viasna on patreon

Гомель: праваабаронцу, з якім не працягнуты кантракт, не дазвалялі працаваць

2013 2013-12-16T15:14:22+0300 2013-12-16T15:14:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paplauny_ablsud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Анатоль Паплаўны ля Гомельскага аблсуду

Праваабаронца Анатоль Паплаўны ля Гомельскага аблсуду

Гомельскаму праваабаронцу Анатолю Паплаўнаму, які працуе слесарам на ЧУП «Віпра», у суботу 14 снежня кіраўніцтва не дазваляла працаваць і патрабавала пакінуць працоўнае месца. На прадпрыемстве 12 снежня з'явілася аб'ява, што працоўны дзень з 31 снежня пераносіцца на 14 снежня, суботу. «Я прыйшоў на працу, прыступіў да выканання сваіх абавязкаў. Але прыйшоў начальнік інструментальнага цэху і пачаў патрабаваць, каб я пакінуў працоўнае месца. Маўляў, ты не павінен працаваць, таму што ў цябе 27 снежня заканчваецца тэрмін кантракту. Начальнік цэху нават прынёс мне на подпіс акт, што я не павінен працаваць і знаходзіцца на працоўным месцы 14 снежня», - распавёў праваабаронца. На месца канфлікту прыйшла нават супрацоўніца аддзелу кадраў, якая здымала для нечага Анатоля Паплаўнага на фотаапарат.

Справа ў тым, што днямі адбудзецца суд па грамадзянскаму зыску праваабаронцы да прадпрыемства. «Я ўпэўнены, што каб я не выйшаў на працу 14 снежня, мяне б ужо сёння, у панядзелак, звольнілі бы з працы за прагул. Кіраўніцтва шукае нейкія хібы ў маёй працы, каб потым выйграць зыск у судзе», - лічыць Анатоль Паплаўны.

Ён сёння занёс заяву дырэктару прадпрыемства аб тым, што начальнік цэху і іншыя асобы парушалі заканадаўства, у прыватнасці, Працоўны кодэкс і працоўны кантракт, дзе гаворыцца, што ніхто не мае права перашкаджаць працаваць. Таксама праваабаронца звярнуў увагу на здымкі яго без дазволу на працоўным месцы. Ён просіць дырэктара прыцягнуць вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці.

Нагадаем, Анатоль Паплаўны пяць гадоў адпрацаваў слесарам на прадпрыемстве «Віпра», ніякіх спагнанняў не меў за гэты час. Аднак атрымаў папярэджанне, што кантракт з ім не будзе працягнуты. А дырэктар прадпрыемства Ігар Шчыгельскі нават напісаў у папярэджанні аб звальненні: «Дзякуем за добрасумленную працу!».

Зараз праваабаронца праз суд будзе дамагацца, каб яго звольнілі, але не па ўзгадненні бакоў, як таго хоча дырэктар, бо ў такім выпадку супрацоўнік не атрымае кампенсацыі.

«Праблемы ў мяне пачаліся з прыходам новага дырэктара. Прычым у шчырай прыватнай гутарцы дырэктар мне адкрыта сказаў, што ён робіць гэта на просьбу супрацоўніка КДБ. Дырэктар мне патлумачыў: маўляў, ты ж разумееш, я хачу тут застацца працаваць і не хачу, каб з-за цябе былі праблемы», - пракаментаваў Анатоль Паплаўны.

Ён за сваю дзейнасць не раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, летам 2011 году падчас маўклівых акцыяў пратэсту быў вымушаны адбыць у ІЧУ 15-суткавы адміністрацыйны арышт. Заўсёды браў актыўны ўдзел у назіранні на выбарах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства