Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2013 года

2013 2013-11-10T16:48:00+0300 2013-12-18T07:00:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Для кастрычніка былі характэрны замацаванне і кансервацыя негатыўных тэндэнцый у сферы правоў чалавека, якія фарміраваліся на працягу апошніх месяцаў. Станоўчая падзея -- вызваленне з месцаў абмежавання волі палітвязня Паўла Севярынца – не змяніла агульнага цяжкага становішча і не расцэньваецца як прыкмета пазітыўнай дынамікі, паколькі выхад на волю палітвязня адбыўся не ў сувязі з прадпрынятымі ўладамі крокамі і зменай стаўлення да праблемы палітычных зняволеных, а ў сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання.

У месцах пазбаўлення волі працягвалі ўтрымлівацца 9 палітычных зняволеных: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Андрэй Гайдукоў. Палітвязні падвяргаліся ціску і пакаранням, пагаршаліся і без таго нялёгкія рэжымы іх утрымання, якія абмяжоўваюць іх сродкі да існавання, якасць харчавання і медыцынскай дапамогі. Пазбаўленне спатканняў са сваякамі, абмежаванне карэспандэнцыі і пастаянны ціск з мэтай атрымання прашэння аб памілаванні дапаўнялі фізічныя выпрабаванні псіхалагічнымі, набліжаючы ўмовы ўтрымання да жорсткага і зневажаючага чалавечую годнасць абыходжання.

У канцы кастрычніка скончыўся 3-гадовы тэрмін абмежавання волі (так званая “хатняя хімія”) у дачыненні да фігуранта справы аб масавых беспарадках Дзмітрыя Мядзведзя, пасля чаго ён быў пастаўлены на прафілактычны ўлік. Разнастайныя меры абмежавальнага характару ў сувязі з непагашанай судзімасцю – ад прафілактычнага (28 чалавек) да прывентыўнага (3 чалавекі – Павел Вінаградаў, Дзмітрый Дашкевіч і Аляксандр Францкевіч) нагляду -- дзенічалі ў дачыненні да былах палітвязняў, што дазваляла спецслужбам кантраляваць іх грамадска-палітычную дзейнасць. У адносінах да Васіля Парфянкова превентыўны нагляд быў прыпынены на час ягонага знаходжання ў Лячэбна-працоўным прафілакторыі, але не спынена крымінальная справа, узбуджаная за парушэнне правіл нагляду. Нягледзячы на тое, што з 1 кастрычніка быў зняты превентыўны нагляд з Уладзіміра Яроменкі, у кастрычніку стала вядома пра прызначэнне даты разгляду ягонай касацыйнай скаргі (12 лістапада) па справе, датычнай вынесенага ў жніўні пакарання ў выглядзе 3 месяцаў арышту за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду.

У кастрычніку ўзмацнілася акцэнтаванне Еўрапейскім Саюзам да беларускіх уладаў на пытанні вызвалення палітвязняў як перадумовы ўзнаўлення паўнавартаснага супрацоўніцтва і ўдзелу ў праграмах ЕС. Нарошчванне актыўнасці ў дадзеным накірунку абумоўлівалася найперш набліжэннем саміту краін Усходняга партнёрства і ўмовах удзелу ў ім афіцыйнай дэлегацыі Беларусі. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і міністр замежных спраў Швецыі Карл Більд апублікавалі ва “Украинской правде” артыкул адносна магчымага далучэння да еўрапейскай супольнасці новых краін і тых крокаў, якія краіны павінны для гэтага зрабіць. Адносна Беларусі было адзначана: «Мы па-ранейшаму цвёрда стаім на патрабаваннях аб тым, што Беларусь павінна вызваліць сваіх палітычных зняволеных, і мы заклікаем нашых партнёраў трымацца далей ад практыкі выбарачнага правасуддзя. Мы занепакоеныя адступленнем ад дэмакратычных прынцыпаў».

“Беларусь для актывізацыі супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам у межах Усходняга партнёрства павінна ліквідаваць шэраг перашкод, галоўнай з якіх з'яўляецца наяўнасць у краіне палітвязняў, -- заявіў дырэктар па палітычных пытаннях МЗС Швецыі Торб'ерн Сульстрэм па выніках паездкі ў Мінск. -- Для нас было важна наведаць перад самітам ў Вільні сталіцы ўсіх дзяржаў Усходняга партнёрства. Мы сустракаліся з прадстаўнікамі МЗС і адміністрацыяй прэзідэнта Беларусі. Па супрацоўніцтве ў межах Усходняга партнёрства з Беларуссю існуе даволі вялікая перашкода - гэта наяўнасць палітвязняў. Мы сказалі нашым суразмоўцам, што пара ліквідаваць гэту перашкоду". З боку Еўрапейскага Саюза крокам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, накіраванай на забеспячэнне захавання правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у краіне, стала працягненне 29 кастрычніка санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў, адказных за ажыццяўленне рэпрэсій, і кампаній, якія фінансуюць рэжым. «У адпаведнасці са штогадовым аглядам Савет працянуў абмежавальныя меры Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі да 31 кастрычніка 2014 года. Гэта адбылося ў сувязі з тым, што палітычныя зняволеныя да гэтага часу не вызваленыя, а паляпшэнняў у сферы павагі правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі не назіраецца», -- паведаміў сайт Афіцыйнага часопіса ЕС. Пры гэтым ЕС зняў санкцыі пяці беларускіх кампаній і 13 чыноўнікаў, але дадаў трох чалавек: начальніка Бабруйскай папраўчай калоніі № 2 Аляксандра Какуніна і яго намесніка Юрыя Трутко, а таксама Аляксандра Лапатку, які ўказаны як намеснік начальніка Мазырскай папраўчай калоніі № 9. Візавыя абмежавальныя меры ўведзены адносна іх за выкарыстаннне жорсткага і бесчалавечнага абыходжання адносна палітвязняў і ціску на іх.

Важнай падзеяй для беларускай праваабарончай супольнасці, у тым ліку з пункту гледжання ацэнкі сітуацыі ў краіне, стала правядзенне 26-27 кастрычніка ІІІ Беларускага праваабарончага форуму, у якім узялі ўдзел больш за 110 дэлегатаў з 25 арганізацый, беларускія і замежныя госці. У Рэзалюцыі Форуму “Аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі” канстатавалася, што “за час, які мінуў з правядзення мінулага Форуму ўвосень 2010 года, становішча з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі драматычным чынам пагоршылася” і “ў адрозненне ад рэзалюцыі папярэдняга Форума 2010 года, цяпер мы не можам адзначыць аніякіх пазітыўных зменаў альбо тэндэнцый, якія б сведчылі пра патэнцыял да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”. У Заяве “Аб захадах па вяртанні Беларусі да выканання міжнародных стандартаў па правах чалавека” адзначалася, што “цягам апошніх пятнаццаці гадоў Рэспубліка Беларусь паступова аддалялася ад міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, замацаваных у міжнародных пактах і канвенцыях па правах чалавека”. Удзельнікі Форуму рашуча асудзілі “гэткае грэблівае стаўленне ўрад Беларусі да каштоўнасцяў і нормаў правоў чалавека” і настойліва заклікалі яго “вярнуцца ў прававое поле, акрэсленае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь,падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дакументамі па правах чалавека, не дапускаць адхілення ад устаноўленых гэтымі нормамі стандартаў”. У Звароце да саміту Усходняга Партнёрства ўдзельнікі Форуму падкрэслілі: “Мы разглядаем праграму Усходняга Партнёрства як сродак набліжэння краін-партнёраў да еўрапейскіх стандартаў жыцця ва ўсіх сферах. Пры гэтым гандлёва-эканамічнае развіццё краін-партнёраў не можа быць аддзеленае ад сацыяльна-палітычнага і гуманітарнага вымярэння еўрапейскіх стандартаў, у тым ліку ў сферы выканання правоў чалавека(…). Мы заклікаем удзельнікаў Саміту прыкласці намаганні да заахвочвання ўрада Беларусі зняць тыя перашкоды, якія робяць немагчымым паўнавартасны ўдзел Беларусі ва Усходнім Партнёрстве. У першую чаргу з шэрагу такіх крокаў мы бачым неадкладнае і безумоўнае вызваленне палітычных вязняў, іх аднаўленне ў правах”.

На міжнародным узроўні сістэмныя праблемы ў сферы правоў чалавека ў Беларусі ў кантэксце выбарчых працэсаў найбольш яскрава былі прадстаўлена ў дакладзе Спецдакладчыка ААН Міклаша Харашці, прэзентаваным 28 кастрычніка на Генералльнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Прадстаўнік беларускай дэлегацыі ў чарговы раз падкрэсліў пазіцыю непрызнання мандату Спецыяльнага дакладчыка, і, адпаведна, яго дакладу, акцэнтаваўшыся на тым, што яго краіна разглядае ўстанаўленне мандату як спробу ЕС аказаць ціск на краіну, якая праводзіць незалежную палітыку. Прадстаўнік Беларусі адзначыў, што пры праходжанні УПА Беларусь імплементавала большасць ўзятых на сябе рэкамендацый. Падыход да ацэнкі сітуацы з правамі чалавека ў краінах-сябрах ААН выключна ў межах УПА быў падтрыманы шэрагам краін, якія таксама маюць праблемы з выкананнем правоў чалавека, такіх як Куба, Венесуэла, Лаос, Расія, Кітай, Іран, Туркменістан, Казахстан, Азербайджан, Узбекістан, Зімбабвэ, Нікарагуа. Адначасова краіны ЕС, ЗША, Швейцарыя і Нарвегія падтрымалі даклад, выказалі занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне і ў чарговы раз заклікалі ўлады Беларусі супрацоўнічаць з адмысловымі працэдурамі і механізмамі ААН, у прыватнасці забяспечыць допуск на тэрыторыю краіны Спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі.

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

1 кастрычніка з былога палітвязня Уладзіміра Яроменка былі зняты прэвентыўны нагляд - такое рашэнне прыняў суд Першамайскага раёна Мінска. Пра гэта актывісту паведамілі ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Уладзімір Яроменак за парушэнне прэвентыўнага нагляду ў жніўні быў асуджаны на 3 месяцы арышту судом Першамайскага раёна сталіцы. Актывіст абскардзіў прысуд. 25 кастрычніка стала вядома, што разгляд касацыйнай скаргі прызначаны на 12 лістапада.

4 кастрычніка Валянціна Аліневіч атрымала кароткатэрміновае спатканне ў Наваполацкай калоніі з сынам -- палітвязнем Ігарам Аліневічам.

5 кастрычніка Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка, паведаміў, што ягоны сын рыхтуе скаргу па сваёй справе ў апошнюю наглядную інстанцыю -- на імя старшыні Вярхоўнага суда. 28 кастрычніка жонка палітвязня Валерыя Хоціна агучыла інфармацыю, што за два апошнія месяцы Мікалай Дзядок быў двойчы пакараны карцарам. Першы раз палітвязень трапіў туды на 10 дзён у верасні, а другі раз – на 5 дзён у кастрычніку. Прычыны пакарання – фармальныя. Па словах Валерыі Хоцінай, у Мікалая пагаршаецца здароўе.

6 кастрычніка Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, атрымала з Магілёўскага ўпраўлення дэпартамента выканання пакаранняў адказ на сваю скаргу, датычную цэнзуравання лістоў больш за тры дні, што забаронена па законе. Дэпартамент у сваім адказе ўказаў, што М. Статкевіч не ўтрымліваецца пад вартай, а з'яўляецца асуджаным, таму патрабаванні закона на яго не распаўсюджваюцца. 9 кастрычніка стала вядома, што Мікалай Статкевіч адмовіўся надалей звяртацца па медыцынскую дапамогу ў турме. Палітвязень заявіў, што яго звароты па дапамогу выкарыстоўваюцца адміністрацыяй папраўчых устаноў як сігнал для арганізацыі супрацьпраўнага ціску шляхам незаконнага стварэння ўмоў для абвастрэння захворванняў, пра якія стала вядома. У такой сітуацыі зварот па медыцынскую дапамогу дае адваротны эфект і робіцца небяспечным, што змушае яго хаваць інфармацыю аб праблемах са здароўем.

9 кастрычніка, пасля працяглага перапынку, пачалі даходзіць лісты ад палітвязня Мікалая Аўтуховіча з Гродзенскай турмы. Пра стан свайго здароўя пасля нанясення е лязом пашкоджанняў жывата ў знак пратэсту супраць накладання несправялівых спагнанняў палітвязень паведаміў: "Са здароўем сапраўды ўсё нармальна. Прашу тых, хто мяне падтрымлівае, не хвалявацца". 16 кастрычніка праваабаронца Алег Волчак паведаміў, што Мікалай Аўтуховіч напісаў яму не верыць адміністрацыі турмы, калі яна паведаміць, што з ім здарыўся інсульт альбо прыпадак. Алег Волчак таксама распавёў пра тое, што атрымаў адказ на зварот у Генеральную пракуратуру Беларусі, які быў пададзены ім і Аляксандрам Камароўскім (абодва з’яўляюцца сустаршынямі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны ў Афганістане) 25 верасня, у якім запатрабавалі праверкі законнасці двух спагнанняў, накладзеных на Мікалая Аўтуховіча. У адказе сказана, што зварот перанакіраваны ў Гарадзенскую абласную пракуратуру.

12 кастрычніка Марына Лобава, маці палітвязня Эдуарда Лобава, паведаміла, што яе сыну дазволена сустрэча ў турме са святаром айцом Дзмітрыем, які служыць у Слуцкім раёне. Паводле яе слоў, гэта не першая сустрэча са святаром, адбываецца яна ў прысутнасці прадстаўніка адміністрацыі, таму гэта не звычайная споведзь, а размова аб душэўным стане, пра планы, пра тое, чым ён займаецца. 24 кастрычніка Марына Лобава атрымала кароткатэрміновае спатканне з сынам – дзве гадзіны размовы праз шкло. Адміністрацыя Івацэвіцкай калоніі таксама дазволіла перадаць перадачу зняволенаму. Марына Лобавала паведаміла, што Эдуард адчувае сябе здавальняюча і працягвае вучыцца на электразваршчыка ў ПТВ пры калоніі.

19 кастрычніка палітвязень Павел Севярынец быў вызвалены са спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе адбываў трохгадовае пакаранне за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Сябры, паплечнікі і журналісты планавалі сустракаць П.Севярынца ў Пружанскім раёне, бо меркавалася, што ён выйдзе на волю каля 10.00. Аднак прыкладна ў 6.00 стала вядома, што Павел ужо знаходзіцца на шляху ў Мінск. У 3.30 яго вывезлі са спецкамендатуры і пасадзілі на цягнік Брэст-Масква, які прыбыў у сталіцу ў 8.42. Паводле слоў палітыка, спадарожнікі, з якімі яму давялося ехаць у цягніку, пазналі яго, выказвалі сваю падтрымку і цікавіліся лёсам іншых асуджаных па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Падчас сустрэчы П.Севярынца на чыгуначным вакзале Мінска былі затрыманы шэсць журналістаў, палітык Віталь Рымашэўскі, актывісты Ганна Шапуцька і Андрэй Молчан (усе былі вызвалены пасля таго, як П. Севярынец пакінуў тэрыторыю вакзала). 21 кастрычніка Севярынец абвязаны стаць на ўлік у РАУС па месцы жыхарства ў Віцебску. Былы палітвязень заявіў, што мае намер працягваць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю.

29 кастрычніка адказны сакратар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі паведаміў, што ўжо больш за месяц сваякі і сябры палітвязня Яўгена Васьковіча не атрымліваюць ад яго лістоў. Адміністрацыя Магілёўскай турмы абмяжоўвае вязня і ў атрыманні газет.

30 кастрычніка афіцыйны часопіс Еўрасаюза апублікаваў новы варыянт беларускага «чорнага спісу», у якім знаходзяцца 232 асобы і 25 прадпрыемстваў. Адпаведнае рашэнне 29 кастрычніка прыняў Савет ЕС. У спіс беларускіх чыноўнікаў, якія трапляюць пад санкцыі Еўрасаюза, былі дададзены два прозвішчы: Аляксандра Какуніна, начальніка Бабруйскай папраўчай калоніі № 2, і яго намесніка Юрыя Трутко. У гэтай калоніі адбывае пакаранне палітвязень – праваабаронца Алесь Бяляцкі. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які лабіяваў уключэнне ў абмежавальны спіс ЕС кіраўнікоў Бабруйскай калоніі, адзначыў: "Мы да гэтага часу атрымліваем інфармацыю пра ціск на Алеся Бяляцкага, якому "не рэкамендуецца" мець зносіны з іншымі асуджанымі. Любы зняволены, які адважыўся пагаварыць з Алесем, жорстка караецца адміністрацыяй калоніі, аж да змяшчэння ў штрафны ізалятар".

30 кастрычніка скончыўся тэрмін адбыцця пакарання ў выглядзе 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу ўдзельніка акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года Дзмітрыя Мядзведзя. Дз.Мядзведзь не мае дачынення да палітычных партый і рухаў, па спецыяльнасці ён - інжынер-энэргетык, працаваў у сферы будаўніцтва, меў уласны бізнэс. На плошчы ён апынуўся выпадкова - дамовіўся сустрэцца з сынам, але яны згубілі адзін аднаго ў натоўпе людзей. У выніку і ён сам, і ягоны сын былі затрыманы ўначы з 19 на 20 снежня і асуджаныя на 10 сутак арышту. Пасля адбыцця адміністрацыйнага тэрміну Дз. Мядзведзь быў паўторна арыштаваны і змешчаны ў СІЗА на вул. Валадарскага — гэтым разам у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Пасля сканчэння тэрміну адбыцця пакарання Дз. Мядзведзь пастаўлены на прафілактычны ўлік у РУУС па месцы пражывання, на працягу пяці гадоў за ім будзе заставацца судзімасць.

31 какстрычніка Вольга Гайдукова, маці палітвязня Андрэя Гайдукова, паведаміла, што яна разам з дачкой Марыяй мела доўгатэрміновае спатканне працягласцю 3 сутак з сынам у калоніі №19 у Магілёве. Па словах Вольгі Гайдуковай, ужо з 8 жніўня Андрэй мог патрапіць пад умоўна-датэрміновае вызваленне. Аднак у сувязі з тым, што ў той час ён толькі прыбыў у калонію, то атэстацыю ў яго адносінах не праводзілі.

Смяротнае пакаранне

8 кастрычніка ў Мінску былі прэзентаваны вынікі даследавання, праведзенага сацыялагічнай кампаніяй Satio на тэму злачыннасці і пакарання ў Беларусі. Даследаванне выявіла неадназначнае стаўленне да смяротнага пакарання як у яго прыхільнікаў, так і праціўнікаў. На прамое пытанне аб адмене смяротнага пакарання больш за палову апытаных жыхароў Беларусі выказаліся за падтрымку яго прымянення - 63,8%. Аднак, пры высвятленні стаўлення да альтэрнатыўных мер пакарання (пажыццёвае зняволенне, мараторый на прымяненне смяротнага пакарання), таксама выявілася шырокая падтрымка апытаных. Сярод перакананых прыхільнікаў смяротнага пакарання галоўным аргументам з'яўляецца адэкватная адплата за здзейсненае злачынства. Дадатковы важны аргумент - пачуццё бяспекі грамадзян ад наяўнасці ў дзяржаве смяротнага пакарання. Для перакананых праціўнікаў смяротнага пакарання галоўны аргумент - каштоўнасць чалавечага жыцця. 73,5% рэспандэнтаў асцерагаюцца судовых памылак і прытрымліваюцца пазіцыі "горш асудзіць невінаватага, чым дазволіць вінаватаму сысці ад пакарання". 33% апытаных не валодаюць інфармацыяй пра смяротнае пакаранне, а 5,5 % перакананыя, што ў краіне даўно ўведзены мараторый. Толькі 6% апытаных адначылі, што чыталі пра смяротную кару ў СМІ. У аснове даследавання Satio - вынікі асабістых інтэрв'ю з 1 100 жыхарамі Беларусі ва ўзросце ад 18 да 75 год і вынікі шасці тэматычных фокус-груп, праведзеных у 2013 годзе. Даследаванне было выканана па замове Penal Reform International.

9 кастрычніка спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці заклікаў улады Беларусі неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, пакуль не адбудзецца рэформы заканадаўства і судовай сістэмы, якая дазволіць выдаліць смяротнае пакаранне з Крымінальнага кодэксу краіны.

10 кастрычніка каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, які з’яўляецца даверанай асобай асуджанага да смяротнага пакарання Паўла Селюна, паведаміў, што Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот па ягонай справе 2 кастрычніка 2013 года за № 2289/2013. Пра гэта А. Палуда праінфармаваў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, нагадаўшы пра абавязак забяспечыць невыкананне смяротнага прысуду да разгляду звароту:“У адпаведнасці з правілам 92 правіл працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду дадзенага зварота па сутнасці”. У адпаведнасці з Палажэннем аб Міністэрстве замежных спраў, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 2006 года № 978, функцыя кантролю за выкананнем міжнародных дамоваў ускладаецца на МЗС, таму праваабаронца дадаткова просіць, каб Міністэрства апавясціла Вярхоўны Суд, Генпракуратуру і МУС аб рэгістрацыі КПЧ ААН зварота Паўла Селюна, а таксама пракантраляваць выкананне міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь гэтымі дзяржаўнымі органамі і аказаць ім неабходнае садзеянне ў гэтым. 24 кастрычніка Андрэй Палуда атрымаў адказ з Міністрэства замежных спраў Рэспублікі Беларусі на свой зварот. Намеснік міністра Валянцін Рыбакоў адзначыў, што “паведамленне было накіравана беларускаму боку для атрымання пісьмовых каментароў. Выконваючы свае міжнародныя абавязацельствы ў рамках Факультатыўнага пратакола (да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычнах правах), Беларусь плануе накіраваць такія каментары ў Камітэт у парадку, прадугледжаным арт. 4 ч. 2 Факультатыўнага пратакола”. Сутнасць звароту аб прыпыненні выканання смяротнага прысуду і інфармавання адпаведных дзяржаўных органаў (у дадзеным выпадку – МУС і Генпракуратуры) аб разглядзе ў КПЧ індывідуальнага паведамлення Паўла Селюна, Міністэрствам замежных спраў была цалкам праігнаравана.

18 кастрычніка Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Грунова на прысуд Гомельскага абласнога суда. Аляксандр Груноў быў прысуджаны да расстрэлу на падставе п.6 ч.2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 25-гадовы хлопец здзейсніў забойства сваёй знаёмай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай. На паседжанні Вярхоўнага суда абаронца абвінавачанага Сяргей Красноў падкрэсліў, што крымінальнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае, акрамя смяротнага пакарання, і іншыя меры пакарання - пазбаўленне волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў або пажыццёвае зняволенне. Абаронца, спасылаючыся на нормы міжнароднага права і звязаныя з імі нормы нацыянальнага заканадаўства, прадставіў судовай калегіі шэраг парушэнняў, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах крымінальнай справы, на якія суд першай інстанцыі не звярнуў увагі.У прыватнасці, адвакат сказаў пра парушэнне прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да яго падабароннага (арт. 26 Канстытуцыі РБ і п.2 арт.14 МПГПП), парушэнне прынцыпу роўнай абароны і спаборнасці судовага працэсу (арт.22 Канстытуцыі РБ і арт.24 КПК РБ), адзначыў наяўнасць супярэчнасцяў, звязаных з псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай стану здароўя Грунова. Апроч таго, абаронца указаў на яшчэ адзін момант, які меў месца адразу пасля вынясення прысуду, і на які, паводле яго слоў, ніхто не звяртае ўвагу: «Калі прысуд судовай калегіі Гомельскага абласнога суда яшчэ не ўступіў у законную сілу, Груноў ужо ўтрымліваўся ў адзіночнай камеры для смяротнікаў у ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама, дзе быў вымушаны насіць вопратку з надпісам «ИМН» (на рускай мове – исключительная мера наказания), такім чынам, ён зведваў такое абыходжанне, як быццам зыход справы і яго лёс былі ўжо прадвызначаныя...». 22 кастрычніка Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда адмяніла смятротны прысуд Аляксандру Грунову, справа накіравана на новае судовае разбіральніцтва.

Прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

15 кастрычніка палітвязень Мікалай Аўтуховіч апублікаваў у газеце “Народная воля” матэрыял пра ўмовы ўтрымання ў турме №1 Гродна, дзе ён адбывае пакаранне з канца студзеня 2012 года, і куды ён быў пераведзены з Івацэвіцкай калоніі пасля адпаведнага рашэння суда. Некаторыя вытрымкі з публікацыі М. Аўтуховіча: “Я не скардзіўся, калі мяне па прыбыцці ў турму адразу пасялілі ў камеру-ізалятар і пратрымалі там 255 сутак. У гэтай сырой і халоднай камеры з бетоннай падлогай, без стала і лаваў (што забаронена законам) я сядзеў б да канца тэрміну, калі б не выпадковая нататка ў газеце. У камеры ад вялікай вільготнасці, мокрых сцен рэчы пакрываліся цвіллю нават у сумцы. Гніў матрац. Пры гэтым асобныя супрацоўнікі турмы са здзекам казалі: «Радуйся, што табе далі нумар «люкс»!» Вось толькі ад такога «люкса» ў мяне, чалавека, які не паліць, з лёгкіх пачалі адкашліваецца вільготныя згусткі. У гэтым «люксе» нават летам даводзілася сядзець у шапцы, а ўсю зіму на ўнутранай рашотцы вакна быў лёд (…) Я не рэагаваў, калі ў маці не прынялі прадуктовую перадачу, якую самі ж і дазволілі, прымеркаваўшы да нашага спаткання. Мама на сваю невялікую пенсію назбірала грошай на 30 кг нятанных прадуктаў, прывезла, а ёй кажуць: «Не паложана!» Хіба гэта не здзек? Добра, што я на спатканні падрыхтаваў яе да такога варыянту развіцця падзей i крыху супакоіў. А так магла б і інфаркт атрымаць (…) Не скардзіўся я і на медыкаў, якія ігнаравалі мае звароты па дапамогу. За год я звяртаўся да іх 40 разоў, адгукнуліся толькі 6 разоў. Прычым наведванні дактароў заканчваюцца адным пытаннем: «Дык што табе даць, калі ў нас нічога няма?» А ў ВК-5 дактары шчыра казалі: «Лягчэй аформіць паперы аб тваёй смерці, чым лячыць». У мяне шмат сур'ёзных захворванняў, але пры гэтым медыкі турмы ні разу (!) не ўзялі ў мяне аналізы. І такое стаўленне не толькі да мяне – падобныя скаргі я чуў ад многіх асуджаных. На прыём да начальніка медчасткі я не мог патрапіць больш за два месяцы, хоць спраўна пісаў заявы. А калі трапіў, то на маё пытанне «Чаму сустрэчы прыйшлося чакаць так доўга?» ён адказаў, што ад мяне ніякіх заяваў не паступала … Так, гэта праўда, напісаныя асуджанымі заявы тут часта сыходзяць у нікуды. Адзін раз мяне адмовіліся выводзіць да адваката з-за адсутнасці маёй заявы. Я не стаў пісаць новую, так як літаральна за некалькі дзён да прыезду адваката я аддаў заяву на сустрэчу асабіста ў рукі начальніку. Так не павінна адбывацца, але адбываецца. Я не рэагаваў на многія іншыя поскудзі і правакацыі, пакуль з дапамогай пракурора Гродзенскай вобласці, які ў студзені 2013 года наведаў маю камеру, не даведаўся, што з'яўляюся «злосным парушальнікам» рэжыму ўтрымання ў турме № 1. Як аказалася, на мяне яшчэ ў кастрычніку 2012-га быў напісаны рапарт пра тое, што я не рэагую на заўвагі кантралёра. Хоць у рэальнасці, такіх заўваг і папярэджанняў не было. І ў кастрычніку 2012 года мне, аказваецца, вынеслі вымову, пра якую я выпадкова даведаўся ў студзені 2013 года (…) І вось роўна за месяц да пагашэння ўсіх маіх спагнанняў па такім жа сцэнары мне выносяць вымову. Што гэта за турма, у якой пад капірку фабрыкуюць парушэнні шараговыя кантралёры, а кіраўніцтва паказвае, што не мае дачынення да гэтага? (…) Не бывае такіх супадзенняў, каб двойчы – у 2012 годзе і ў 2013 годзе – я атрымліваў спагнанні як раз перад тым, як павінны пагасіць усе папярэднія. Такім чынам, мне прыйшлося выказаць пратэст і спаласаваць лязом жывот. Усе гэтыя меры на сумленні выканаўцаў. Іншага спосабу прыцягнуць увагу да дадзенай праблемы ўжо няма. На пратэстныя галадоўкі адміністрацыя не рэагуе. Я пратэстую, бо заўтра гэты кантралёр пацвердзіць, што на яго змене Аўтуховіч сам засіліўся ў камеры на рашотцы або памёр ад сардэчнай недастатковасці (…) Я зарабіў у турме грыбок пазногцяў. Вельмі доўга даказваў адміністрацыі, што так быць не павінна, каб 500 чалавек карысталіся нажніцамі, якія ніхто не дэзінфікуе і якія проста вісяць на кручку ў лазні. Пераканаў. Дазволілі. Тройчы мая жонка прывозіла абцужкі для пазногцяў і тройчы везла іх назад. Адны дазваляюць, іншыя кажуць, што не дазволена (…) Асуджаным у турме № 1 забаронена мець асабістую іголку для шыцця. Яе наяўнасць - гэта ўжо найгрубейшае парушэнне, за якое можна атрымаць спагнанне. Атрымліваецца, што адміністрацыя прымушае асуджаных наперакор здароваму сэнсу карыстацца адной іголкай на 10-15 камер, і гэта пры тым, што ў некаторых камерах знаходзяцца ВІЧ- інфіцыраваныя і носьбіты гепатыту (...) Чаму ў шапіку турмы няма ў продажы гародніны і садавіны? За 20 месяцаў знаходжання ў Гародні я толькі тры разы бачыў, што ў шапіку прадаюць цыбулю. Няўжо ўжо цыбуля для Беларусі экзатычная гародніна? Я шмат разоў спрабаваў вырашыць пытанне з адміністрацыяй турмы, каб у шапіку турмы прадавалі яблык, але і гэта аказалася немагчыма. Аказваецца, і яблыкі для Беларусі з'яўляюцца экзатычным прадуктам. Нават тады, калі ад іх ломяцца сады і людзі гатовыя аддаваць яблыкі амаль за бясплатна (як было мінулай восенню). Усё гэта не дробязі, гэта тое, што робіць людзей інвалідамі. Хоць ні ў адным прысудзе не напісана, што асуджанага можна калечыць (…).

31 кастрычніка малодшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Крычаўскага РАУС, старэйшы сяржант міліцыі быў асуджаны Бабруйскім міжгарнізонным судом па ч.3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў) і п.9 ч.2 арт. 147 КК РБ (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання). Па сукупнасці злачынстваў яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам 6 гадоў з накіраваннем у калонію ўзмоцненага рэжыму, без канфіскацыі маёмасці, з пазбаўленнем адмысловага звання “старэйшы сяржант міліцыі”, з пазбаўленнем права займаць вызначаныя пасады тэрмінам на пяць гадоў. Крычаўскія міліцыянеры ў снежні 2012 года затрымалі грамадзяніна Л., ён праходзіў падазраваным у крадзяжы ў Крычаўскім УКПП “Камунальнік”. Супрацоўнікі міліцыі прымянілі меры фізічнага ўздзеяння к падазраванаму, у выніку гэтага ён атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пасля вызвалення грамадзянін звярнуўся з заявай у Крычаўскі міжрайаддзел КДБ. Пры тым, што ў збіцці падазраванага ў будынку Крычаўскага РАУС удзельнічала некалькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, да крымінальнай адказнасці прыцягнуты толькі адзін супрацоўнік.

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

8 кастрычніка у судзе Савецкага раёна Мінска з чацвёртай спробы адбыўся перагляд адміністратыўнай справы сябра Рады ПЦ "Вясна" Уладзіміра Лабковіча. Адносна праваабаронцы 4 верасня Мінскі гарадскі суд адмяніў пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 23.34 КаАП («парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства»), вынесеную суддзёй Савецкага раёна Дзмітрыем Паўлючэнкам 6 жніўня, і накіраваць справу ў той жа суд на перагляд да іншага суддзі. Суддзя Эдуард Якубоўскі прызнаў праваабаронцу вінаватым і пакараў Уладзіміра Лабковіча, як і ягоны папярэднік, штрафам у памеры 30 базавых велічынь. 18 кастрычніка Уладзімір Лабковіч накіраваў у Мінскі гарадскі суд касацыйную скаргу на пастанову суда Савецкага раёна. На гэты раз Уладзімір Лабковіч паведаміў у Мінгарсуд, што на момант падачы касацыйнай скаргі яму нават невядома, што паслужыла для суда падставай прызнаць яго вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні: «У самім працэсе суддзя суда Савецкага раёна г.Мінска Эдуард Якубоўскі, які старшыняваў у судовым пасяджэнні, азнаёміў мяне толькі з выніковай часткай пастановы, бо ў сувязі з адсутнасцю электрычнасці ў будынку суда на момант разгляду маёй скаргі, не мог, з яго слоў, вырабіць поўны тэкст пастановы". Атрымліваецца, што «па тэхнічных прычынах» судздзя Якубоўскі пазбавіў Лабковіча права на абарону ў рамках касацыйнай вытворчасці. «Фактычна я магу толькі здагадвацца пра тое, у чым жа я сапраўды прызнаны вінаватым», - адзначае праваабаронца. У скарзе У. Лабковіч просіць Мінскі гарадскі суд адмяніць пастанову суддзі Савецкага раёна г. Мінска ад 8 кастрычніка пра штраф і спыніць справу аб адміністратыўным правапарушэнні. Таксама Уладзімір Лабковіч настойвае на прыцягненні да адказнасці суддзі суда Савецкага раёна Мінска Эдуарда Якубоўскага за непрадстаўленне копіі пастановы аб адміністратыўным правапарушэнні, што пазбавіла яго магчымасці касацыйнага абскарджвання.

10 кастрычніка ў Мінскім гарадзкім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі праваабаронцы Тамары Сяргей на рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска, які прызнаў законным і абгрунтаваным вынесенае ёй афіцыйнае папярэджанне Генеральнай пракуратуры аб крымінальнай адказнасці за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб'яднання -- ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры». Судовая калегія Мінгарсуда ў складзе Вольгі Рамашэўскай (старшыня), Алены Пруднікавай і Кацярыны Якутовіч, вярнуўшыся з дарадчага пакою, замест абвяшчэння рашэння перанесла пасяджэнне на 24 кастрычніка. Сваё рашэнне суд матываваў тым, што неабходна запатрабаваць ад Генпракуратуры матэрыялы, на падставе якіх актывістцы было вынесена афіцыйнае папярэджанне. 24 кастрычніка касацыйная скарга Тамары Сяргей была адхіленая.

25 кастрычніка сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” з Гомеля Анатоля Паплаўнага папярэдзілі пра скасаванне з ім працоўных адносінаў «у сувязі са сканчэннем працоўнага кантракту», які быў падпісаны ўсяго год таму. Пяць гадоў адпрацаваў А. Паплаўны слесарам-інструментальшчыкам на вытворчым унітарным прыватным прадпрыемстве «Віпра», ніякіх спагнанняў за гэты час не меў. Гэта адзначана і ў паведамленні аб звальненні. «Дзякуем за добрасумленную працу!», - напісаў слесару дырэктар ВУПП «Віпра» Ігар Шчыгельскі. Праваабаронца за сваю дзейнасць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, летам 2011 года падчас маўклівых акцый пратэсту адбываў у ІЧУ 15-ці сутачны адміністрацыйны арышт. Прымаў актыўны ўдзел у назіранні за выбарамі.

25 кастрычніка платформа на мінскім чыгуначным вакзале, з якой а 18.50 адпраўляўся цягнік на Вільню, ужо за гадзіну да адпраўлення была поўная людзей у цывільным з рацыямі. Тых, хто заходзіў на платформу, здымалі на відэа. Ніякіх перашкодаў нікому не чынілі, цягнік адправіўся паводле раскладу. На наступны дзень, 26 кастрычніка, у літоўскай сталіцы распачынаўся Трэці Беларускі правабарончы форум, у якім бралі ўдзел больш за 150 дэлегатаў і гасцей з Беларусі, большасць з якіх ехалі на Форум на вечаровым віленскім цягніку.

Ціск спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

25 кастрычніка ад непасрэднага начальніка магілёўскага блогера Дзмітрыя Ярмоленкі супрацоўнікі КДБ запатрабавалі характарыстыку. Нагодай для ўвагі КДБ да блогера сталі публікацыі на сайце “Свабоднага фармата”(formats.by). Летам бягучага года Дзмітрый ужо меў размову з супрацоўнікам КДБ, які спрабаваў яго завербаваць, аднак, як толькі хлопец адмовіўся ад гэтага - на яго пачалі ціснуць з усіх бакоў. Супрацоўніі КДБ прыходзілі ў гарсвет, дзе працуе Дзмітрый Ярмоленка і размаўлялі з яго начальнікам, які ў сваю чаргу правёў з ім прафілактычную размову з нагоды з’явіўшыхся ў інтэрнэце публікацый. Яны, нібыта, псуюць імідж краіны і дзеючай ўлады. Дзмітрыя Ярмоленку раней адлічылі з юрыдычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова.

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

4 кастрычніка Мінскі гарадскі суд у асобе суддзі А. Бычко адмяніў пастанову суда Цэнтральнага раёна сталіцы аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці актывіста нацыянал-бальшавіцкага руху Дзмітрыя Паліенкі, які 22 жніўня быў аштрафаваны на 12 базавых велічынь судом Цэнтральнага раёна сталіцы па абвінавачанні ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП). Абвінавачанне было звязана з пратэстам супраць “прызыўнога рабства”, які адбыўся 8 жніўня ў Мінску. Справа накіравана на новы разгляд у суд Цэнтральнага раёна.

4 кастрычніка з тэрыторыі рынка аўтазапчастак, які знаходзіцца на Гомельскай шашы ў Магілёве, быў прымусова выведзены актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Сердзюкоў, які раздаваў там партыйны бюлетэнь, прысвечаны кампаніі “За зніжэнне растаможкі аўтамабіляў, увозімых у Беларусь з Еўропы і ЗША”. Актывіст здолеў раздаць каля 50 бюлетэняў, пасля чаго да яго падыйшло трое супрацоўнікаў міліцыі і пачалі разбірацца ў тым, што за прадукцыю ён раздае. Прозвішча аднаго з міліцыянераў, які вёў перамовы з Алесем Сердзюковым – Уладзімір Данцоў. У выніку актывіст мусіў пакінуць рынак.

7 кастрычніка віцебскага актывіста Барыса Хамайду, распаўсюдніка незалежнай прэсы, затрымалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў Чыгуначны РАУС г.Віцебска за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Аднак Б. Хамайды быў адпушчны з пастарунку без складання пратаколу. Па словах актывіста, ён распаўсюджваў незалежную прэсу у цэнтры Віцебска як заўсёды, і ніякіх прыкметаў пікетавання не было.

12 кастрычніка скончыўся 15-суткавы адміністрацыйны арышт лідара «Zmena» Паўла Вінаградава, але супрацоўнікі Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў яго не адпусцілі ў вызначаны тэрмін, а адвезлі з у пасёлак Сокал пад Нацыянальны аэрапорт прыкладна за 30 кіламетраў ад Мінска, каб яго не сустрэлі сябры.

17 кастрычніка ў Мінску на прахадной МАЗ быў затрыманыя сябры АГП Антон Жылко і Дзмітрый Кавалгін падчас раздачы інфармацыйнага бюлетэня АГП «Голас розуму» . Актывісты былі дастаўлены ў аддзяленне міліцыі Заводскага раёна, адкуль былі вызвалены праз 3 гадзіны пасля напісання тлумачэнняў. Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі актывістаў, што іх могуць выклікаць па выніках экспертызы канфіскаваных матэрыялаў.

23 кастрычніка, напярэдадні паседжання Савета кіраўнікоў МЗС краінаў СНД, запланаваным у Мінску на 24 кастрычніка, адбыўся шэраг адвольных прэвентыўных затрыманняў актывістаў розных арганізацыяў і рухаў, якія раней удзельнічалі ў арганізацыі пратэстных акцый. Лідар беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўген Контуш быў затрыманы каля ўласнага пад’езда. У гэты ж дзень з аддзялення міліцыі яго даставілі ў суд Маскоўскага раёна Мінска, дзе пакаралі арыштам на 5 сутак нібыта за дробнае хуліганства. Справу разглядаў суддзя Юрый Сезін. Актывіст гэтага руху Дзмітрый Паліенка быў затрыманы адразу пасля працы на прахадной прадпрыемства і дастаўлены ў аддзяленне міліцыі Заводзкага раёна. На яго быў складзены пратакол па арт.17.1 (дробнае хуліганства). У гэты ж дзень суддзя Таццяна Матыль пакарала Дз. Паліенку арыштам на 6 сутак. 23 кастрычніка быў затрыманы таксама нацбол Арцём Карпучок, у гэты ж дзень суд Кастрыніцкага раёна сталіцы вынес яму пакаранне ў выглядзе 5 сутак арышту. Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць яшчэ аднаго актывіста нацыянал-бальшавіцкага руху -- Аляксандра Палякова, аднак яму ўдалося пазбегнуць гэтага. Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Молчан быў затрыманы на працоўным месцы а другой гадзіне дня і дастаўлены ў пастарунак, суд Маскоўскага раёна пакараў яго арыштам на 5 сутак па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне службовай асобе), суддзя - Таццяна Мотыль. Увечары быў затрыманы актывіст «Zmena» Віталь Васількоў, пра што ён паспеў па тэлефоне паведаміць Аляксандру Арцыбашаву. На наступны дзень В. Васількоў быў пакараны арыштам на 5 сутак. Суддзя Наталля Драчова прызнала яго вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП).

29 кастрычніка, у Дзень памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсій, у Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі 23 удзельнікаў жалобнага марафону і журналістаў. Сярод затрыманых грамадзкія дзеячы Аляксей Шэін, Уладзімір Раманоўскі, Ганна Шапуцька, Алесь Макаеў, Сяргей Ханжанкоў, Кацярына Садоўская, Ніна Багінская, Ілля Дабратвор, адно дзіця -- Яўсей Дабратвор, а таксама 5 журналістаў -- Наталля Валакіда, Сяргей Краўчук, Наталля Касцюкевіч (Беніцэвіч), Дзініс Носаў і Аляксандр Корсакаў. Затрыманыя былі дастаўлены ў РУУС Фрунзенскага раёну. Адна з удзельніц ўшанавання Галіна Сіўчык адмовілася падымацца ў РУУС, бо ёй цяжка падымацца па прыступках, міліцыянты хацелі ён дапамагчы, але яна запярэчыла гэтаму, тады яе пакінулі ў спакоі, аднак пазней ўсё ж затрымалі. Праз тры гадзіны ўсе затрыманыя ўдзельнікі жалобнай акцыі былі вызвалены без складання пратаколаў.

29 кастрычніка суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе судзі Алены Волкавай аштрафаваў старшыню Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Юрыя Новікава на 45 базавых велічынь за распаўсюд улётак і збор подпісаў супраць размяшчэння расійскай авіябазы. У якасці доказаў паслужылі сем улётак і падпісныя лісты, канфіскаваныя ў Юрыя Новікава пры затрыманні, якое адбылося вечарам 8 верасня каля дома №29 на вуліцы Ленінскай у Магілёве. У судзе ў якасці сведкаў былі дапытаны два чалавекі, якія паставілі свае подпісы супраць расійскіх баз у Беларусі. Адзін з іх зазначыў, што гэтым людзям варта даваць медалі, а не прыцягваць іх да адміністрацыйнай адказнасці. Праваабаронца Барыс Бухель адзначыў, што гэта прэцэдэнт, калі за распаўсюд улётак і збор подпісаў штрафуюць як за распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі.

29 кастрычніка ў Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста кампаніі супраць ушчыльнення забудовы ў Першамайскім раёне Мінска Віктара Талмачова. Актывіст раздаваў улёткі пра падрыхтоўку да реферэндуму супраць ушчыльнення забудовы. Ва ўлётках утрымлівалася інфармацыя пра ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, якую стварылі тмясцовыя жыхары пры падтрымцы актывістаў «Еўраперспектывы», і падрыхтоўку да рэгістрацыі гэтай групы. Актывіст быў дастаўлены ў РУУС Першамайскага раёну, адкуль быў вызвалены пасля апытання і канфіскацыі ўлётак.

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

3 кастрычніка міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House прэзентавала даклад аб свабодзе інтэрнэту. Згодна з даследаваннем, Беларусь уваходзіць у групу краінаў, у якіх карыстаньне інтэрнэтам несвабоднае. Аўтары дакладу заявілі, што Беларусь выкарыстоўвае сістэму маніторынгу і кантролю за інтэрнэтам СОРМ, як і Расія. Яе таксама выкарыстоўваюць улады Узбекістану, Кыргызстану, Казахстану і Украіны. У дакладзе гаворыцца, што з 60 краін, якія даследаваліся сёлета, 29 блакавалі альбо фільтравалі кантэнт палітычнага і сацыяльнага характару. Індэкс свабоды інтэрнэту ў Беларусі ў 2013-м годзе -- 67. Наша краіна суседнічае з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Пакістанам. З былых савецкіх рэспублік горшую за Беларусь пазіцыю мае толькі Узбекістан -- 78. Найбольш свабоднымі ў 2013-м прызнаны: Ісландыя, Эстонія, Германія, ЗША і Аўстралія.

5 кастрычніка на V Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Кішынёве намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец агучыў інфармацыю, што выдавецтва “Логвінаў” пазбаўляюць ліцэнзіі. Адпаведнае паведамленне пра спыненне ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць індывідуальны прадпрымальнік Ігар Логвінаў атрымаў 23 верасня, дакумент падпісала першая намесніца мінітра інфармацыі Лілія Ананіч. Ліцэнзія адклікаецца “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні”. Гаворка ідзе пра выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 года. "Логвінаў" выступала выдаўцом альбома. У выдавецтве лічаць, што пазбаўленне ліцэнзіі адбылося незаконна, са шматлікімі парушэннямі, і таму накіравала адпаведны ліст міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму. 23 кастрычніка выдавецтва «Логвінаў» накіравала ў Вышэйшы гаспадарчы суд заяву аб прызнанні несапраўдным загаду Мінінфармацыі аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць.

15 кастрычніка ў судзе Крычаўскага раёна пачаўся разгляд грамадзянскага іску працаўнікоў Чэкыкаўскай ПМК-280 да журналістаў газеты “Вольны горад”. Штукатур Байгола і столяр Конеў запатрабавалі ад журналістаў кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 16 мільёнаў рублёў за выкладзеныя ў артыкуле “З абвяржэннем пачакаем” (“Вольны горад” №25 ад 29 чэрвеня 2013 года) звесткі. Згодна пазоўнікаў, выкладзеныя ў артыкуле звесткі пра тое, што з імі не заключаны належным чынам працоўныя дамовы, даставілі ім маральныя пакуты. Разгляд справы ў судзе Крычаўскага раёна ажыццяўляла суддзя Антаніна Качанава, якая апытала пазоўнікаў і журналістаў “Вольнага горада”. Падчас апытання суддзёй пазоўнікі не змаглі адказаць, у чым заключаліся для іх маральныя пакуты і якім чынам газетны артыкул прынёс ім маральную шкоду. Рэдактар газеты Сяргей Няроўны ўпэўнены, што простыя работнікі -- гэта не сапраўдныя замоўнікі гэтага пазова, мэта іску -- прымусіць замаўчаць “Вольны горад”. Наступнае паседжанне было прызначана на 24 кастрычніка. У гэты дзень суд Крычаўскага раёна спыніў разгляд справы. Адпаведнае вызначэнне вынесла суддзя Антаніна Качанава, пасля таго, як супрацоўнікі Чэрыкаўскай ПМК-280 адмовіліся ад прэтэнзіяў да журналістаў газеты “Вольны горад”.

22 кастрычніка суд Крычаўскага раёна задаволіў іск КУП “Чэрыкаўская ПМК-280” да газеты “Вольны горад”. Суддзя Антаніна Качанава прыйшла да высновы, што журналісты ў артыкуле “З абвяржэннем пачакаем” дыскрэдытавалі кіраўніцтва прадпрыемства і падарвалі яго дзелавую рэпутацыю. Газета абавязана змясціць на сваіх старонках абвяржэнне змешчанай у артыкуле інфармацыі, тэкст абвяржэння падрыхтуе адміністрацыя прадпрыемства. Таксама журналісты газеты “Вольны горад” павінны кампенсаваць затраты Чэрыкаўскай ПМК-280 на паслугі адваката ў памеры 850 тысяч рублёў і аплаціць судовыя выдаткі ў суме 300 000 рублёў.

15 кастрычніка ў бабруйскім судзе прайшло другое пасяджэнне па справе блогера Алега Жалнова і ягонага сына Аляксея, якіх супрацоўнікі ДАІ абвінавачваюць у аказаннні супраціву і прымяненні ў адносінах да іх фізічнай сілы (арт. 23.4 КаАП РБ). Справу разглядала суддзя Наталля Чарапуха. Жалновы настойваюць на тым, што супраціўлення не аказвалі, а наадварот, самі сталі ахвярамі перавышэння паўнамоцтваў з боку супрацоўнікаў ДАІ. Наталля Чарапуха цікавілася ў Жалновых, ці даваў ім нехта дазвол на відэаздымку ля будынка ДАІ, на гэтым жа пытанні засяроджвалі ўвагу і “даішнікі”. Суддзя зрабіла перапынак да 23 кастрычніка, каб зрабіць запыт на неабходныя дакументы, але ў гэты дзень судовы працэс не працягнуўся ў сувязі з выяўленымі недапрацоўкамі ў пратаколе, які складаў маёр міліцыі Сяргей Рудзько, які не быў сведкам падзей, а складаў паперу па рапартах супрацоўнікаў ДАІ. Увечары 1 лістапада суддзя Наталля Чарапуха скончыла разгляд справы, прызнала Алега Жалнова вінаватым і пакарала штрафам памерам у 20 базавых велічынь.

24 кастрычніка прыкладна ў 07.10 у кватэру Алега Жалнова прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Работнікі Бабруйскага УУС – маёры Дзяніс Ракоўскі іСяргей Рудзько – праніклі ў памяшканне, калі яго жонка выходзіла. Разам з міліцыянтамі быў яшчэ адзін чалавек, які не назваў сябе, а таксама панятыя. У візітораў была пастанова на агляд «месца здарэння», падпісаны пракурорам горада Карапецянам. Агляд таксама санкцыянаваны двума намеснікамі начальніка Бабруйскага УУС – Віталём Харлапавым іАляксандрам Сяргеевым. Падставай для агляду стала заява маёра ДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкама Яўгена Сераштанава ў сувязі з размяшчэннем ў сетцы інтэрнэт у 2012-2013 гадах аўдыё- і відэаматэрыялаўы, якія зневажаюць яго гонар і годнасць і шкодзяць яго дзелавой рэпутацыі. Маёр лічыць, што дадзеныя матэрыялы былі размешчаны Алегам Жалновым і просіць распачаць супраць блогера крымінальную справу. Ператрус доўжыся 7 гадзін і скончыўся выманнем аргтэхнікі і сродкаў сувязі: вінчэсцераў, мадэму, смартфона, мабільнага тэлефона.

19 кастрычніка раніцай на платформе мінскага чыгуначнага вакзала міліцыя затрымала прэс-сакратара ГА "БАЖ" і журналіста часопіса "Абажур" Барыса Гарэцкага, журналістаў "Еўрарадыё" Алеся Пілецкага і Віталя Ругайна, фатографа Аляксандра Васюковіча, фотакарэспандэнта "Нашай Нівы" Сяргея Гудзіліна, журналістку Надзею Гацак, карэспандэнтаў БелаПАН Андрэя Корсака і Захара Шчарбакова, карэспандэнта "Радыё Свабода" Ягора Маёрчыка. Усе яны збіраліся асвятляць вяртанне ў Мінск былога палітвязня, палітыка і публіцыста Паўла Севярынца. Міліцыянты мэтанакіравана затрымлівалі журналістаў. Было відавочна, што прадстаўнікі прэсы прыйшлі асвятляць мерапрыемства, бо шмат у каго з іх была прафесійная апаратура. Журналісты мелі пры сабе журналісцкую тэхніку і рэдакцыйныя пасведчанні. Нягледзячы на гэта, усім журналістам супрацоўнікі міліцыі казалі пра іх “падазроны выгляд”. У пастарунку журналісты правялі каля гадзіны, пасля чаго вызвалены. Аперацыяй па затрыманні журналістаў кіраваў асабіста начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў. У памяшканні дзяжурнай часткі ён праверыў дакументы журналістаў і даў загад сваім падначаленым вызваліць іх. Без тлумчэння прычыны затрымання ён заявіў: “Усё, гуляйце!”.

29 кастрычніка побач са станцыяй метро Першамайская ў Мінску былі затрыманы незалежныя журналісты Аляксандр Баразенка і Марыя Арцыбашава. Журналістаў пры выкананні працоўных абавязкаў затрымалі супрацоўнікі Ленінскага РУУС і даставілі ў аддзяленне міліцыі, адкуль яны ў хуткім часе былі вызвалены.

Абмежаванне свабоды сходаў

2 кастрычніка сябры брэскага аддзялення АГП паведамілі, што гарвыканкам не дазволіў ім правядзення чатырох пікетаў супраць увядзення выязной пошліны. Гарвыканкам спаслаўся на тое, што заяўнікі альбо прапануюць для пікетавання месцы, якія непрыдатныя для правядзення масавых мерапрыемстваў, альбо не заключылі адпаведныя дамовы з камунальнымі службамі, міліцыяй і ўстановай аховы здароўя.

3 кастрычніка актывіст гарадскога прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Рыгор Грык паведаміў, што Баранавіцкі гарвыканкам забараніў пікет да Міжнароднага дня за годную працу і адпаведны заробак, які планаваўся 7 кастрычніка. Адмова падпісана намеснікам старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, які прычынай адмовы назваў невыкананне патрабавання рашэння гарвыканкама “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у г. Баранавічы” у частцы заключэння дамоваў на абслугоўванне пікета з міліцыяй, ЖКГ і бальніцай, што на практыцы немагчыма зрабіць.

3 кастрычніка актывісткі прафсаюза РЭП паведамілі, што ім адмоўлена ў правядзенні пікету. Жанчыны хацелі пратэставаць супраць дзеянняў адвакаткі Наталлі Захарчанкі і рашэння суддзі суда Ленінскага раёна Галіны Тарасавай з нагоды высялення іх з інтэрнату ААТ “Будаўнічы трэст №12” без прадастаўлення іншага памяшкання для пражывання. Пікет мусіў адбыцца 2 кастрычніка ў 100 метрах ад будынкаў судоў і пракуратуры, размешчаных на вуліцы Добралюбава, па ходу руху пешаходаў у бок пазначаных будынкаў ад прыпынку грамадскага транспарту “Політэхнікум”. Падставай для адмовы пікета стала неадпавяднае месца правядзення масавага мерапрыемства. Паводле адказу чыноўніка з гарвыканкаму, у горадзе масавыя мерапрыемствы дазволена праводзіць толькі на пляцоўцы каля стадыёна “Хімік” па адрасе вул. Чалюскінцаў. Святлану Іванюшаву і Іну Цярэлю адміністрацыя інтэрната будтрэста №12 выкінула на вуліцу з дзецьмі 4-х і 16-ці год. Падчас разгляду справы ў судзе жанчыны падпісалі міравое пагадненне з будаўнічым трэстам. Суддзя Тарасава і адвакатка Захарчанка сказалі, што для іх гэта не будзе мець ніякіх адмоўных наступстваў, аднак вынікам стала канчатковае высяленне жанчын з інтэрнату.

6 кастрычніка Гарадзенскі гарвыканкам не даў дазволу праваабаронцам Віктару Сазонаву, Уладзіміру Хільмановічу і Раману Юргелю правесці інфармацыйны пікет 10 кастрычніка, у сусветны дзень змагання супраць смяротнага пакарання. Чыноўнікі ў афіцыйным лісце за подпісам намесніцы старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Алены Агей паведамілі: “…в своём заявлении вы должны были сообщить, будет ли массовое мероприятие проводиться с использованием пиротехнических изделий и открытого огня…”. Другая прычына адмовы ў тым, што, зыходзячы з адказаў аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна, гарадзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі і гарадской станцыі хуткай дапамогі на адпаведныя запыты, гарвыканкам прыйшоў да высновы, што заяўнікі не ў стане выканаць патрабаванні заканадаўства. На чым юрыдычна грунтуецца гэтае сцверджанне – не растлумачана.

8 кастрычніка праваабаронца Аляксей Лапіцкі атрымаў праз Галоўпаштампт замоўную карэспандэнцыю з Жодзінскага гарвыканкаму, у якой ўтрымлівалася інфармацыя пра адмову ў дазволе на правядзенне пікету ў дзень "Супраць смяротнага пакарання" 10 кастрычніка. Афіцыйны ліст быў падпісаны намеснікам старшыні Жодзінскага гарвыканкаму Юрыем Шарагам. Згодна з лістом, выканкам нават не разглядаў заяўку па сутнасці з-за адсутнасці далучаных да яе дамоў з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі. Аднак, дадзеныя дамовы атрымаць не ўяўляецца магчымым, што пацьвердзілі адказы з дадзеных устаноў на папярэднюю заяўку на правядзенне ў Жодзіне масавага мерапрыемства, якое планавалася 4 жніўня. Аказалася, што дадзеныя ўстановы проста не маюць практыкі заключэння дамоваў з грамадзянамі, таму адмаўляюць у іх афармленні.

10 кастрычніка бярозаўскія праваабаронцы і грамадскія актывісты паведамілі пра атрыманне з райвыканкама за подпісам намесніка старшыні райвыканама Віктара Міхнюка адмовы на правядзенне пікету ў дзень супраць смяротнага пакарання. Адмова матывавана адсутнасцю дамоў з міліцыяй, бальніцай і жыллёва-камунальнавй службай. Пры гэтым праваабаронцы 25 верасня адпаведныя заявы падалі ў Бярозаўскі РАУС, бальніцу і ЖКГ. З міліцыі атрымалі адказ, што паводле Пастановы Савета міністраў ад 2012 года № 207 райвыканкам павінен даслаць да іх копію зарэгістраванай заявы на пікет (чаго райвыканкам не зрабіў) і толькі тады можа быць абмеркавана з райвыканкамам дзеянні міліцыі пад час пікету.

10 кастрычніка ў Першамайскім райсудзе Віцебска адбыўся разгляд скаргі абласнога каардынатара руху "За свабоду" Хрыстафора Жаляпава і прадстаўніка аргкамітэту па стварэнні партыі "Народная Грамада" Аляксея Гаўруцікава на забарону пікету 8 вераснясупраць размяшчэння расійскіх вайсковых баз. Заяўнікі прасілі суд абавязаць раённыя ўлады даць дазвол на правядзенне акцыі такой самай тэматыкі ў іншы час. З раённай адміністрацыі даслалі паперу, што просяць суд разгледзець скаргу ў іх адстутнасць, і суддзя Вольга Іванова не ўбачыла ніякіх прычынаў, каб абавязаць чыноўнікаў даць нам дазвол у наступны раз. Не прыйшлі на суд і прадстаўнікі Віцебскай абласной управы МУС, а менавіта з гэтай структурай арганізатары не змаглі заключыць дамову на абслугоўванне акцыі, як патрабуе адпаведнае рашэнне Віцебскага гарвыканкаму. У абласной управе дачакаліся, пакуль з раённай адміністрацыі заяўнікам дадуць адмову з-за адсутнасці пацвярджэння на аказанне імі паслугаў па ахове пікету, а потым даслалі свой адказ – маўляў, якая цяпер дамова, калі вам усе адно забаронена. У Першамайскі райсуд з'явіліся толькі прадстаўнікі цэнтральнай гарадской паліклінікі, з якой актывісты таксама не змаглі заключыць дамову. У судзе было заяўлена, што ў выходныя хуткая дапамога бывае празмерна занятая. Суддзя адхіліла просьбу заяўнікаў абавязаць адказныя структуры заключыць дамовы і не ўбачыла падставаў, каб вынесці прыватнае вызначэнне наконт таго, што рашэнне гарвыканкаму невыканальнае, бо парушана рацыянальная паслядоўнасць атрымання дазволу на масавыя акцыі. У выніку суд пакінуў скаргу без задавальнення.

11 кастрычніка гарадзенскі актывіст Алег Калінкоў атрымаў адмову на сваю заяўку аб правядзенні 20 кастрычніка ў Гродна вулічнага шэсця з мэтай выказвання пратэсту супраць фальсіфікацый на выбарах і агітацыі за сумленныя выбары за подпісам намесніцы старшыні гарвыканкаму Алены Агей. У заяўцы была пазначана колькасць удзельнікаў мерапрыемства – адзін чалавек. Прычыну адмовы гарвыканкам тлумачыць найперш тым, што заяўнік падаў маршрут шэсця ў цэнтры гораду, у тым ліку праз плошчу Савецкую, а ў гэтым месцы правядзенне мерапрыемстваў не па рашэнні дзяржаўных органаў не дазваляецца. Чыноўнікі таксама звярнулі ўвагу на тое, што заяўнік не выканаў патрабаванняў заканадаўства, не паведаміўшы ўсе патрэбныя звесткі, пры тым не тлумачачы, што канкрэтна не ўказаў Алег Калінкоў у сваёй заяве.

15 кастрычніка з Чыгуначнай раённай адміністрацыі за подпісам намесніцы старшыні адміністрацыі Наталлі Ляпёшкінай прыйшлі дзве адмовы на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Віцебскім праваабаронцам было адмоўлена ў правядзенні пікета 19 кастрычніка, прысвечанага тэме смяротнага пакарання ў Беларусі. Пікет да 25-х угодкаў утварэння БНФ збіраліся правесці віцебскія актывісты Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Ян Талпыга і Ян Дзяржаўцаў, але таксама атрымалі адмову. Прычына адмоваў і праваабаронцам, і партыйцам аднолькавая – адсутнасць дамоў на абслугоўванне акцый з міліцыяй, службай ЖКГ і медыкамі. Наяўнасць такіх дамоваў яшчэ да атрымання ўласна дазволу на акцыю рэгламентавана рашэннем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску». Актывісты лічаць, што яно супярэчыць дзеючаму заканадаўству, і неаднаразова прасілі ўнесці змены ў гэтае рашэнне, бо адказныя структуры адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з імі, пакуль не атрыманы дазвол ад уладаў.

22 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёну г. Магілёва пад старшынством суддзі Валянціны Лапацінай адбыўся разгляд скаргі праваабаронцаў Барыса Бухеля і Аляксея Колчына на рашэнне Магілёўскага гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”. Гэтым рашэннем гарвыканкам яшчэ ў 2007 годзе вызначыў адзінае ўва ўсім горадзе месца для правядзення тых масавых мерапрыемстваў, што арганізуюцца палітычнымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі, прафсаюзамі і грамадзянамі. Гэта – стадыён па адрасе: вуліца Чалюскінцаў, 64В; ён знаходзіцца далёка ад цэнтральных вуліц гораду ў малалюдным месцы і, відавочна, не з’яўляецца зручным для правядзення масавых акцый. Праваабаронцы ў сваёй скарзе прасілі адмяніць рашэнне гарвыканкаму на падставе таго, што яно супярэчыць Закону аб масавых мерапрыемствах, Канстытуцыі, і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Суд не прыняў довады заяўнікоў да ўвагі і адмовіў ім у задавальненні скаргі.

28 кастрычніка Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў атрымалі адмову з адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска на заяўку аб правядзенні 29 кастрычніка пікету салідарнасці з палітвязнямі. Пікет быў прызначаны на будзённы дзень, бо перадапошнім разам актывістам не ўдалося заключыць дамову на абслугоўванне акцыі з медыкамі. З цэнтральнай гарадской паліклінікі адказалі, што ў выходныя няма магчымасці арганізаваць дзяжурства машыны хуткай дапамогі, бо іх на працы і так нямнога. На гэты раз медыкі адмовілі ўжо без указання прычын – проста напісалі, што немагчыма заключыць дамову. З міліцыі заяўнікі ўвогуле не дачакаліся адказу. З усіх адрасатаў станоўчы адказ быў атрыманы толькі ад структуры ЖКГ. Папярэдняе заключэнне дамоваў на абслугоўванне акцый рэгламентавана рашэннем гарвыканкаму, і яго невыкананне стала прычынай для адмовы ў пікеце.

Абмежаванне свабоды асацыяцый

13 кастрычніка сябра Беларускага незалежнага прафсаюза Леанід Дубаносаў паведаміў, што ён не можа дамагчыся аднаўлення на працы на прадпрыемстве “Граніт”. На РУВП “Граніт” Дубаносаў адпрацаваў амаль 20 гадоў і гатовы працягнуць сваю дзейнасць, бо мае шэраг запатрабаваных на прадпрыемстве спецыяльнасцяў. Пасля таго, як у судзе па справе наконт ягонага аднаўлення на працы юрыст “Граніта” заявіў, што кантракт з прафсаюзным актывістам не быў працягнуты зусім не на падставе яго сяброўства ў незалежным прафсаюзе, Л. Дубаносаў пайшоў на прыём да генеральнага дырэктара Эдуарда Гаўрылковіча. Ён нагадаў, што можа працаваць не толькі экскаватаршчыкам. Аднак кіраўнік адміністрацыі “Граніта” катэгарычна адмовіў у тым, каб актывіст зноў уладкаваўся на працу на гэтым прадпрыемстве. Леанід Дубаносаў адзначыў, што на “Граніце” адчуваецца недахоп рабочых кадраў, таму адмову ў працаўладкаванні ён расцэньвае як дыскрымінацыю ў сувязі з удзелам у незалежным прафсаюзным руху. 

З 14 кастрычніка двое лідараў арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода пачалі галадоўку на працоўных месцах. Да галадоўкі Юрыя Швеца, які першы распачаў акцыю, далучыўся ягоны намеснік - Васіль Альхоўскі. Працаўнікі МНПЗ абвясцілі трохдзённую галадоўку пасля несправядлівага звальнення пяцёх актывістаў БНП, з якімі не прадоўжылі тэрміновыя працоўныя кантракты. Ціск на сябраў альтэрнатыўнага прафсаюзу з боку адміністрацыі не спыняецца з 2008 года.

16 кастрычніка ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы адбыўся папярэдні разгляд скаргі грамадскага актывіста Мікалая Чарнавуса на дзеянні начальніка ўпраўлення эканомікі Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта Раісы Уласовіч. Судовае пасяджэнне вёў суддзя Мікалай Сельмановіч. Справа датычыць неаднаразовых адмоваў у прадастаўленні памяшкання для грамадскага аб’яднання баранавіцкіх украінцаў “Кабзар”, нягледзячы на на інфармацыю з афіцыйнага сайта Баранавіцкага гарвыканкама аб наяўнасці вольных памяшканняў. У сваім пазове Мікалай Чарнавус прасіў суд абавязаць Баранавіцкі гарвыканкам выдзяліць адно з вольных памяшканняў для арганізацыі. Паколькі адказнік Раіса Уласовіч у суд не прыйшла, то суддзя перанёс судовае пасяджэнне на 24 кастрычніка. У гэты дзень інтарэсы дзяржаўнага органа ў судзе прадстаўляў начальнік юрыдычнай службы гарвыканкама Алег Яўсееў. Ён заявіў, што ГА “Кабзар” не ўваходзіць у спіс арганізацый, якія могуць прэтэндаваць на бясплатную ўласнасць. Суддзя не задаволіў скаргу М. Чарнавуса і прызнаў, што гарвыканкам дзейнічаў у адпаведнасці з законам.

23 кастрычніка Брэсцкім абласным судом не была задаволена скарга грамадскага актывіста Аляксандра Кузьміна з Белаазёрска на дзеянні пракурора Бярозаўскага раёна і пракурора Брэсцкай вобласці. Суддзя Алена Кавальчук падтрымала рашэнне пракурораў, якія вынеслі яму папярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізцыі -- кампаніі “Гавары праўду”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international