Менскі абласны суд часткова задаволіў скаргу салігорскага актывіста Ўладзімера Шылы на рашэньне мясцовага суду

2007 2007-05-04T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла Радыё Свабода, 4 траўня ў Менску абласны суд часткова задаволіў скаргу салігорскага актывіста Ўладзімера Шылы на рашэньне мясцовага суду. 27 сакавіка той аштрафаваў апазыцыянэра на 22 базавыя велічыні. Актывіста затрымлівалі напярэдадні Дня Волі.

Разглядала справу судзьдзя Раіса Трубач. Яна паведаміла, што салігорскі суд прызнаў Уладзімера Шылу вінаватым у дробным хуліганстве. Актывіст расказвае, што адбывалася 23 сакавіка:

“Я ўвечары выйшаў па справах з дому, і мяне ўжо чакалі ў машыне. Я не адразу заўважыў, таму што ня мог паверыць, што гэта будзе адбывацца за два дні да дазволенай акцыі. За мной пагналіся людзі ў цывільным. Я вырашыў, што за лепшае будзе схавацца ў краме, дзе ёсьць сыстэма відэаназіраньня.

Я выклікаў на дапамогу свайго малодшага сына Ільлю, каб той быў хаця б нейкім сьведкам. Потым мяне абвінавацілі, што я ішоў па вуліцы й брыдка лаяўся. Гэта няпраўда, гэта было прэвэнтыўнае затрыманьне. Яшчэ мяне абвінавацілі ў тым, што я аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі”, — апавёў Шыла.

За лаянку салігорскі суд аштрафаваў спадара Шылу на 62 тысячы рублёў, а за непадпарадкаваньне міліцыянтам — даў удзесяцёра большы штраф.

На паседжаньні абласнога суду актывіст выказаў з гэтым нязгоду. Аднак яго аргумэнты, што ён не брыдкасловіў, судзьдзю не пераканалі. А вось абвінавачаньне ў непадпарадкаваньні міліцыянтам выклікала ў спадарыні Трубач сумнеў, што й выявілася ў судовым рашэньні.

“Разгледзеўшы справу і абмеркаваўшы скаргу, прымаю рашэньне аб адмене дадзенай пастановы”, — заявіла судзьдзя.

Судзьдзя паведаміла, што справу пра непадпарадкаваньне міліцыянтам накіруюць у салігорскі суд на перагляд.

Уладзімер Шыла так пракамэнтаваў сёньняшнія рашэньні абласнога суду:

“Мне вельмі шкада, што я, паводле рашэньня суду, усё-такі брыдка лаяўся. Але, тым ня менш, я ўдзячны судзьдзм, што па другой справе, другім пратаколе справа накіраваная на перагляд. Будзем змагацца”.

На паседжаньні абласнога суду прысутнічалі паплечнікі Ўладзімера Шылы. Сярод іх намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч:

“Гэта адна зь дзясяткаў ці нават сотняў справаў, калі людзей абвінавачваюць у тым, чаго не было насамрэч. Найчасьцей абвінавачваюць у тым, што яны лаяліся. Гэтая справа таксама паказвае, што адзін з нашых мясцовых актывістаў Уладзімер Шыла быў незаслужана пакараны”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international