Маніторынгавая справаздача па выніках назірання за ходам акцыі “Стоп-падатак” у Менску 27 снежня 2013 года

2013 2013-12-28T11:49:38+0300 2016-07-25T12:30:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stop-akcyia-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 снежня 2013 г. у Менску адбылася другая акцыя супраць увядзення мыты на аўто з 1 студзеня 2014 года. Заклікі на дадзеную акцыю ажыццяўляліся праз сацыяльныя сеткі, дазвол на правядзенне акцыі не падаваўся, а вядомыя пагрозы з боку ДАІ аб штрафаванні, эвакуацыі аўтамабіляў для ўдзельнікаў, а таксама крымінальнай адказнасці за блакіраванне транспартных камунікацый. Першая акцыя адбылася 20 снежня 2013 года (маніторынгавай справаздача аб выніках назірання). ДАІ таксама паведамляе пра перадачу матэрыялаў у пракуратуру для прававой адзнакі. Вядома пра 6 чалавек, якія з вечара 20 снежня па дзень 23 снежня знаходзіліся ў статусе адміністратыўна затрыманых да суду, двое з іх пакараныя адміністратыўным арыштам (5 і 12 сутак), што расцэньваецца як адвольнае затрыманне. Таксама вядомыя факты незаконнага забрання машын удзельнікаў акцыі, а таксама масавае прыцягненне да штрафаў за падачу гукавых сігналаў і беспадстаўнае спыненне ды ўключэнне аварыйных агней.

Напярэдадні акцыі каля 16.00 26 снежня быў затрыманы арганізатар суполкі акцыі “УКантакце” Дзмітрый Паліенка і пакараны 15 суткамі арышту прэвентыўна.

Падчас акцыі 27 снежня 2013 года на тэрыторыі ўздоўж праспекту Незалежнасці ад плошчы Перамогі да ГУМу ажыццяўлялася рэгулярнае назіранне ў складзе 7 назіральнікаў з 17.30 да 19.10.

І. Высновы:

1.Сілавыя структуры прыклалі ўсе намаганні для папярэджання правядзення акцыі: жорсткае пакаранне ўдзельнікаў мінулай акцыі штрафамі і адміністратыўнымі арыштамі, выдаленне першаснай суполкі ў сацсетках, прэвентыўнае затрыманне і арышт напярэдадні акцыі адміністратара суполкі “УКАнтакце”, абмежаваны рух па частцы праспекта Незалежнасці. Дадзеныя метады можна расцаніць як метады запалохвання і ціску, якія абмежавальна ўплываюць на рэалізацыю права на свабоду сходу, а таксама неадэкватныя і несуразмерныя па сваім характары, якія не павінны мець месца ў прававой дэмакратычнай дзяржаве;

2. Можам адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”) цягам усёй акцыі. Пры гэтым адсутнасць заяўкі на правядзення масавага мерапрыемства не павінна расцэньвацца як супрацьпраўнае дзеянне, але як рэалізацыя права на свабоду мірных сходаў, гарантаванага Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт.35) і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт.19 і арт.21);

3.Супрацоўнікі праваахоўных органаў як і раней замест выканання функцыі аховы ўдзельнікаў мірнай акцыі ажыццяўлялі рэпрэсіўныя дзеянні ў асобных інцыдэнтах (спыненне машын з прыкметамі ўдзельнікаў, а таксама пры падачы гукавых сігналаў);

4.Асаблівую занепакоенасць выклікае немагчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў як такіх праз адсутнасць форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных картак на супрацоўніках у форме (што адзначаецца рэгулярна ў маніторынгавых справаздачах).

Да таго ж варта адзначыць, што рэгуляванне парадку правядзення масавых сходаў у Беларусі, замацаванае Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 снежня 1997 года (у рэдакцыі ад 08.11.2011), супярэчыць міжнародным стандартам. У сумесным заключэнні Венецыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЕ (CDL-AD (2012) 006) адзначана: “Закон аб масавых мерапрыемствах характарызуецца падрабязным празмерным рэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў. Закон стварае складаную працэдуру захавання жорсткай і працаёмкай працэдуры атрымання дазволу, у той жа час пакідаючы большую свабоду дзеянняў адміністрацыйным органам для прымянення Закона. Гэтая працэдура не адлюстроўвае пазітыўнае абавязацельства дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання меркаванняў”. Акрамя таго, Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова зафіксаваў парушэнні з боку Беларусі права на свабоду мірных сходаў[1].

ІI. Ход акцыі

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

  • Пад’езды ды часткі праспекта Незалежнасці ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці былі абмежаваныя супраоўнікамі ДАІ, што стварыла заторы на суседніх вуліцах. Дадзеныя нязручнасці відавочна насілі прэвентыўныя меры для папярэджання акцыі з удзелам аўтамабіляў;
  • Колькасць удзельнікаў – да 12 машын і да 10 людзей уздоўж маршрута. Машыны рухаліся ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці з перыядычнай падачай гукавых сігналаў. На некалькіх машынах на бакавым шкле былі надпісы “Стоп-падатак”;
  • На Кастрычніцкай плошчы 1 назіральніка папрасілі адысці ў бок без належных тлумачэнняў;
  • Перашкоды для працы журналістаў зафіксаваныя не былі;
  • Арганізатары не былі выяўлены;
  • Факты агрэсіўных паводзінаў ці заклікаў удзельнікаў не зафіксаваныя;

Сярод прадстаўнікоў органаў аховы правапарадку былі заўважаныя:

каля 10 супрацоўнікаў міліцыі у чорнай форме з надпісам “ОМОН” без апазнавальных знакаў. У частцы з іх зафіксаваныя спецсродкі (гумовыя палкі, сродкі звязвання) і рацыі, а таксама 3 аўтобусы для іх трансапарціроўкі;

колькасць супрацоўнікаў у цывільнай вопратцы – ад 30 да 50 чалавек (часта з рацыямі, у тым ліку супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама);

супрацоўнікі ДАІ і ДПС – каля 30 чалавек;

Ніводнага супрацоўніка міліцыі немагчыма было ідэнтыфікаваць у сувязі з адсутнасцю ідэнтыфікацыйных карт.

Ніякіх мераў па ахове ўдзельнікаў акцыі супрацоўнікі органаў унутраных спраў не ажыццяўлялі – іх дзейнасць зводзілася да фіксацыі і спыненення машын, якія падаюць гукавыя сігналы, спыненне асобных удзельнікаў;

Патрабаванняў з боку органаў аховы правапарадку аб спыненні недазвольных дзеяньняў убок удзельнікаў не паступала;

Прамых форм праявы агрэсіі з боку супрацоўнікаў міліцыі не зафіксавана, аднак назіральнікі былі сведкамі грубага агляду маладога чалавека ў людным месцы і з наступным затрыманнем яго (цяжка кваліфікаваць як удзельніка);

Супрацоўнікі міліцыі ішлі на кантакт па пытанні затрымання дадзенага чалавека, але толькі пасля прад’яўлення пашпарту (дадаткова да пасведчання назіральніка і прасілі “акрэдытацыю”), а таксама з тлумачэннем пра алкагольны стан дадзенай асобы;

З міліцэйскага службовага транспарту былі заўважаныя: 1 белы аўтобус сярэдняга памеру для перавозкі супрацоўнікаў АМАПу, 2 бардовыя аўтобусы аналагічнага прызначэння, газэль, 4 машыны ДПС з людзьмі ў штацкай вопратцы на задніх сядзеннях.

Вядомы факты як мінімум 5 спыненняў машын і афармлення пратаколаў і штрафаў за падачу гукавых сігналаў, стварэння аварыйнай сітуацыі. Адзін з затрыманых падаў гукавы сігнал супрацоўніку міліцыі, які перабягаў перад яго машынай дарогу ў неналежным месцы. За гэты інцыдэнт на кіроўцу праз працяглы час быў складзены пратакол за стварэнне аварыйнай сітуацыі (з асобным разглядам пазней), але па выніку кіроўца вынайшоў адно кола аўтамабіля спушчаным па незразумелых прычынах.

ІІІ. Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

  • Забяспечваць магчымасць рэалізацыі права на свабоду сходаў і належную ахову ўдзельнікаў мірнага сходу;
  • Спыніць рэпрэсіўную практыку пераследу ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі як і прэвентыўныя затрыманні напярэдадні;

у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў", "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, лічым, што ўсе супрацоўнікі павінны ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі).

  • абазначыць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі ў выпадку патрэбаў з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне мірных сходаў.

[1] Арт.21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international