Ігар Пастноў падаў заяўку на пікет супраць гвалтоўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі

2013 2013-12-16T15:19:30+0300 2013-12-16T15:19:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pastnou-igar-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пастноў, доктар з Віцебску

Ігар Пастноў, доктар з Віцебску

Віцебскі ўрач вырашыў прыцягнуць увагу землякоў да гэтай праблемы, бо выпадкі гвалту і неапраўданай жорсткасці з боку міліцыянтаў у Беларусі пачасціліся. І Віцебск – не выключэнне: Ігар Пасноў згадвае некалькі падобных выпадкаў.

Заяўка пададзена ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну. Дата пікета, на які Ігар Пастноў просіць дазвол, - 20 студзеня. Аднак ён кажа, што згодны на любы іншы выходны дзень, калі ў гэты ёсць нейкія перашкоды:

"Я напісаў, што хачу правесці пікет у парку Мазурына, гэта афіцыйна вызначанае месца для масавых акцый. У выходныя там ёсць людзі, якія прыязжаюць адпачываць, катацца на лыжах. Пікет будзе аднаасобны – я буду стаяць адзін, з плакатам "Ачысцім міліцыю ад асобаў, схільных да гвалту і садызму". А яшчэ – з жалобным вянком і чорным адзенні, бо гэта "пікет-рэквіем". Рэквіем па ахвярах міліцыі, якія пацярпелі або нават загінулі праз міліцэйскі гвалт. Я лічу, што праблема гэтая – надзённая і вострая, і што ўлады абавязаны даць дазвол на такую акцыю, бо ігнараваць гэтую праблему проста нельга".

Ігар Пастноў згадвае некалькі трагічных выпадкаў. Адзін з іх – інцыдэнт з ягоным калегам, калі ў 2006 годзе хірург Андрэй Дробыш быў збіты супрацоўнікамі міліцыі пасля затрыманьня на вуліцы нібыта за лаянку. Дамагчыся, каб распачалі крымінальную справу, удалося толькі праз 2 гады, працэс быў закрыты. У судзе Андрэй Дробыш распавёў, што дапамагаў на вуліцы падняцца чалавеку. А калі прыехаў патруль, міліцыянты яго аблаялі. Ён выказаў абурэнне, і яго затрымалі, білі ў аўтамабілі, потым у пастарунку. Міліцыянты Раман Шушко і Анатоль Маханькоў віну не прызнавалі, казалі, што затрыманы нібыта сам лез біцца, і пашкоджанні нанёс сабе сам, падскокваючы на лаве ў кайданках. 6 студзеня 2008 года судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду вынесла прысуд міліцыянтам - 4 гады пазбаўлення волі.

Згадвае Пастноў і даўнейшы выпадак: як міліцыянтаў з таго ж Кастрычніцкага райаддзелу асудзілі за забойства студэнта медінстытута Аляксандра Баранава. А таксама прыводзіць апошні прыклад, калі віцебскі палітык Сяргей Рыжоў паскардзіўся супрацоўнікам Следчага камітэту на збіццё ў выцвярэзніку 16 лістапада гэтага году, і як пасля гэтага на яго завялі адміністрацыйную справу нібыта за непадпарадкаванне міліцыянтам – супрацоўнікам выцвярэзніку.

"Гэта вострая праблема. Як урач-псіхіятр я адкрыта кажу: людзі, схільныя да жорсткасці ды садызму, не мусяць працаваць у міліцыі! У заяўцы я напісаў, што хачу правесці аднаасобны пікет, што бяру на сябе абавязкі прыбраць тэрыторыю пасля акцыі, што я сам урач, і магу аказаць медычную дапамогу – як прысутным, так і самому сабе. А што да аховы, дык міліцыі на маім пікеце і так павінна быць нямала – гэта ж іхная праблема найперш! Я асабіста запрашу міліцыю і абавязкова – міліцэйскую прэсавую службу! А вось калі мне не дазволяць гэты пікет – гэта і будзе сапраўдная пазіцыя нашых уладаў, якая не дае рэалізаваць мае грамадзянскія правы і не хоча заўважаць наяўнасці самой праблемы!" – гаворыць Ігар Пастноў.

Зрэшты, ён не выключае і іншага развіцця падзеяў – што пасля заяўкі на такую акцыю ён можа зноў апынуцца на прымусовым псіхіятрычным лячэнні з "абвастрэннем хваробы". Так ужо было ў жніўні гэтага года: неўзабаве пасля чарговага відэавыступу ў інтэрнэце з крытыкай абласных уладаў і стану медычных установаў вобласці Ігара Пастнова проста з працы забралі ў віцебскі абласны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі, суд у ягоную адсутнасць і ў адсутнасць адваката санкцыянаваў для яго прымусовае лячэнне, а ўрачы абмежавалі ўсе наведванні пацыента, у тым ліку з сябрамі і праваабаронцамі. Пасля гэтага Ігар Пастноў пачаў дабівацца зменаў у законе "Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі", які абмяжоўвае правы пацыентаў і ставіць іх у цалкам залежнае ад медыкаў становішча.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international