Вязьняў у Беларусі стала меней, але абыходжаньне зь імі не палепшылася

2013 2013-12-27T16:38:50+0300 2013-12-27T16:38:50+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bandarenka-a.jpg
Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Праваабаронцы з «Плятформы інавэйшн» у сваім штогадовым маніторынгу адзначаюць, што ў беларускіх турмах паменела вязьняў, але абыходжаньне зь імі мала дзе паляпшаецца.

 Другі раз праваабаронцы з «Плятформы інавэйшн» зрабілі агляд сытуацыі з правамі вязьняў у беларускіх турмах. Такія агляды робяцца на падставе даступнай статыстыкі, неафіцыйных зьвестак зь вязьніц ды іншых крыніц. Плюс асабісты досьвед, які дапамагае зарыентавацца ў сытуацыі.

Кіраўнік арганізацыі Андрэй Бандарэнка сам адбыў больш за 2 гады за кратамі. Праваабаронца адзначае, што ад самага моманту затрыманьня сытуацыя з правамі вязьня аказваецца вельмі дрэннаю. Нярэдка міліцыя адмаўляецца паклікаць да затрыманага адваката, ставячы ўмову: спачатку прызнай віну. Супроць арыштаванага часта ўжываюць забароненыя захады ўзьдзеяньня, у тым ліку катаваньні. Потым у калёніях і турмах, куды чалавек трапляе пасьля суду, ягонымі правамі ніхто з адміністрацыі і пракуратуры па-сапраўднаму не апякуецца. Тэндэнцыя апошняга часу — аслабленьне актыўнасьці ў абароне правоў вязьняў з боку адвакатаў, якія пасьля ўступленьня ў дзеяньне новага закону аб адвакатуры сталі больш залежнымі ад улады. Калі дадаць да гэтага залежнасьць ад улады судзьдзяў, то агульная сытуацыя з правамі чалавека ў беларускіх турмах вельмі далёкая ад усясьветных стандартаў, мяркуе Андрэй Бандарэнка:

«Можна прывесьці ў прыклад супрацоўнікаў міліцыі, якія ў свой час атрымалі магчымасьць беспакарана парушаць закон адносна актывістаў грамадзянскай супольнасьці, а ў далейшым гэтая беспакаранасьць перайшла і на звычайных грамадзян. У выніку мы атрымалі шэраг фактаў катаваньняў, жорсткага абыходжаньня зь людзьмі звычайнымі, якія ня маюць дачыненьня да апазыцыі».

Былы палітвязень Мікіта Ліхавід адбываў пакараньне ў Наваполацкай калёніі, дзе ня раз трапляў у карцэр. Цяпер ён як праваабаронца адсочвае выпадкі катаваньняў у беларускіх вязьніцах. Паводле Мікіты Ліхавіда, у 2013 годзе самай гучнай была гісторыя, якая здарылася ў Лідзе, дзе міліцыянты зьбілі і катавалі братоў Шкурко. Аднак іхнія скаргі скончыліся завядзеньнем крымінальнай справы супроць іх саміх. Гэта пакуль тыповая рэакцыя міліцыі на публічныя абвінавачаньні ў катаваньнях, заўважае Мікіта Ліхавід. Так было і ў справе братоў Шкурко:

«Людзі ў нас у асноўным запужаныя, і, як правіла, пацярпелыя ад катаваньняў у выніку забіраюць свае заявы. У выніку справы адносна супрацоўнікаў міліцыі, якія ўжывалі катаваньні, закрываюцца».

Аднак здараюцца і выключэньні з агульнага правіла. Прыкладам, удалося дамагчыся завядзеньня крымінальнай справы супроць супрацоўніка менскага СІЗА ў справе сьмерці ў гэтай установе Ігара Пцічкіна. Справа яшчэ не завершаная, нядаўна яе забраў на расьсьледаваньне Сьледчы камітэт Беларусі. Раней удалося дамагчыся і завядзеньня справы на міліцыянтаў Ленінскага РАУС, дзе быў зьбіты вартаўнік аўтастаянкі Васіль Сарочык. Але цяпер яе закрылі. Праваабаронцы адзначаюць, што гэта адбылося пасьля ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі, які публічна паставіў пад сумнеў тое, што затрыманага магла катаваць міліцыянт-жанчына.

Намесьніца старшыні «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч раней працавала ў мэдычнай установе пры менскай калёніі. Алёна адзначае, што сытуацыя з аказаньнем мэдычнай дапамогі вязьням беларускіх калёніяў і сьледчых ізалятараў сёлета не палепшылася. Абурэньне праваабаронцы выклікае і тое, што да 90% заробкаў вязьняў адміністрацыя калёніяў забірае на пакрыцьцё выдаткаў на харчаваньне і камунальныя паслугі. Гэта пры тым, што заробкі вязьняў мізэрныя — некаторыя на цяжкай дрэваапрацоўчай вытворчасьці зарабляюць усяго па 10–12 тысяч рублёў штомесяц.

Але ёсьць, паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, і станоўчыя моманты. Найперш гэта тое, што агульная колькасьць вязьняў у Беларусі за год зьменшылася на 12 тысяч: з 50 да 38 тысяч чалавек. Адзначыла праваабаронца і дасягненьні ў справе аховы працы вязьняў у калёніях:

«У некаторых калёніях супрацоўнікі прамысловых зон пачалі прытрымлівацца хоць некаторых правілаў тэхнікі бясьпекі. Ёсьць прыклады, калі асуджаным выдалі сродкі абароны ад шкодных наступстваў і тыя са зьдзіўленьнем паведамілі нам, што нарэшце ім выдалі рэсьпіратары ці іншыя сродкі. З эўрапейскага пункту гледжаньня гэта выглядае сьмешым, але для Беларусі — хоць нейкі рух наперад».

Праваабаронцы «Плятформы інавэйшн» адзначаюць, што ў Беларусі ўжо два гады не было амністыі і што нават размоваў пра яе ва ўладных колах пакуль няма. Паводле праваабаронцаў, чарговая амністыя магла б заўважна палепшыць сытуацыю з правамі чалавека ў беларускіх калёніях, дзе шмат што залежыць ад колькасьці вязьняў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international