viasna on patreon

Супраць журналіста са Светлагорска Кірыла Ксяндзова мясцовая пракуратура працягвае справу за “злоўжыванне свабодай сродкаў масавай інфармацыі”

2007 2007-05-14T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па звестках прэс-службы БАЖ, нагодай сталі публікацыі ў недзяржаўнай незарэгістраванай маланакладнай газеце “Рэгіянальныя навіны”. На гэтым тыдні журналіст быў паўторна выкліканы да старшага памочніка раённага пракурора Таццяны Хрысцюк.

Кірыл Ксяндзоў абвінавачваецца па артыкуле 22.9 Адміністратыўнага кодэкса – “Парушэнне заканадаўства аб друку і сродках масавай інфармацыі”. Паводле новага КоАП, які дзейнічае з 1 сакавіка 2007 года, за парушэнне гэтага артыкула прадугледжваецца штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь (ад 620 000 да 1 550 000 рублёў).

Гэта другая спроба прыцягнуць Кірыла Ксяндзова да суда.

Некалькі тыдняў таму пракуратура ўжо перадавала адміністрацыйную справу супраць Ксяндзова ў суд за тое, што ён у газеце з накладам 299 асобнікаў “Рэгіянальныя навіны” выказаў уласнае меркаванне наконт вынікаў выбараў у мясцовыя Саветы ў артыкуле “Яны ведаюць свае ролі”. А ў другой публікацыі “Кошт абыякавасці” пачынаючы журналіст напісаў, што агароды многіх светлагорцаў знаходзяцца ў санітарна-ахоўнай зоне мясцовых заводаў (у большасці гэта – хімічныя вытворчасці), дзе глеба не адпавядае экалагічным нормам вядзення гаспадарання. У гэтым пракуратуры і згледзела “злоўжыванне свабодай слова”.

Але тады справа была дасланая суддзёй Ірынай Алісейка на дадатковую праверку з-за таго, што з моманту публікацый да моманту, калі справа была распачатая, прайшло больш за два месяцы.

Зараз Светлагорская раённая пракуратура склала ў адносінах да журналіста новы пратакол аб адміністрацыйным парушэнні. Паводле яго К.Ксяндзоў распаўсюджваў у Светлагорску газету “Рэгіянальныя навіны” з матэрыяламі, якія кампраметуюць Аляксандра Лукашэнку.

Кірыл Ксяндзоў з абодвума абвінавачваннямі не згодны.

Нагадаем, згодна з арт.1 Закона “Аб друку і іншых СМІ”, нормы заканадаўства аб друку не распаўсюджваюцца на перыядычныя друкаваныя выданні з накладам менш за 300 асобнікаў.

І, як зазначыў намеснік старшыні ГА “БАЖ”, юрыст Андрэй Бастунец, гэты выпадак паказвае некаторыя хібы новага Адміністратыўнага кодэкса, а далейшы разгляд справы прадэманструе, як трактуюць артыкул 22.9 КоАП дзяржаўныя органы. Паводле каментару юрыста, калі зыходзіць з літаральнага тлумачэння Закона, ён не павінен распаўсюджвацца на дзейнасць маланакладных выданняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства