У Дзень правоў чалавека - пра права на жыццё

2013 2013-12-11T13:35:11+0300 2014-10-31T14:53:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paluda-i-kavaliova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Любоў Кавалёва і Андрэй Палуда

Любоў Кавалёва і Андрэй Палуда

10 снежня традыцыйна адзначаецца як Дзень правоў чалавека. З гэтай нагоды Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава сумесна з Пасольствам Каралеўства Нідэрландаў у Літве правялі ў Вільні дыскусію па пытанні сістэмы крымінальнага правасуддзя і смяротнага пакарання ў Беларусі.

У межах мерапрыемства быў праведзены паказ  дакументальнага фільма “Прычына смерці - прочырк” , які распавядае пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Аўтары фільма імкнуліся паказаць гледачам працэдуру пакарання і пакуты сваякоў тых, хто быў асуджаны на смерць. Гераіняй фільма стала маці Андрэя Жука, расстралянага ў сакавіку 2010 года. Святлана Жук даведалася пра смерць сына, калі прывезла яму чарговую перадачу. Яе не прынялі, а ахоўнік толькі сказаў: “Не шукайце яго нідзе. Адбыў па месцы выканання прысуду”. Так Святлана Жук зразумела, што сына ўжо расстралялі. Такія неканкрэтныя фармулёўкі, як зазначыў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда, разам з іншымі фактарамі ўплываюць на распаўсюджанне плётак і міфаў і недахоп праўдзівай інфармацыі пра такі від пакарання.

Таксама цікаўнасць выклікаў і анімацыйны фільм "Выканаўца", прэзентацыя якога ў Беларусі плануецца 21 снежня ў горадзе Магілёве.

Пасля прагляду фільма адбылася дыскусія з каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэем Палудам і маці расстралянага па абвінавачанні ў арганізацыі тэракту ў мінскім метро Уладзіслава Кавалёва – Любоўю Кавалёвай (на фота) .

Любоў Кавалёва распавяла пра акалічнасці справы абвінавачаных у арганізацыі тэракту Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва: да абвінавачаных цягам доўгага часу не дапускаліся адвакаты і родныя, іх катавалі, а сам судовы працэс выклікаў сумнёвы ў праваабаронцаў і грамадства. Так, амаль 50 тысяч карыстальнікаў інтэрнэту выказаліся за тое, каб падазраваным у выбухах пакінуць жыццё. Але гэта ніяк не паўплывала на далейшы лёс хлопцаў, якіх расстралялі ў сакавіку 2012 года.

У сваім змаганні за жыццё сына Любоў Кавалёва прайшла ўсе магчымыя інстанцыі ў Беларусі, неаднаразова звярталася асабіста да Аляксандра Лукашэнкі, патрабуючы аб'ектыўнага разгляду крымінальнай справы. Спадарыня Кавалёва звярталася і ў міжнародныя інстанцыі. Паводле яе звароту, Камітэт па правах чалавека ААН вырашыў, што ў дачыненьні да Уладзіслава Кавалёва былі парушаныя права на жыццё і абарону, прэзумпцыя невінаватасці і справядлівага судовага разбіральніцтва, права перагляду судовага рашэння.

“Любоў Кавалёва ў гэтым пытанні дастаткова ўнікальны чалавек –  яна так зацята змагалася, адстойвала правы свайго сына. Праз яе жывыя сведчанні людзі могуць адчуць праблематыку і глыбіню тэмы. Для самой Любові гэта заўседы вельмі цяжка, але людзі, якія чуюць такія сведчанні, пачынаюць па-іншаму глядзець, разумеюць, што гэта не дзесьці там, недасяжна, а што гэта актуальна і пры такой судовай сістэме прочыркам, як у фільме, можа стаць хто заўгодна”, - распавёў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда.

Спадар Палуда (на фота) таксама прадставіў дзейнасць кампаніі і адзначыў ролю падобных мерапрыемстваў у барацьбе за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі: “Гэта не толькі беларуская праблема.  Беларусь геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і з’яўляецца своеасаблівай крывавай плямай на мапе Еўропы. Для таго, каб кантынент быў вольны ад смяротнага пакарання, у Беларусі яно павінна быць спынена. Таму важнай часткай барацьбы за яго адмену з’яўляецца праца на міжнародным узроўні.  Міжнароднае меркаванне, міжнародныя перамовы маюць вялікі ўплыў і адыгрываюць значную ролю ў нашай працы”.

***
Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з 1991 году ў Беларусі пакаралі смерцю каля 400 чалавек. У Беларусі афіцыйна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра колькасць вынесеных і прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў, хаця Беларусь, як чалец АБСЕ, абавязаная «прадстаўляць грамадзкасці інфармацыю адносна ўжывання смяротнага пакарання».

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international