Валянціна Аліневіч: «Сапраўдныя рыцары і сапраўдныя змагары ў Беларусі — гэта жанчыны»

2013 2013-12-30T12:47:10+0300 2013-12-30T12:47:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/alinevich_valiancina.jpg
Валянціна Аліневіч

Валянціна Аліневіч

Будучыня Беларусі — у жаночых руках, перакананая Валянціна Аліневіч, маці палітвязьня Ігара Аліневіча, засуджанага на восем гадоў за анархісцкія перакананьні.

"Я лічу, што жанчыны ў Беларусі самадастатковыя, высокаадукаваныя, і іх само жыцьцё, ня толькі палітычнае, а перш за ўсё паўсядзённае, навучыла ў душы быць заўсёды мужчынамі. І сын мой гэта разумее.

Калі ў мяне быў дзень нараджэньня, ён прыслаў мне ў якасьці падарунка малюнак, на якім я стаю ў рыцарскай кальчузе зь мяккаю ўсьмешкаю на вуснах. А ззаду мяне стаяць мужчыны-рыцары. Я адразу неяк не зразумела сэнсу, а потым мае госьці сказалі: «О, дык гэта ж ён цябе ў ранг рыцара ўзьвёў!»

Потым на спатканьні я ў Ігара спытала, чаму гэта ён мяне лічыць рыцарам. А ён так сур’ёзна адказаў: «А ты мне пакажы ў Беларусі рыцараў-мужчын».

Сапраўдныя рыцары і сапраўдныя змагары ў Беларусі — гэта жанчыны. Таму што яны абараняюць сваіх дзяцей, і ім няма чаго губляць у гэтай барацьбе. Яны вельмі блізкія да гэтай зямлі, і, абараняючы сваіх дзяцей, яны абараняюць будучыню Беларусі.

Калі Ігара арыштавалі, то мае ўсе сяброўкі і сябры, за вельмі рэдкім выключэньнем аднаго-двух чалавек, засталіся са мной. І хоць усё было страшна, але ў глыбіні душы мне было прыемна, што я жыла ня марна і каля мяне апынуліся вартыя людзі.

Вельмі шмат годных людзей сядзіць у турме. Мы кожны дзень чуем, што то лекара зьняволяць, то дырэктара, то камандуючага нейкімі войскамі ці міністра. Натуральна, узьнікае пытаньне, што ня ўсе яны такія ўжо дрэнныя. Ведаеце, напішаш часам ліст зьняволенаму — і, можа, тое, што ў яго нехта верыць, падтрымае яго жыцьцёвыя сілы.

У нашай краіне паняцьце «зона» вельмі адноснае. Часам атрымліваеш лісты ад людзей, якія сядзяць у сапраўднай зоне, і яны настолькі энэргетычна цябе саму падтрымліваюць, што чытаеш і сьмяесься ад радасьці, што людзі засталіся такімі моцнымі, сьветлымі і прыстойнымі. Зь іншага боку, сын піша, што апошнім часам яму прыходзяць лісты, поўныя такой журбы і адчаю, што проста страшна становіцца. Пытаньне ўзьнікае: дзе лепш — на свабодзе ці на зоне?

Я думаю, што будучыня Беларусі ўсё ж у жаночых руках. Гэта здаецца, што яны слабыя. На самой справе тая місія, якую на беларускую жанчыну жыцьцё накладвае, змушае яе быць моцнай.

У жыцьці рознае бывае, і ідэалы нашы могуць мяняцца, і часам мы з кожным крокам здаём пазыцыі — даруем нягоднікам, не даём адпор ім і думаем, што лепей прамаўчаць. Ня трэба гэтак рабіць. Трэба быць сумленнымі з самімі сабою".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international