынкі, ні арэхі, якія карысныя сардэчнікам. Атрымліваецца, што тыя ж суддзя і пракурор (праўда, вялікае пытанне – ці быў на судзе пракурор, бо ў пракурорскай форме там нікога не бачылі) пазбавілі яго права на здароўе, якое ўсім грамадзянам гарантуе наша Канстытуцыя», - кажа жанчына.

Людміла Кучура лічыць, што кіраўніцтва калоніі № 15 хацела пазбавіцца ад яе мужа любым спосабам - аж да фізічнага знішчэння. У пацверджанне гэтаму яна распавяла пра змест аднаго з лістоў мужа, які цэнзура выпусціла за сцены калоніі не адразу.

«У снежні ён мне паслаў ліст, у якім апісваў, як яго вадзілі па забароненай зоне і як увесь час пагражалі. Але гэты ліст не выйшаў з калоніі. Яны яго знішчылі і склалі акт, што нібыта муж улісце да мяне выказваўся нецэнзурна. Гэта, вядома, нонсэнс. Але пасля прыезду адваката, якому муж пры кіраўніцтве калоніі распавёў пра гэты абуральны факт, наступны ліст ім прыйшлося адправіць, бо  гэты факт ўсё роўна ўжо стаў вядомым".

Пётр Кучура, які на той момант утрымліваўся ў памяшканні камернага тыпу ў ПК-15, напісаў жонцы: «... Вядуць мяне заўсёды ў штаб або медсанчастку па забароненай паласе. І ў той жа вечар у 20.00 і на раніцу 18.12. у 07.30 адзін кантралёр ПКТ пачаў адкрыта выказваць на мой адрас папрокі і пагрозы. Што, маўляў, да якога часу яны мяне будуць вадзіць і як я ўжо тут усім надакучыў. І што ўжо мяне даўно трэба было вывесці на забароненую паласу і застрэліць з аўтамата. І калі яшчэ раз прыйдзецца мяне весці, то яны закінуць маю шапку на калючку, вартавы па мне выпусціць аўтаматную чаргу, а потым яны мяне перакінуць праз адзін рад дроту і ніхто не разбярэцца, з якога боку я знаходзіўся. Вось так, кажа, і будзе салдаціку адпачынак, усім павышэнне і пазбавяцца ад Кучуры. І як сказаў палкоўнік Маханькоў [С.У. Маханькоў, начальнік калоніі №15 г. Магілёва - рэд.], што будзе ўсё па законе - гэта значыць, прадухілілі ўцёкі».

Пасля такога ліста Людміла Кучура задае пытанне: «А дзе ёсць гарантыя, што такіх выпадкаў знішчэння асуджаных не было?»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства