Рашэнне суда Крычаўскага раёна па справе газеты “Вольны горад” адмененае

2014 2014-01-09T12:16:19+0300 2014-01-09T12:16:19+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/volny-gorad-krych-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэзідыюм Магілёўскага абласнога суда прыняў рашэнне адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2013 года па пазову КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” да друкаванага сродка масавай інфармацыі “Вольны горад” і журналістаў газеты і спыніць вытворчасць па справе.

Адпаведнае рашэнне прэзідыюмам Магілёўскага абласнога суда было прынятае яшчэ 27 снежня 2013 года, аднак копію пастановы прэзідыўма журналісты “Вольнага горада” атрымалі праз пошту толькі ўчора.

Таксама прэзідыюм Магілёўскага абласнога суда пастанавіў растлумачыць КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” іх права на зварот з пазовам аб абароне дзелавой рэпутацыі ў гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці.

Рэдактар незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны мяркуе, што правам на зварот у гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці кіраўніцтва КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” наўрад ці скарыстаецца, бо ў Чэрыкаўскім раёне змяніўся кіраўнік райвыканкама, які быў ініцыятарам ціску на газету “Вольны горад”.

Нагадаем, што 17 чэрвеня суддзя суда Крычаўскага раёна Аляксандр Курылін вынес рашэнне па пазове “Аб абароне дзелавой рэпутацыі” з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” супраць незалежнай газеты “Вольны горад”. Суд прызнаў распаўсюджаныя ў газеце “Вольны горад” (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) у артыкуле “Прыгонныя” звесткі адносна КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” не адпаведнымі рэчаіснасці і абавязаў газету апублікаваць абвяржэнне.

Артыкул “Прыгонныя” быў напісаны пасля тэлефанавання ў рэдакцыю “Вольнага горада” жонкі працаўніка Чэрыкаўскай ПМК №280. Жанчына сцвярджала, што яе муж не можа атрымаць заробак ужо трэці месяц. Журналісты "Вольнага горада” параілі ёй звярнуцца па дапамогу ў Крычаўскую межраённую інспекцыю па ахове працы.

Адміністрацыя ПМК № 280 убачыла ў артыкуле мэту “дыскрэдытаваць кіруючае звяно “Чэрыкаўскага ПМК-280” і раённую вертыкаль улады”.

Журналісты газеты “Вольны горад” выказваюць асаблівую падзяку магілёўскаму праваабаронцу Барысу Бухелю, які на працягу ўсяго шматмесячнага перыяду судовых разбіральніцтваў аказваў ім неабходную прававую і юрыдычную дапамогу.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international