Разьвітальная сустрэча

2013 2013-12-09T17:05:14+0300 2013-12-09T17:05:14+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”. Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

10 сакавіка 2013 г., Бабруйск

Улетку 2011 года скончыліся паўнамоцтвы ў Часовага Паверанага ў справах ЕС у Беларусі Жана-Эрыка Хольцапфеля. Ён быў першым прадстаўніком Еўразьвязу ў Беларусі. Памятаю, як гадоў зь дзесяць таму грамадскія і палітычныя актывісты ўздымалі пытаньне адкрыцьця прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. З Бруселя спачатку скептычна глядзелі на гэтую ініцыятыву. Беларускія ўлады таксама былі не ў захапленьні ад яе. Але паступова справы неяк пайшлі. Паспрыяла гэтаму далучэньне да Еўразьвязу нашых суседзяў — Польшчы, Літвы і Латвіі, з аднаго боку, і зацікаўленасьць у крэдытах, эканамічнай дапамозе, спадзяваньне на дарэмшчыну — з другога.

Праца французскага дыпламата, які прадстаўляў Еўразьвяз у Беларусі, была няпростая. На ягоную кадэнцыю прыпаў час пошукаў шляхоў да супрацы, затым перыяд пацяпленьня ў стасунках паміж Еўразьвязам і Беларусьсю ў 2009–2010 гадах і перыяд рэзкага пагаршэньня адносінаў, зьвязаны з выбарамі ў сьнежні 2010 года. Гэты перыяд скончыўся непрызнаньнем выбараў з боку ЕС, зьяўленьнем палітзьняволеных, вялікім сьпісам неўязных у Еўразьвяз беларускіх чыноўнікаў, гнеўнымі абвінавачваньнямі, якія гучалі з абодвух бакоў. Усе гэтыя хістаньні і ваганьні адбыліся літаральна за тры гады.

Разьвітальная сустрэча з Часовым Павераным у справах ЕС у Беларусі праходзіла ў Доме дружбы на Захарава. На ёй былі прадстаўнікі афіцыйных уладаў, палітычнай апазіцыі, няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і журналісты. Як заўсёды, на такога кшталту сустрэчах запрошаная беларуская публіка была падзелена на дзьве часткі. З аднаго боку групаваўся афіцыёз, з другога — дэмакраты. Пераходным зьвяном паміж імі былі прадстаўнікі культуры ды дыпламаты розных замежных краінаў, якія з прафесійным уменьнем размаўлялі і з аднымі, і з другімі.

Афіцыйная частка — разьвітальнае слова Жана-Эрыка Хольцапфеля і прамова некага з намесьнікаў міністра замежных спраў Беларусі — прайшла ў вялікай зале прыёмаў. Затым нефармальная частка сустрэчы перамясьцілася ў дворык Дома дружбы, на газон зь зялёнай травою, дзе можна было што-небудзь зьесьці, а самае істотнае — сустрэцца і паразмаўляць з тымі, да каго сьпецыяльна не дайшоў дзеля занятасьці. Мае калегі з іншых няўрадавых арганізацыяў ужо былі ў курсе маіх праблемаў. “Як у цябе справы?” — пацікавіўся адзін вядомы сацыёлаг. “Яшчэ на свабодзе”, — адказаў я. “Гм”, — няпэўна гмыкнуў ён. “Алесік, — спыталася добрая мая прыяцелька Жанна, — скажы, чым мы табе можам дапамагчы?” — “Я вельмі люблю сухафрукты, — адказаў я, — курагу, разынкі, чарнасьліў, і гарэшкі таксама перадавайце”. Мы пасьмяяліся.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international