viasna on patreon

Пракурор дапытаў непаўнагадовага актывіста з Салігорску Івана Шылу

2007 2007-05-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як стала вядома ПЦ “Вясна”, у Салігорску завяршыўся допыт 16 гадовага моладзевага актывіста Івана Шылы па справе, узбуджанай Мінскай абласной пракуратурай 10 траўня па артыкуле 193. 1 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Іван Шыла быў дапытаны ў якасьці падазраваемага ў датычнасьці да дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Допыт праводзіў пракурор па важнейшых справах Мінскай абласной пракуратуры Вітольд Аляксееў у прысутнасьці адваката, законнага прадстаўніка Івана Шылы – бацькі і сацыяльнага педагога. Следчы цікавіўся адносна сяброўства юнака ў “Маладым фронце”, выконваемых у арганізацыі функцыях, а таксама задаваў пытаньні пра тое, ці ведае ён іншых сяброў арганізацыі, ці знаёмы асабіста з Настай Палажанкай, Дзьмітрыем Федаруком, Алегам Корбанам, Аляксеем Янушэўскім і Барысам Гарэцкім, (суд над якімі прызначаны на 30 траўня). Пытаньні тычыліся таксама стасункаў з актывістамі Красоўскім і Азарка. Пракурор задаваў пытаньні адносна ўдзелу Івана Шылы ў “Чарнобыльскім шляху-2007”, нягледзячы нават на тое, што акцыя была дазволена ўладамі сталіцы.

Следчы таксама спрабаваў дапытваць у якасьці сьведкі таксама і бацьку Івана Шылы, але той адмовіўся адказваць на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Беларусі (права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх). Як стала вядома, сёньня на кватэры, дзе пражывае Іван Шыла, па рашэньні пракурора будзе праведзены вобыск.

Пакуль цяжка вызначыць, як будуць разьвівацца падзеі далей. Але праваабаронцы “Вясны” лічаць, што пад пагрозай ўзбуджэньня крымінальных спраў па артыкуле 193-1 КК, знаходзяцца таксама яшчэ некаторыя моладзевыя актывісты. Найбольш у гэтай справе  праваабаронцаў непакоіць той факт, што ўлады пры ўзбуджэньні крымінальных спраў не зважаюць нават на непаўнагадовасьць падазраваных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства