СК "не бачыць падставаў" для пакарання персаналу магілёўскай калоніі за катаванні

2013 2013-12-10T12:17:09+0300 2013-12-10T12:22:34+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sledchy_kamitet-shylda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінчанка Людміла Кучура, чый муж у ПК-15 горада Магілёва падвяргаўся катаванням хлоркай, атрымала адказ з Следчага камітэта РБ на скаргу, у якой прасіла распачаць крымінальную справу па гэтым факце.

Начальнік галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю СК РБ Міхаіл Алёшкін паведамляе Людміле Кучуры пра тое, што "падставаў для правядзення праверкі па Вашым звароце ў парадку крымінальна-працэсуальнага заканадаўства органамі Следчага камітэта няма". Прымаючы такое рашэнне, СК не праводзіў ніякай праверкі, нягледзячы на тое, што заяўніца прасіла пра гэта, і спаслаўся на прыкладзенае да скаргі рашэнне пракуратуры Магілёўскай вобласці ад 13.11.2013г., у якім паведамляецца, што «ў сувязі з Вашай скаргай праводзілася праверка ўстаноўленага парадку адбыцця Кучурам П.К. пакарання, а таксама ўмоваў яго ўтрымання ў ПК-15. Якіх-небудзь парушэнняў, у тым ліку фактаў, якія пацвярджаюць здзяйсненне службовымі асобамі папраўчай установы ў дачыненні да Кучуры П.К. злачынства, у ходзе праверкі не выяўлена».

На думку праваабаронцаў, у дадзеным выпадку назіраецца змяшчэнне акцэнту следчым органам, паколькі ранейшая пракурорская праверка, па сутнасці, не была накіраваная на ўстанаўленне факту атручвання Пятра Кучуры хлорам і наступстваў гэтага атручвання.

Акрамя таго, довады заяўніцы пра тое, што ДВП МУС (туды Упраўленне СК па Магілёўскай вобласці «адфутболіла» яе папярэднюю скаргу) не ўпаўнаважаны разглядаць паведамленні пра злачынствы, учыненыя службовымі асобамі органаў унутраных справаў у сувязі з іх службовай дзейнасцю, прадстаўнік СК РБ Міхаіл Алёшкін у сваім адказе праігнараваў.

Праваабаронцы з ПЦ "Вясна", якія дапамагалі Людміле Кучуры ў падрыхтоўцы скаргі, лічаць, што ў дадзенай сітуацыі, далейшая перапіска з органамі следства бессэнсоўная, таму наступны зварот будзе накіраваны ўжо ў суд.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства