Віцебскі абласны суд забарону пікету лічыць законнай

2013 2013-12-06T21:40:01+0300 2013-12-06T21:40:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/victbsk-ablasny-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў спрабавалі аспрэчыць рашэнне Кастрычніцкага райсуду, куды звярталіся пасля атрыманай забароны на шэсце і мітынг салідарнасці з Ігарам Пастновым. Абласны суд адхіліў скаргу, пагадзіўшыся з райсудом. Віцебскія актывісты лічаць, што іх права на мірныя сходы парушыў спачатку гарвыканкам, які вынес забарону, потым раённы суд, які прызнаў гэтую забарону законнай, а цяпер яшчэ і абласны суд.

Усе гэтыя тры інстанцыі аргументавалі сваю пазіцыю, абапіраючыся на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму аб правядзенні масавых акцый, гаворыць Аляксей Гаўруцікаў:

"28 верасня мы збіраліся правесці шэсце і мітынг салідарнасці з урачом Ігарам Пастновым, які на той час знаходзіўся на прымусовым псіхіятрычным лячэнні. Хацелі выказаць пратэст супраць выкарыстання псіхіятрычных медычных установаў супраць грамадзянаў, якія выказваюць сваю нязгоду з уладамі. Але атрымалі забарону ад гарвыканкаму – маўляў, мы не прыклалі дамовы на абслугоўванне акцый, што патрабуецца ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкаму. Але ў тым рашэнні не згадваюцца шэсці – толькі пікеты і мітынгі. Адпаведна, у нас быў шанец атрымаць дазвол без уліку гэтага рашэння. Аднак чыноўнікі вырашылі іначай, Кастрычніцкі райсуд падтрымаў гэтае рашэнне. І пастанавіў, што нам адмоўлена ў правядзенні акцый на законных падставах. Цяпер і абласны суд падтрымаў гэтую пазіцыю".

Аляксеё Гаўруцікаў падкрэслівае, што рашэнне гарвыканкаму № 881 "Аб масавых мерапрыемствах у Віцебску" практычна невыканальнае, і што менавіта яно – галоўная перашкода, каб скарыстацца правам на арганізацыю масавых акцый:

"Усе нашы ранейшыя спробы напярэдадні пікетаў ці мітынгаў заключыць дамовы з адказнымі структурамі сканчваліся крахам. Ні міліцыя, ні цэнтральная гарадская паліклініка не пагаджаюцца на супрацоўніцтва, пакуль няма дазволу на акцыю ад органа ўлады. А ўладныя структуры патрабуюць такіх дамоваў. Атрымліваецца зачараванае кола, у якім мы круцімся ўжо тры з паловай гады. За гэты час віцебскім апазіцыянерам не ўдалося атрымаць ніводнага дазволу на правядзенне масавых акцый".  

Каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў ужо некалькі разоў спрабавалі адстаяць сваё права на публічнае выказванне сваіх меркаванняў праз суд. Яны неаднаразова звярталі ўвагу суддзяў і на тое, што рашэнне гарвыканкаму №881 супярэчыць заканадаўству, якое рэгламентуе арганізацыю вулічных акцый. Віцебскія чыноўнікі, абвяшчаючы забароны на мітынгі і пікеты, абапіраюцца перадусім на рашэнне мясцовых уладаў, а не на закон, патрабуючы папярэдняга заключэння дамоваў з адказнымі структурамі. Але суды не бачаць тут ніякіх супярэчнасцяў або парушэнняў правоў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international